«Падзьмуў вецер — ледзь не знесла $100 тысяч»

Гэты малінавы гушчар утварыўся ў невымоўна прыгожым месцы. Белыя тунэлі разразаюць зеляніну, практычна з лесу растуць ветракі, самы моцны гук у гэтай пастаралі стварае спецыяльна навучаны іспанскі чмель, калі нясецца са сваёй папяровай хаткі працаваць.

Потым высветліцца: самае прыгожае месца — яно ж, мабыць, самае няўдалае для малін ва ўсёй краіне, але ніхто ў гэтым не вінаваты.

Аднак яшчэ пяць гадоў таму ніхто пра гэта не падазраваў.

— Прыйшлі знаёмыя з цікавай прапановай: вось, можна пасадзіць маліны і парэчкі. Далі эканамічныя разлікі, што пачым, колькі чаго трэба. Я і паверыў ва ўсё гэта, вельмі загарэўся. Гэта ж практычна вытворчасць, калі сам ствараеш нешта з нуля: вось саджанец, з яго выгадаваў куст, сабраў ягады, спакаваў.

Для пачатку пасадзілі 5 гектараў малін і столькі ж парэчак. Потым ужо пачалі аналізаваць: парэчак, насамрэч, на 1,5 гектара менш, разлікі падманулі.

Але галоўныя адкрыцці былі наперадзе.

— Маліны чакалі практычна два з паловай гады. Думалі, праз год ужо будзе ўраджай, а не.

Спачатку патрапілі на стары гатунак: збіраеш раніцай, а калі не паспеў да вечара прадаць, то на наступны дзень можаш проста выкінуць, таму што яны хутка пачынаюць цвісці і ператвараецца ў кашу. На замарозку яны б яшчэ падышлі, але я зразумеў: каб у ягад быў таварны выгляд, трэба мець закрытую сістэму вырошчвання, інакш ніяк.

Так ад вулічных малін перайшлі да гатунку Пшэхіба з кустамі ў чалавечы рост. Над ім пастараліся польскія селекцыянеры, беларусы падхапілі. Першыя ягады ў гэтым сезоне выдалі на пачатку чэрвеня — Іван кажа, гэта раней, чым у Драгічынскім раёне, які запраўляе на малінавым рынку. Потым пойдзе рамантантная маліна, летась апошнюю партыю адправілі ў крамы пры канцы лістапада.

— Драгічын — гэта асобная ягадная рэспубліка, — жартуе Іван. — У іх адны з першых клубніцы, першыя маліны. Ад іх адштурхваецца рынак. Дзякуючы тунэлям, мы крыху апярэджваем іх па тэрмінах, але ўсё роўна яны адразу за намі.

Калі з малінай вы сутыкаліся толькі ў бабулі, на дачы, выпадкова на рынку, то гэтымі ягадамі будзеце ўражаныя: іх як быццам спецыяльна вырасцілі для фота ў Інстаграме і ласуноў. Прэзентабельны выгляд ягад, якія не мнуцца і не размакаюць, забяспечвае гатунак. Яшчэ ёсць план пасадзіць Сапфір, які таксама падыходзіць для продажу ў сетках.

Каб вырошчваць такія маліны для дарагога сеткавага рынку, патрэбная была зачыненая сістэма, гэта значыць, тыя самыя тунэлі пад плёнкай. Кошт пытання — $106 тысяч, таму пачалі шукаць крэдыт.

— Абышлі дзесьці дзесяць банкаў, усё казалі: «Так, вельмі добры праект, перспектыўны». Але потым нічога не давалі. У выніку толькі «Цэптэр Банк» пагадзіўся выдзеліць грошы.

Узялі першыя дзесяць тунэляў, усё пасадзілі, але аказалася, што не ўлічылі ветравыя нагрузкі, ружу вятроў, канструкцыі не былі разлічаныя на такія парывы. Тут жа ветракі стаяць, якраз самае прыдатнае месца для іх ва ўсёй краіне.

Здаецца мы прывыклі да таго, што суровай зімы не было гадоў пяць, але, як толькі мы паставілі тунэлі, прыйшла суровая зіма, і мы проста ваявалі са снегам і ветрам. З дахаў тунэляў трэба было прыбраць снег, чалавек 15 дайшлі ўсё ратаваць. Але не паспелі, у выніку тры тунэлі проста склаліся, як картачныя домікі. Частку аднавілі, але плёнцы і саджанцам капут.

Пасля гэтага пачалі думаць, як узмацніць тунэлі, зрабілі падпоркі.

— Па ідэі, павінна трымацца, але вецер падзьмуў, і ўсё ўпала.

Мы думалі, хоць зімой будзе спакойна, але дзе там! Атрымліваецца, падзьмуў вецер — ледзь не знесла $100 тысяч.

А гэта такі гатунак, што ён заўсёды павінен быць накрыты. Я быў у гэтым тунэлі, ён хадзіў, як жывы. Напакутаваліся канкрэтна. А калі ўзмацняць канструкцыі, то адзін тунэль будзе каштаваць ужо не $10 тыс., а $25 тыс.

«Калі палічыць выдаткі, гэта залатыя маліны»

За ўвесь час у фермерскую гаспадарку ўклалі больш за мільён рублёў. Адкуль такія лічбы?

— Калі рабілі ацэнку для банка, у статутным фондзе было 700 тысяч або 800 тысяч рублёў. Спецыялісты ў банку здзівіліся. А мы проста ўнеслі ўсе насаджэнні, запрасілі ацэншчыка, палічылі — і вось такія лічбы атрымаліся.

Цяпер маліны з'язджаюць практычна ў дзясятак беларускіх сетак, але на Камароўцы ці іншым рынку вы іх не сустрэнеце: так прадаваць практычна няма сэнсу, кажа Іван.

Беларускія маліны гатовы браць у Расіі (галоўнае пытанне ў аб'ёмах — як адправіць невялікую партыю і не збанкрутаваць на арэндзе рэфрыжэратара), нехта ідзе з замарожанымі ягадамі ў Польшчу і на Балканы.

У беларускіх сетках 250 грамаў элітнай маліны «Ян і Яніна» цяпер каштуюць каля 15 рублёў. У пераліку на кілаграм гэта 60 рублёў. Ягады з іншых гаспадарак ацэньваюцца ў такім жа дыяпазоне. На Камароўцы за шклянку просяць 5 рублёў, кілаграмамі пакуль не прадаюць.

— Калі ўзяць кошт тунэляў і раскінуць на ўраджай, то маліны залатыя, у нас іх сабекошт атрымліваецца ў раёне 40 рублёў. Вазьмі трактар, аўтамабіль (а гэта ўсё лізінг), угнаенні, пакаванне, заплаці сезонным рабочым за збор — вось і выскоквае такая лічба.

Народу заўсёды трэба нешта цікавае пакаштаваць. Хацелі ўзяць ПЭТ у форме сэрца, але сабекошт тады зашкальвае. Просты ПЭТ каштаваў 11 капеек, цяпер 18, кардонныя скрынкі таксама на 50% даражэйшыя: былі 1 рубель, сталі 1,6 без ПДВ — і нікуды не падзенешся.

Кожны месяц ёсць спіс пакупак у будаўнічай краме — на расходны матэрыял, вінцікі, шрубкі, лапаткі. Глядзіш на гэта, і проста змірыўся: а што рабіць?

На працягу ўсяго малінавага сезону кошт будзе мяняцца, у ліпені—жніўні, калі ягад будзе шмат, ён знізіцца.

А пасля сярэдзіны верасня, калі малін стане менш, кошты пойдуць угару.

— Калі праз тры гады выплацім крэдыт на тунэлі, сабекошт можа знізіцца з 40 да 12 рублёў, але ўсё роўна патрэбныя будуць расходнікі. Хочаш замяніць плёнку? €1600 на адзін тунэль, а трэба памяняць дзесяць.

Звычайныя вулічныя маліны вырасціць было б танней, згаджаецца Іван, але бізнэс будаваць праблематычна, калі ягады губляюць таварны від за дзень.

Той жа гатунак Пшэхіба спакойна захоўваецца ў халадзільніку тыдзень.

— Вулічныя маліны раз ці два разы апрацаваў, і ўсё. А тут то кальцый, то вітаміны… Але сеткавая маліна захоўваецца дзён сем, а то і дзесяць, а з Марока — практычна месяц.

— Без апрацоўкі не атрымалася б?

— Калі б гэта было нешта шкоднае, нічога б нам не дазволілі прадаваць, мы ж абавязкова возім ягады на праверку, а могуць і да нас на поле прыехаць.

«Калі хоць адна ягада ў пакунку непрыгожая, яе не купяць»

Сабраную маліну адразу ж адпраўляюць у халадзільнік і тут жа на месцы фасуюць для сетак уручную.

— Сеткі любяць пунсовую ягаду. Але хоць мы і пастаўляем у сеткі, усё роўна працуем з кліентамі, яны глядзяць і ацэньваюць ягады. Кантэйнеры празрыстыя, і калі хоць адна ягада ў пакунку непрыгожая, то яе не купяць.

Цяпер «Ян і Яніна» размясціліся на 33 гектарах. Акрамя малін, у сеткі ідуць чорныя парэчкі, пакрысе рыхтуюцца разнастаіць асартымент чырвоныя і белыя парэчкі, агрэст.

На парэчкавай плантацыі сезон толькі пачынаецца.

Маліны — самыя капрызныя ягады, кажа Іван. Парэчкі растуць без тунэляў, а гэта ўжо робіць іх таннейшымі. Арыенціровачны сабекошт складае 7—8 рублёў, але і эканоміка іншая, іх па 60 рублёў не прадасі. Летась у сетках парэчкі ішлі па 16 рублёў, акрамя крамаў, на іх заглядаюцца заводы.

— Калі паспее, у гатунку Дабрыня будуць ягады буйныя, падобныя на чарэшні, — абяцае Іван.

Малы агрэст расце паміж шэрагамі малін — пакуль без дакладных эканамічных абавязацельстваў.

Калі атрымаецца ўзяць яшчэ 50 гектараў, на іх паселяцца ў асноўным парэчкі для замарозкі. Сыходзіць у клубніцы і дурніцы Іван не плануе.

— Ад дурніц мы адразу адмовіліся, бо хутка ўжо ў кожнага ў агародзе будзе сядзець па кусце.

Клубніцы — самыя масавыя ягады, ім і так займаюцца ўсе. Да таго ж яны страшныя па цэнавай палітыцы: сёння каштуе 10 рублёў, заўтра 8, потым 4 — і зноў 9. А ў Драгічыне ў звычайных фермераў і па рублі забіраюць. Так што тут іх проста тэсціруем для сябе. Вельмі цяжка будаваць нейкую мадэль бізнэсу, калі кошт так мяняецца.

Клас
28
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
4