Мінчане ўпершыню ўсім домам фінансава паўдзельнічалі ў набыцці тэрмафутра, аплацілі палову кошту праекта, матэрыялаў і работ па цеплавой мадэрнізацыі, паведамляе belarus.kp.ru.

Нагадаем, што ў 2021 годзе за гэтае новаўвядзенне камунальнікі актыўна агітавалі жыхароў 341 дома, пагадзіліся толькі тры. І пакуль толькі адзін, пяціпавярховік па вул.Каліноўскага, 26, падчас капрамонту дайшоў да фіналу і «футрам» абзавёўся.

Цягам некалькіх гадоў, а было гэта да 2016 года, «футра» на дом уваходзіла ў капрамонт і асобна плаціць за яе жыхарам не даводзілася. Потым з-за праблем з фінансаваннем аб «футры» прыйшлося забыцца.

Але ў снежні 2019-га ўступіў у сілу ўказ Лукашэнкі №327 «аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў», дзе зноў узяліся за цеплавую мадэрнізацыю. Але цяпер 50% кошту з растэрміноўкай на 10 гадоў прапанавалі аплаціць уласнікам кватэр, а 50% бралі з бюджэту.

За 2,5 года ўгаварылі на новую паслугу жыхароў толькі 20 дамоў па ўсёй Беларусі. Віной таму — цана. Кошт па Мінску з двухпакаёвай кватэры ў снежні 2021 года агучваўся ў раёне 30 рублёў у месяц і так 10 гадоў запар (чым больш кватэра па плошчы, тым вышэйшы кошт). Згоду на мадэрнізацыю павінны даць дзве траціны ўласнікаў.

У выніку па схеме 50 на 50 быў зроблены першы дом у Мінску на Каліноўскага, і кошт упаў. Будаўніча-мантажныя работы фірма, якая выйграла тэндар, правяла нашмат танней раней за меркаваныя кошты. Для ўладальніка двушкі ў 50 квадратаў 8,5 рубля ў месяц з растэрміноўкай на 10 гадоў і па выніку крыху больш за 2 тысячы рублёў. Прычым абяцаюць, што 8,5 рубля — гэта фіксаваная сума, якая не будзе змяняцца з гадамі.

Плануецца, што жыхары гэтага пяціпавярховіка адаб'юць гэтыя 8,5 рубля, таму што будуць плаціць за ацяпленне на траціну менш зімой. У сярэднім ацяпленне двушкі абыходзілася ў 25 рублёў, а будзе ў 16. Тэрмін акупнасці праекта — 7 гадоў.

Клас
3
Панылы сорам
4
Ха-ха
7
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
0