Васіль «Атам» Грудовік: былы офісны работнік стаў вулічным музыкам, а пасля кулямётчыкам

Ураджэнец Пінска, Васіль Грудовік выходзіў на пратэсты ў жніўні 2020 года. Тады ў Пінску адбылося адно з самых гарачых супрацьстаянняў з сілавікамі. 

«Па адукацыі я антыкрызісны кіраўнік, але працаваў намеснікам дырэктара ў беларуска-польскай транспартнай кампаніі ў Пінску. Раней быў апалітычны, але 2020-ы ўсё змяніў. У перыяд перадвыбарнай агітацыі я актыўна ўключыўся ў працэс: дапамагаў арганізоўваць мітынгі ў падтрымку Ціханоўскай, распаўсюджваў улёткі, — расказваў Васіль. — Потым праз грамадзянскую пазіцыю мяне звольнілі з працы.

26 ліпеня я прыйшоў у офіс у майцы з надпісам «Краіна для жыцця» і стаў агітаваць за Ціханоўскую. Дырэктар папрасіў спыніцца, каб не ўзнікла праблем. А потым наогул папрасіў звольніцца. Я паклаў заяву на стол 29 ліпеня, хоць будаваў дом і ў мяне былі крэдыты. Але я не хачу працаваць у краіне, дзе тваю працу не цэняць, плацяць капейкі і пастаянна спрабуюць зрабіць вінаватым».

У ноч пасля выбараў у Пінску людзі абурыліся фальсіфікацыямі: выйшлі да выканкама, усё перасло ў сутычкі з міліцыяй. Быў там і Васіль Грудовік. Пасля ён хаваўся ў бацькоў, затым адсядзеўся ў вёсцы і з’ехаў з Беларусі, бо меў інфармацыю, што яго шукаюць нібыта як каардынатара пратэстаў. Васіль каля месяца прабыў ва Украіне, затым перабраўся ў Варшаву. 

У Польшчы Грудовік падаўся на праграму Каліноўскага — хацеў скончыць магістратуру. Зарабляў тым, што прадаваў самаробныя свечкі, граў на вуліцах — спачатку сам, пазней з гуртом Belarusian Truestory.

Калі Расія пачала вайну з Украінай, Грудовік спачатку дапамагаў з закупкай і адпраўкай амуніцыі і гуманітаркі для каліноўцаў, а потым вырашыў паехаць ваяваць сам. Прайшоў сямідзённы курс маладога байца пры BYPOL і паехаў ва Украіну. Казаў, губляць яму няма чаго: бацькі памерлі ад каранавіруса, сястра засталася ў Беларусі, але адносіны з ёй Васіль не падтрымліваў. У Польшчы Грудовік пакінуў дзяўчыну.

«Яна плакала, угаворвала не ехаць, піша мне. Я не люблю ўсяго гэтага ныцця, таму ў мяне пазіцыя такая: хочаш дапамагчы — ідзі валанцёрыць, займіся чымсьці карысным. Але, наогул, лепш бы яна мяне не чакала. Ці мала што са мной што можа адбыцца — гэта ж вайна. Таму лепш, каб чалавек жыў сваім жыццём, — жорстка тлумачыў ён журналістам КУКУ. — Але не трэба думаць, што я бессардэчны і мне на ўсіх пляваць. Проста цяпер я больш перажываю за ўкраінцаў, якіх забіваюць, а не за сваякоў у Беларусі, у якіх і так усё добра.

Чаму вырашыў паехаць? Таму што не магу інакш. Так, я разумею, што мяне могуць забіць, але і з сабой я забяру нямала ворагаў. У мяне нічога не засталося, акрамя злосці, бо гэтыя нелюдзі забіваюць мірных людзей. Мне сябе не шкада — я сябе пахаваў яшчэ ў 2020 годзе, калі ўбачыў, што чынілі сілавікі. І зараз у мяне ёсць шанец адпомсціць.

Цяпер беларускіх сілавікоў няма ва Украіне, але калі яны вырашаць сюды сунуцца, я гатовы ў іх страляць. І не важна, сваяк ён мне ці аднакласнік — калі гэты чалавек вырашыў ваяваць на баку зла, ён мне вораг. Таму хлопцы, якія цяпер з беларускага боку, калі вам паступіць загад ісці ва Украіну — раю дэзертыраваць альбо разгортваць аўтаматы ў бок сваіх афіцэраў. Вас ва Украіне, акрамя смерці, нічога не чакае».

У палку Каліноўскага Васіль быў кулямётчыкам. Калі расійскія войскі пакінулі Бучу, ён быў адным з тых, каго адправілі на заданне ў сумна вядомы прыгарад Кіева — была небяспека, што акупанты могуць вярнуцца. У Бучы Грудовік на свае вочы пабачыў трупы на вуліцах, тое, як горад выглядаў пасля рускіх салдат. 

10 чэрвеня 2022 года Васілю споўніўся 31 год.

Васіль «Сябро» Парфянкоў: беларускі палітвязень, ветэран АТА

Парфянкоў вядомы беларускі актывіст, які эміграваў ва Украіну яшчэ ў 2014 годзе. 

Васіль нарадзіўся і вырас у Мінску. Скончыў 9 класаў школы, пасля зарабляў слесарам у аўтапарку. Быў актывістам незарэгістраванай Беларускай партыі Свабоды.
Парфянкоў пастаянна прымаў удзел у акцыях: абараняў Курапаты яшчэ ў 2002 годзе, удзельнічаў у акцыях «Маладога Фронту» і руху «Зубр», за што некалькі разоў трапляў на суткі. 

У 2010 годзе Васіль далучыўся да штаба Уладзіміра Някляева, быў на Плошчы-2010. У пачатку 2011 года Парфянкова затрымалі і асудзілі на 4 гады калоніі (але ўжо ў жніўні яго памілавалі і адпусцілі на волю).

Пазней Парфянкоў правёў у калоніі яшчэ 6 месяцаў — за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Пазней за тое ж самае яго судзілі яшчэ двойчы: спачатку накіравалі на прымусовае лячэнне ад алкагалізму цягам 12 месяцаў, затым асудзілі яшчэ на год калоніі строгага рэжыму. Сядзеў у Горках, яго пазбавілі перадач і спатканняў, большасць часу Васіль увогуле правёў у памяшканні камернага тыпу і штрафным ізалятары. Праваабаронцы прызналі Васіля палітвязнем.

Пасля вызвалення ў 2014 годзе Парфянкоў перабраўся ва Украіну. Там пайшоў у войска, з 2015 года ваяваў. У баях каля вёскі Пяскі пад Данецкам Васіль быў паранены. У тым жа 2015 годзе ён атрымаў украінскае грамадзянства.

Парфянкоў казаў, што хацеў запісацца ў батальён «Правага сектару», але «праз папяровую валакіту» ў выніку далучыўся да добраахвотнага батальёна Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, дзе быў адзіным беларусам.

У АТА Васіль пазнаёміўся з будучай жонкай. Яна ўкраінка, тактычны медык і ў 2014-2015 гадах праводзіла інструктажы для вайскоўцаў на Данбасе, нейкі час была франтавым лекарам. Цяпер яны разам гадавалі дваіх дзяцей.

У лютым 2016 года Парфянкоў разам з іншымі байцамі АУН удзельнічаў у разгроме офіса Альфа-банку і Сбербанку ў Кіеве, у маі 2017 года ўдзельнічаў у нападзе на ўдзельнікаў шэсця «Бессмяротны полк». Парфянкоў двойчы трапляў пад хатні арышт. Увосені 2017 года падчас суда над лідарам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Міколам Каханоўскім паплечнікі апошняга будавалі барыкады проста ў залі суда і біліся з паліцыяй. Быў сярод іх і Васіль Парфянкоў. Тады яго затрымалі, але ў той жа дзень адпусцілі.

Калі Расія ўварвалася ва Украіну, Парфянкоў уступіў у батальён Каліноўскага. Праз гэта беларускія сілавікі ў красавіку 2022 года прымусілі пажылую маці Васіля зняцца ў відэа, дзе яна кажа, што асуджае сына. Жанчыну здымалі на фоне літары Z. Сам Васіль казаў: не крыўдуе на маці, бо разумее, што яе прымусілі гэта зрабіць.

Васілю Парфянкову было 38 гадоў.

Вадзім «Папік» Шатроў: бацька траіх дзяцей

Ураджэнец Оршы, Шатроў жыў ва Украіне больш за 20 гадоў. Асеў у Днепрапятроўскай вобласці, гадаваў траіх дзяцей. 

«Пазыўны «Папік» ён узяў, бо вельмі любіў аднайменны серыял, — расказвае пра яго «Радыё Свабода». — Паплечнікі кажуць, што «Папік» вельмі дзівіўся вялізнай колькасці беларусаў, якія прыехалі на вайну ва Украіну. «Я бараню свой дом, а вы што тут робіце?» — часам жартам, а часам усур’ёз казаў ён сваім сябрам.

Пры гэтым Шатроў ніколі не ўлазіў ані ў палітычныя пытанні, ані ва ўнутраныя праблемы палку — быў засяроджаны выключна на выкананні баявых задач».

Вадзіму Шатрову было 44 гады.

Клас
20
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
153
Абуральна
17