Трэніроўка са шведскай сістэмай Carl Gustaf M4 каля Харкава. 7 красавіка 2022 года. Фота: Associated Press

Трэніроўка са шведскай сістэмай Carl Gustaf M4 каля Харкава. 7 красавіка 2022 года. Фота: Associated Press

Прэзідэнт ЗША Байдэн і генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг на мінулым тыдні паабяцалі падтрымліваць ўкраінскія ўзброеныя сілы столькі, колькі спатрэбіцца для перамогі Кіева. Як доўга гэта будзе працягвацца, шмат у чым залежыць ад таго, як будуць развівацца баявыя дзеянні, і абодва бакі спрабуюць адаптавацца.

Спецыялісты па планаванні абароны вывучаюць зброю, тактыку, лагістыку і іншыя фактары ў пошуках інфармацыі, якая можа даць ім перавагу на цяперашнім полі бою і ў будучых канфліктах.

«Мы ўважліва сочым за вайной ва Украіне, і мы ўжо вучымся і адаптуемся», — сказаў у нядаўнім выступе генерал Патрык Сандэрс, новы начальнік Генеральнага штаба Вялікабрытаніі, — Мы пераасэнсуем тое, як мы ваюем».

Гэты канфлікт прыцягвае пільную ўвагу і стаў чымсьці накшталт лабараторыі для прафесійных салдат — не толькі таму, што ён аказаўся настолькі крывавым для вайскоўцаў і мірных жыхароў, ці таму, што гэта першая вялікая вайна, якая разыгрываецца ў рэжыме амаль рэальнага часу ў сацыяльных сетках.

Вайна ва Украіне — гэта першая вайна за апошнія дзесяцігоддзі, у якой удзельнічаюць буйныя, досыць сучасныя і прыкладна роўныя сілы. У іншых войнах апошніх дзесяцігоддзяў альбо ставілі перадавыя сілы ваявалі супраць нашмат слабейшых праціўнікаў, як у двух войнах у Персідскім заліве і Афганістане, альбо былі менш маштабнымі.

Некаторыя ўрокі не такія ўжо і новыя, напрыклад, каштоўнасць моцнага кіравання і надзейных ліній забеспячэння. Але што адкрылася толькі зараз — сучаснае поле бою не мае хованак і межаў. Беспілотнікі, электроннае назіранне і назіранне з космасу робяць маскіроўку значна больш складанай, чым яшчэ некалькі гадоў таму.

Генерал Сандэрс сказаў, што ўварванне Расіі паказвае, што «калі вы хочаце прадухіліць канфлікт, вам лепш быць гатовым да барацьбы». На думку ваенных аналітыкаў, гэта таксама сігнал трывогі для жыхароў Захаду, якія прывыклі ўспрымаць вайну як нешта далёкае і высокатэхналагічнае, што выконваецца з хірургічнай дакладнасцю.

Замест гэтага, баявыя дзеянні ва Украіне былі разбуральнай вайной на знясіленне, якая вялася з ужываннем цяжкай артылерыі, ажыўляючы ўспаміны двух сусветных войнаў.

Фота ўкраінскага вайскоўца, які загінуў у сутарэннях Азоўсталі ў Марыупалі на фоне руінаў Азоўсталі. Фота: Associated Press

Фота ўкраінскага вайскоўца, які загінуў у сутарэннях Азоўсталі ў Марыупалі на фоне руінаў Азоўсталі. Фота: Associated Press

«Магчыма, сучасная вайна не такая ўжо сучасная, як людзі думалі», — сказаў Білі Фабіян, былы аналітык Міністэрства абароны ЗША і афіцэр пяхоты, а цяпер старшы менеджар ў кампаніі Govini, якая выкарыстоўвае высокія тэхналогіі для прыняцця рашэнняў, а паслугамі кампаніі карыстаецца Пентагон.

«Масавая наступальная вайна цяжкая і жудасная, з вялізнымі стратамі», — сказаў ён.

На штогадовым саміце НАТА на мінулым тыдні афіцыйныя асобы падкрэслівалі каштоўнасць трансатлантычнага супрацоўніцтва ў вядзенні вайны. Прадстаўнікі Альянсу кажуць, што гэта стала відавочным у 2011 годзе, калі НАТА ўмяшалася ў грамадзянскую вайну ў Лівіі, і еўрапейскія сілы былі вымушаныя спадзявацца на амерыканскія боепрыпасы праз малыя запасы.

У цяперашнім канфлікце супрацоўніцтва вар'іруецца ад паставак зброі да санкцый супраць Расіі. Адзінства не перамагло рускіх, але яно шматкроць узмацніла ўплыў заходняй дапамогі на ход вайны, кажуць афіцыйныя асобы.

Саміт НАТА з удзелам прадстаўнікоў Украіны 15 чэрвеня 2022 года. Фота: Associated Press

Саміт НАТА з удзелам прадстаўнікоў Украіны 15 чэрвеня 2022 года. Фота: Associated Press

Бесперапынныя бамбардзіроўкі з абодвух бакоў паказалі важнасць запасаў зброі і боепрыпасаў. Велізарныя запасы Расіі ў апошні час давалі ёй перавагу на поле бою, але некаторыя аналітыкі разведкі з адкрытых крыніц мяркуюць, што зараз у Масквы могуць скончыцца некаторыя боепрыпасы.

Заходнія саюзнікі Украіны, тым часам, вымушаныя пераглядаць ваенна-прамысловыя планы пасля пастаўкі Кіеву вялікай колькасці зброі і боепрыпасаў, якія, як меркавалася, калі-небудзь будуць выкарыстоўвацца іхнімі ўласнымі сіламі.

«Урок Украіны ў тым, што нам трэба больш інфармацыі і празрыстасці ў дачыненні да запасаў, — сказаў высокапастаўлены чыноўнік NATO, — Тое, што можна выстраліць за некалькі дзён ці гадзін, патрабуе тыдняў для аднаўлення запасаў і гадоў для стварэння новых».

Абодва бакі выкарыстоўваюць беспілотнікі для выяўлення і атакі цэляў, а ўкраінцы выкарыстоўваюць лёгкую мабільную зброю, якая пастаўляецца саюзнікамі, каб паражаць больш буйныя і лепш узброеныя расейскія цэлі. Але асноўная шкода, якая наносіцца абодвум войскам, а таксама грамадзянскаму насельніцтву і інфраструктуры Украіны, наносіцца ракетамі, рэактыўнымі снарадамі і бомбамі, якія выкарыстоўваюцца ўжо шмат гадоў.

«Тое, што мы бачым — гэта звычайная механізаваная вайна з сучаснымі характарыстыкамі», — кажа Фабіян.

Украінскі танк да Данеччыне. Фота: Associated Press

Украінскі танк да Данеччыне. Фота: Associated Press

У першыя тыдні вайны ўкраінцы абаранялі Кіеў і іншыя гарады ад расійскіх танкаў і бронетэхнікі, спрытна выкарыстоўваючы пераносныя ракетныя ўстаноўкі, прадстаўленыя заходнімі саюзнікамі.

Хоць некаторыя назіральнікі казалі, што гэтая вайна прадракае смерць танкаў як віду, іншыя казалі, што насамрэч ён паказаў важнасць добра скаардынаваных манеўраў з удзелам розных войскаў і ўзбраенняў, што называецца агульнавайсковай тактыкай.

«Мы будзем падвойваць колькасць манеўраў з камбінаванай зброяй, асабліва ў глыбокім баі, — сказаў брытанскі генерал Сандэрс, — Поспех будзе вызначацца камбінаваннем зброі і шматпрофільнай кампетэнтнасцю. І масавасцю».

Ён сказаў, што, хоць лічбавая трансфармацыя ваенных дзеянняў жыццёва неабходная, «кажучы наўпрост, вы не можаце кібернетызаваць свой шлях праз раку. Ніводная платформа або тактыка не вырашаць гэтую праблему».

Тактыкі кажуць, што новыя падыходы могуць ўключаць больш шырокае выкарыстанне невялікіх, недарагіх сістэм, такіх як Bayraktar TB2, амерыканскія беспілотнікі Switchblade і брытанскія мабільныя ракеты NLAW.

Паколькі электроннае назіранне стала паўсюдным, спецыялісты па планаванні шукаюць спосабы працаваць без выпраменьвання радыёсігналаў. Некаторыя разведвальныя беспілотнікі адпраўляюцца на місіі і вяртаюцца на базу з запраграмаванымі ў іх разведвальнымі звесткамі, а не перадаюць іх.

Іншыя адпраўляюцца на загадзя запланаваныя атакі. Нізкатэхналагічныя рашэнні больш ранніх эпох, напрыклад, выкарыстанне сувязных падчас гарадскіх войнаў, выглядаюць зноўку актуальнымі.

Імавернасць выяўлення азначае, што такія сістэмы, як HIMARS, якую ЗША пастаўляюць Украіне, набываюць усё большую каштоўнасць. Яны могуць наносіць ўдары і перамяшчацца да выяўлення, або, кажучы вайсковай мовай, shoot-and-scoot («стрэліў і з'ехаў»).

Выкарыстанне сістэмаў HIMARS падчас амерыканска-афрыканскіх вучэнняў African Lion у Марока, 2022 год. Фота: Associated Press

Выкарыстанне сістэмаў HIMARS падчас амерыканска-афрыканскіх вучэнняў African Lion у Марока, 2022 год. Фота: Associated Press

Наступным крокам стане больш эфектыўная інтэграцыя гэтых новых падыходаў, прычым зрабіць гэта трэба будзе ў межах традыцыйных падраздзяленняў ваенных службаў, паколькі старыя адрозненні паміж сухапутнай, марской і паветранай вайной знікаюць. У артыкуле, апублікаваным у 2018 годзе ў выданні Нацыянальнага універсітэта абароны ЗША Joint Forces Quarterly, два старэйшых афіцэра прапанавалі інтэграваны падыход, які атрымаў назву шматдаменнага бою.

Генерал арміі Дэвід Перкінс і генерал ВПС Джэймс Холмс, абодва ўжо ў адстаўцы, прапанавалі свой падыход, каб пераадолець рознагалоссі паміж арміяй, флотам і іншымі службамі і «стварыць сілы будучага як канвергентныя (блізкія адно да адной па функцыях і пабудове — заўвага перакладчыка) і інтэграваныя рашэнні».

Іншыя ўрокі заснаваныя на шматгадовым досведзе. Расійскія войскі пераўзыходзілі ўкраінцаў у колькасці і ўзбраенні, але ўкраінцы люта змагаліся, абараняючы сваю радзіму, і таму пратрымаліся значна даўжэй і больш паспяхова, чым многія заходнія ваенныя чыноўнікі прадказвалі ў лютым.

«Воля да барацьбы з'яўляецца вырашальнай», — сказаў Столтэнберг, генсек НАТА. Ён адзначыў не толькі «прыхільнасць украінскіх войскаў, але і ўкраінскага народа абароне сваёй краіны».

Восем гадоў навучання з боку НАТА і яе членаў і новыя камандныя структуры, якія надзялілі паўнамоцтвамі ваеннаслужачых ніжэйшага звяна, таксама зрабілі вялікі ўнёсак, кажуць ўкраінскія салдаты і прадстаўнікі абароннага ведамства.

З іншага боку, фраза часоў Халоднай вайны, выкарыстаная ў дачыненні да велізарнай колькасці простай зброі Савецкага Саюза, да гэтага часу застаецца актуальнай: колькасць — гэта ўжо якасць.

Расейскія пастаўкі артылерыйскіх гармат і снарадаў дазволілі Маскве ў апошнія тыдні замацавацца на ўсходзе Украіны, нават нягледзячы на тое, што войскі дэманструюць прыкметы нізкага маральнага духу і дысцыпліны.

«Нават некампетэнтнае войска можа разбурыць вашу краіну, — сказаў Джэймі Шы, высокапастаўлены чыноўнік NATO ў адстаўцы, — Армія можа быць не вельмі матываваная, але артылерыя — дакладна».

Рускія страляюць па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў. Фота: Associated Press

Рускія страляюць па пазіцыях украінскіх вайскоўцаў. Фота: Associated Press

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
1