Гомельская раёнка «Маяк» апошнім часам змагаецца за лаўры з Рыгорам Азаронкам. За ліст у гэтую газету 68-гадовага пенсіянера асудзілі за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Пасля калонкі галоўнай рэдактаркі «Маяка» Ірыны Канавалавай з Беларусі дэпартуюць украінку, якая 8 гадоў пражыла на Гомельшчыне. 

Як і чаму так дэградавала калісьці шараговая раённая газета? Хто такая Ірына Канавалава? 

Расказваем.

Журналістку замянілі экс-работніцай БРСМ

Да 2019 года «Маяк» узначальвала Лілія Вялічка. Яна ўсё жыццё правяла ў журналістыцы: мясцовае тэлебачанне, пасля газета «Гомельская праўда», а з 2008 года Вялічку паставілі кіраваць «Маяком». 

Лілія Вялічка

«У цэлым, пры ёй працавалася нармальна. Звычайная праца ў раённай газеце. Вялікія палітычныя падзеі таксама асвятлялі, але Вялічка намагалася неяк гэта ачалавечваць: мы не маглі сысці зусім ад гэтых тэмаў, таму рабілі іх так, каб гэта не была відавочная прапаганда, — згадвае былы работнік «Маяка». — І ў калектыве працавалі людзі, якіх задавальняла не ўсё, што адбывалася ў краіне. Большасць ябацькамі дакладна не былі».

На чале выдання Лілія Вялічка правяла больш за 10 гадоў, але ў 2019 годзе сышла сама — у карпаратыўнае выданне «Беларуснафты».

«Пасля сыходу Вялічкі «Маяком» нейкі час кіравала выконваючая абавязкі галоўрэда, жанчына з калектыву газеты. Але яна не была ябацькай, таму не задавальняла райвыканкам, а канкрэтней — Алексіну», — расказваюць «Нашай Ніве».

Алена Алексіна — гэта мясцовая чыноўніца. Сёння яна галоўны ідэолаг Гомельшчыны, а ў 2019 годзе Алексіна займала пасаду старшыні Гомельскага райвыканкама.

Алена Алексіна

Як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», менавіта Алексіна сама адшукала новага кіраўніка для раёнкі. У сакавіку 2019 года галоўнай рэдактаркай зрабілі Ірыну Канавалаву. Журналісцкага вопыту Канавалава не мела, але мела больш патрэбныя ў сённяшняй Беларусі якасці: лаяльнасць і працу ў БРСМ і аддзеле ідэалогіі за плячыма. 

Жонка міліцыянта, рэжысёрка, ідэолаг

Канавалава нарадзілася ў Добрушы. Скончыла Гомельскі ўніверсітэт імя Францішка Скарыны ў 2006 годзе, вучылася на філфаку. 

Пяць гадоў пасля ўніверсітэта Канавалава адпрацавала звычайным педагогам-арганізатарам СШ №24 Гомеля. Пасля была рэжысёрам Добрушскага раённага ДК, адтуль у 2014 сышла ў БРСМ. 

Паралельна пачала вучобу ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, пазней паступіла ў аспірантуру Інстытута сацыялогіі НАН. У 2015 годзе Ірыну Канавалаву прызначылі намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Навабеліцкага раёна Гомеля.

Ірына Канавалава замужам.

Вядома, што яе муж служыць у мясцовай міліцыі. 

«Канавалава выключна кадр Алексінай, якая яе прызначыла, а рэдакцыю проста паставілі перад фактам. Калектыў нічога не ведаў пра гэтую Канавалаву, адпаведна, чаканняў не было ніякіх. 

Але калі новая рэдактарка прыйшла — пачаўся кашмар, — згадвае былы работнік «Маяка». — Ірына з такіх людзей, якім ты што ні зробіш, усё будзе кепска. Выбар нейтральнага фотаздымка для газеты пачаў займаць дзень — бо мусілі быць добрыя і пазітыўныя навіны.

Раней стандартна было два цяжкія дні, калі газету рыхтавалі да выпуску. А з Канавалавай цяжкім днём стаў кожны».

Пра палітыку пісала сама

Суразмоўца «Нашай Нівы» адзначае, што Канавалава не спалохалася новай працы. Наадварот, кінулася ў журналісцкае жыццё раёнкі з галавою.

«Мы чакалі, што яна будзе проста сядзець і займаць крэсла. Але не. Ірына жыла выключна працай. Для яе было нормай званіць у 12 ночы, напрыклад.

Яна не баялася складанасцяў, сама пісала на тэмы, ад якіх усе адмаўляліся, маецца на ўвазе «палітыка». 

На думкі чытачоў Канавалавай было пляваць. Мы праводзілі апытанкі, згодна з якімі чытачам не хапала парадаў па гаспадарцы, рэцэптаў. Але з цягам часу такіх матэрыялаў станавілася ўсё менш, а пасля газета канчаткова ператварылася ў рупар прапаганды, — расказвае экс-работнік «Маяка». — 

Але часам пісалі і пра рэальныя праблемы. Рэдакцыі трэба было здаваць справаздачы ў выканкам, дзе ўказана колькі артыкулаў пра моладзь, колькі пра культуры і гэтак далей. Там адзін з пунктаў — колькасць крытычных матэрыялаў. Мы не вельмі хацелі гэта рабіць, бо не хацелася сварыцца з мясцовымі ўладамі. Але ўсё ж праз гэта з’яўляліся публікацыі пра кепскія дарогі, пра тое, што вады недзе няма. 

Таксама Канавалава адразу захацела пагоршыць умовы калектыўнай дамовы, каб самой раздаваць работнікам прэміі (раней гэты момант быў проста прапісаны па змоўчанні). І калі газету ўзначальвала Вялічка, яна давала працаваць, больш матэрыялаў — большая прэмія.

А Канавалава пачала змяншаць гэтыя перапрацоўкі, некаторым проста «зарубала» матэрыялы і замест журналістаў пісала іх сама. У некаторых заробак стаў проста голым акладам, а гэта ўсяго толькі 300—400 рублёў.

Ірына Канавалава

З людзьмі яна паводзіць сябе своеасабліва. Размаўляе з усімі на «ты». 

Алексіна была задаволеная новай рэдактаркай, рэгулярна выклікала яе да сябе. Але бывала і такое, што пасля такіх сустрэч Канавалава прыходзіла ў слязах. Чаму — не ведаю». 

Фэйкавыя цытаты, калонія для пенсіянера і «Сала Украіне»

Таксама Ірына Канавалава рэгулярна публікавала ў газеце свае калонкі. Спачатку яна разважала пра бруд у лесе, выхаванне дзяцей ці жывёлаў у цырку. Але з 2020 года Канавалава пачала пісаць калонкі ўжо пра геапалітыку і Байдэна.

З часам на старонках «Маяка» пачалі з’яўляцца прапагандысцкія штампы — «Польша — гіена Еўропы», «прыхільнікі дэструктыўных пераменаў», «бчб горшы за каронавірус» і ўсякае такое.

Спачатку іх ніхто не заўважаў — у матэрыялаў раёнкі мізэрныя прагляды, дзе пару соцень, а дзе і ўсяго два дзясяткі. Але, як той казаў, далей — весялей.

У першы скандал канавалаўскі «Маяк» трапіў у 2021 годзе. Тады раёнка апублікавала зняважлівыя каментары беларускіх спартоўцаў у адрас бягухі Крысціны Ціманоўскай. Вось толькі высветлілася, што ніякіх каментараў «Маяку» ніхто не даваў.

Рэдакцыя проста выдаліла матэрыял і пачысціла сацсеткі. Але наступствы былі — праўда, звольнілі не Канавалаву, а журналіста Алега Дубаўца.

«Журналіст напісаў тое, што яму сказалі. Прычым, што дзіўна, не пад псеўданімам, а пад сваім прозвішчам. І калі гісторыя ўсплыла, Дубаўца і Канавалаву выклікалі ў райвыканкам на разборкі. У выніку, журналіста звольнілі, хаця яму заставалася пару месяцаў да пенсіі. Канавалава засталася пры сваёй пасадзе», — расказалі «Нашай Ніве».

У чэрвені 2022 года прайшоў суд над 68-гадовым вяскоўцам Мікалаем Віцікавым. Мужчына ў студзені прынёс у газету Ірыны Канавалавай аркуш са сваімі разважаннямі і бачаннем Канстытуцыі.

Рэдактарка заявіла на пенсіянера ў міліцыю.

Мікалай Віцікаў

Віцікава затрымалі, змясцілі ў СІЗА, абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі, пасля прысудзілі 8 месяцаў калоніі.

А пасля пачатку вайны ва Украіне Канавалава разрадзілася чарговай калонкай. Рэдактарка накінулася на даярку — украінку, якая 8 гадоў пражыла на Гомельшчыне. Канавалава абвінаваціла жанчыну ў расізме і нацызме.

Вось цытата з канавалаўскага опуса:

«Паддаўшыся масіраванай эмацыйнай накачцы, жанчына без кроплі сарамлівасці стала паводзіць сябе па-хамску, заклікаючы «страляць рускіх, а разам з імі і беларусаў». Усё гэта чаргавалася звыклымі выкрыкамі «сала Украіне». На змену падобным «высокамаральным» рэплікам прыйшлі і спевы з такой жа рыторыкай. Іх змест пра «дрэннага прэзідэнта Пуціна», вядома, у перакладзе на нецэнзурную лексіку ўжо магла чуць уся акруга».

Адметна, што за пару месяцаў да таго, той жа канавалаўскі «Маяк» адзначаў даярку як выдатніцу працы. На старонках газеты публікавалі нават яе фота:

Скончылася ўсё міліцыяй. Ва ўкраінкі праверылі тэлефон, але нічога не знайшлі. У выніку, ёй паведамілі, што дэпартуюць з Беларусі праз парушэнні па лініі ДАІ. Жанчына збіралася абскардзіць рашэнне — яна з Чарнігаўскай вобласці, яе дом там разбурылі падчас цяперашніх абстрэлаў, ёй банальна няма куды ехаць.

Але ці ёсць да таго справа Канавалавай? 

«Наша Ніва» звярнулася па каментар непасрэдна да рэдактаркі раёнкі, але тая адказваць не захацела.

«Прыязджайце ў рэдакцыю, тады пагаворым. Усяго добрага», — паведаміла яна і паклала слухаўку.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
які поп такі і прыход / Адказаць
11.07.2022
твар лукашыцкай к****. хоць чаму тут дзівіцца - звычайнае нікчэмнае л**** заўсёды ўсплывае наверх у такіх сістэмах.
0
Satan / Адказаць
11.07.2022
Эх, а сколько людей не афишировало, что они сели по политическим причинам. Кто тихо молчал/молчит и на химии торчит за фразу иль камент в этих интернетах, кого сдали соседи, знакомые, друзья... По моим прикидкам еще плюс 50% от тех, кто известен праваабаронцам. И тут должна к слову быть байка, почему и как я уехал. Да, потому что стремно стало в Минске в баре пиво пить! Я "базар" особо никогда не фильтровал и нигде. As is и как думаю говорил всегда. Но когда стало понятно, что или ты дома сидишь и молчишь... или на окрестино торчишь (в лучшем случае), то резко стало понятно, что пора валить. С концами. А, да... как мы уезжали. Жена полностью почистила телефон и ноут. А я... я прост нажрался. Стоим на границе. Беларуские таможенники чуть опьянели от моего перегара, посмотрели на меня, на бутылку коньяка в ногах и даже багажник не открыли. А потому что все оппозиционнеры культурные, а по мне сразу видно, что быдло. xD Но! Я все-таки не советую так вам делать. Есть риск, что отберут телефон и потом сидеть лет 20 за... да, за каменты в интернете!
4
баршчаварка / Адказаць
11.07.2022
мае каменты ваша ННяшка не прапускае.
мне позволено высказываться теперь только на тему борща и клубнички (
Паказаць усе каментары/ 7 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру