Матэвуш Піскорскі
«Спробы дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі, лічу, звязаныя так ці інакш з тым, што ў Беларусі атрымалася як у адзінай краіны нашага рэгіёну Еўропы стварыць сваю ўнікальную сацыяльна-эканамічную сістэму. Гэтая ўнікальная мадэль, натуральна, не падабаецца глабалістам, англасаксам і іншым цэнтрам сілы», — сказаў Матэвуш Піскорскі.
Ён сцвярджае, што Польшча не праводзіць самастойна сваю знешнюю палітыку, выконваючы заказы куратараў.
Нагадаем, хто такі Піскорскі.
Сваю палітычную кар'еру ён пачынаў ва ультраправых і неапаганскіх рухах. Часопіс Odala, які Піскорскі выдаваў на працягу 90-х і на пачатку 2000-х гадоў, неаднаразова публікаваў артыкулы, у якіх адмаўлялася існаванне Халакосту.
Матэвуш Піскорскі
Акрамя таго, Піскорскі апраўдваў дзеянні Трэцяга Рэйху і заклікаў стварыць «Славянскую імперыю», называючы яе «адзінай надзеяй для белай расы», адзначае The Times.
З пачатку 2000-х гадоў рэгулярна наведваў Расію, дзе сустракаўся з мясцовымі неанацыстамі. Піскорскі мае антыглабалісцкія, антыамерыканскія, антыкапіталістычныя і еўразійскія погляды. Піскорскі некалькі разоў быў назіральнікам на беларускіх выбарах.
У 2014 годзе ён быў назіральнікам на «рэферэндуме» ў Крыме. Таксама Піскорскі рэгулярна камунікаваў з сепаратыстамі на ўсходзе Украіны, якіх падтрымлівае Расія.
У маі 2016 года яго затрымалі польскія спецслужбы па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з расійскай і кітайскай разведкамі.
Амаль 3 гады ён прасядзеў у ізалятары. 16 мая 2019 года яго выпусцілі з варшаўскага следчага ізалятара пад заклад да вердыкту суда.
Акрамя супрацоўніцтва з беларускімі дзяржаўнымі СМІ, Піскорскі рэгулярна каментуе падзеі ў Польшчы для расійскіх прапагандысцкіх медыя.





