Пра гэта піша «Медуза» са спасылкай на японскія СМІ. Згодна з гэтымі публікацыямі, Ямагамі заявіў следчым, што ў яго сям'і пачаліся цяжкасці з-за ўступлення ў гэтую арганізацыю і ахвяраванні ёй грошай. У артыкулах згадваюцца банкруцтва яго маці і «распад» яго сям'і.
Ямагамі сцвярджае, што здзейсніў злачынства, паколькі лічыў Сіндза Абэ датычным да гэтай арганізацыі, а не з-за прэтэнзій да яго палітычнай дзейнасці. Ён таксама нібыта хацеў забіць іншую высокапастаўленую асобу з гэтай арганізацыі, але адмовіўся ад гэтага з-за складанасці.
Японскія журналісты не ўдакладняюць, ці ёсць даныя аб датычнасці нябожчыка да якой-небудзь рэлігійнай арганізацыі.
Назва гэтай арганізацыі не ўзгадваецца.
The Mainichi піша, што Ямагамі падчас допыту нібыта зрабіў некалькі «бессэнсоўных» заяў, і следства мае намер ацаніць яго псіхічны стан.
Былы прэм'ер-міністр Японіі Сіндза Абэ быў смяротна паранены раніцай 8 ліпеня ў горадзе Нара, дзе выступаў на перадвыбарным мітынгу. Ён памёр у бальніцы, не прыходзячы ў прытомнасць. Яму было 67 гадоў.
Падазраваны — 41-гадовы мясцовы жыхар Тэцуя Ямагамі — быў затрыманы на месцы злачынства. Пра яго вядома, што ў 2000-я гады ён служыў у Марскіх сілах самаабароны Японіі.





