Відавочцы 29 чэрвеня паведамілі ў міліцыю, што каля прыпынку грамадскага транспарту па вуліцы Убарэвіча невядомы мужчына напаў на дзяўчынку. Паваліўшы яе на зямлю, ён нанёс некалькі удараў у шыю шарыкавай ручкай, а потым схаваўся.
На месца здарэння выехалі міліцыя і медыкі. Пацярпелую, 11-гадовую школьніцу, даставілі ў бальніцу і пасля аказання медыцынскай дапамогі адпусцілі.
Аператыўнікі неўзабаве затрымалі падазраванага. Гэта аказаўся 35-гадовы беспрацоўны, раней судзімы за пагрозу забойствам і прысваенне маёмасці.
Затрыманы паведаміў, што да гэтага некалькі дзён запар піў спіртное, але растлумачыць прычыну сваёй агрэсіі не змог. Супраць яго распачатая крымінальная справа за асабліва злоснае хуліганства.





