Ва Уроцлаве затрымалі групу грамадзян Беларусі і Украіны, якую падазраюць у арганізацыі «фішынгу». Шэрагу фігурантаў выставілі абвінавачанні ў анлайн-махлярстве. Аднаго таксама абвінавачваюць у захоўванні парнаграфіі з удзелам непаўналетніх, а іншага — у адмыванні грошай. Агулам па справе праходзяць пяць чалавек, паведамляе польская паліцыя.

Паводле следства, абвінавачаныя «працавалі» на папулярнай гандлёвай пляцоўцы. Яны дасылалі прадаўцам спасылкі на фішынгавы сайт праз WhatsApp пад маркай праверкі паступлення аплаты за тавар. Так фігуранты атрымлівалі даныя для доступу да банкаўскіх рахункаў, адкуль сродкі затым пераводзіліся на іншыя рахункі, афармляліся крэдыты, куплялася тэхніка.

Агульная сума шкоды ацэньваецца ў 50 тысяч злотых. Падчас вобшуку ў іх канфіскавалі камп'ютарную тэхніку, 15 тысяч злотых, носьбіты інфармацыі, электроніку, набытую на выкрадзеныя сродкі.

Па рашэнні суда двое затрыманых часова арыштаваныя на 3 месяцы. У дачыненні 23-гадовага фігуранта пракурор ужыў паліцэйскі нагляд з выманнем пашпарта і забаронай на выезд з краіны.

У наступныя дні ва Уроцлаве паліцыя затрымала яшчэ аднаго чалавека, звязанага з апісаным выпадкам. 36-гадовы грамадзянін Украіны абвінавачаны ў адмыванні грошай ашуканскім шляхам. Яму пагражае пакаранне да 8 гадоў пазбаўлення волі. Мужчыну змясцілі пад нагляд паліцыі. Яму таксама забаронена пакідаць Польшчу, але з захаваннем пашпарта.

Паліцыя яшчэ раз папярэдзіла людзей пра тое, што ў выпадку ўзнікнення хоць нейкіх сумневаў у сумленнасці інтэрнэт-абвесткі ці патрабаванняў таго, хто на платформах анлайн-продажу выдае сябе за прадаўца ці пакупніка, трэба быць асцярожным і звярнуцца ў паліцыю.

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0