Фота: асабісты архіў

Журналістыка: не стаў футбалістам — пайшоў у СМІ

Просты аршанскі хлапец, калі абіраў журналістыку прафесіяй, і падумаць не мог, якія прыгоды выпадуць на яго лёс. Ён прызнаецца, што яшчэ сотню разоў узважыў бы, трэба яму тое ці не, атрымай наноў шанец вызначыцца са справай жыцця.

«Калі казаць шчыра, апошнія паўтара года відавочна не самы кайф з таго, што мог прапанаваць сусвет. Аднак гэта вопыт, выклік — як адрэагуеш на існаванне ў экстрэмальных умовах. Падаецца, праверку вытрымаў: прынамсі, не сорамна будзе расказаць пра гэта на старасці гадоў дзецям і ўнукам», — адзначае 27-гадовы Яраслаў.

Слава ніколі не вабіла Пісарэнку, хаця ён пагаджаецца, што годны журналіст павінен быць крыху ганарыстым ды пазнавальным. Аднак прагу хайпу аршанец цягам кар'еры не адчуў.

«Магчыма, таму, што спрадвеку не бачыў гэта мэтай. Проста падабалася рабіць нейкія рэчы — і далучацца да таго свету, дзе не рэалізаваўся. Усе ж марылі ў дзяцінстве стаць годнымі футбалістамі, так? Вось тыя, у каго не атрымалася, кіруюцца ў спартыўную журналістыку», — пасміхаецца суразмоўца.

А пасля ўжо з сумам у голасе дадае, што апошнім часам з-за дзяржаўнай палітыкі, якая душыць свабоду слова, прэстыж прафесіі істотна змяніўся.

«Знізілася каштоўнасць працы ў СМІ ўвогуле — асабліва ў дзяржаўных. Памятаю, калі толькі паступіў на журфак, то з захапленнем глядзеў на старшакурснікаў, якія ўжо працавалі ў штаце выданняў або каналаў. Мне падавалася гэта верхам паспяховасці — тым больш, што нават на практыку такія медыя не заўсёды бралі.

Цяпер жа прэстыж журналістыкі відавочна абрынуўся з-за адсутнасці перспектыў ды жорсткіх абмежаванняў».

СТБ: вядучы па выпадковасці

Цікава, што сам Пісарэнка ў эфір трапіў выпадкова — дзякуючы збегу абставін.

«На СТБ, дзе пачынаў кар'еру, госцем адной з перадач планаваўся гандбаліст Сяргей Рутэнка. Весці ж выпуск прызначылі Сяргея Канашыца, які на тыя часы яшчэ не ўдарыўся ў прапаганду. Аднак журналіст і спартовец па нейкіх сваіх унутраных прычынах канфліктавалі — і Канашыц адмовіўся сядаць у кадр. Трэба было аўральна ратаваць эфір — і за дзве гадзіны да здымак вырашылі ставіць мяне. Вось з таго моманту на ТБ усё і завярцелася», — згадвае малады чалавек.

Але адзначае, што шанец яму выпаў праз працаздольнасць і жаданне расці, а не проста роўна сядзець на дупе і выконваць базавыя абавязкі.

«Згадваю, як сябры на вакацыях раз'язджаліся дамоў альбо на адпачынак. Я ж заставаўся ў Мінску, каб працягваць нешта рабіць — пісаць сюжэты, ладзіць здымкі, вучыцца мантажу ды пракачваць іншыя навыкі, карысныя на ТБ», — кажа Пісарэнка.

Фота: асабісты архіў

Акрэсціна: дзейнічаў адпаведна сумленню

Таленавітага хлопца з СТБ заўважылі на галоўным спартыўным канале краіны, «Беларусь 5», — і запрасілі ў штат. Далей кар'ера маладзёна ішла выключна ўвысь: ён стаў весці навіны, каментаваць футбольныя матчы…

Аднак падзеі жніўня 2020-га перакулілі свет Пісарэнкі з ног на галаву — і фальсіфікацыя выбараў, памножаная на гвалт сілавікоў, падштурхнулі яго звольніцца з канала разам з яшчэ некалькімі калегамі. Праз некаторы час сістэма адпомсціла: Яраслава, як і яго лепшага сябра Аляксандра Івуліна, у чэрвені 2021-га арыштавалі ды змясцілі на Акрэсціна. Яраслаў вызваліўся праз 15 сутак, а вось аўтар і вядучы ютуб-праекта «ЧестнОК» атрымаў куды больш суровы прысуд — два гады зняволення.

Пісарэнка прызнаецца: нават сёння не можа ў поўнай меры асэнсаваць таго, што адбылося тады… «Упершыню ўсур'ёз задумаўся на гэты конт ў камеры на Акрэсціна. Здымаеш красоўкі, пхаеш іх пад галаву, кладзешся, вакол цябе процьма людзей. І ў гэты момант сягае думка: «Як?! Як гэта адбылося? У які момант звярнуў не ў той бок, зрабіў нешта не тое?»

Аднак пераглядаючы ўчынкі 2020-га, хлопец не шкадуе ні пра адзін з іх.

«Так, рашэнні былі збольшага эмацыйнымі. Але ва ўсім тым руху дзейнічаў адпаведна сумленню, бо прыняць пэўныя захады ўлады не мог, як ні круці, — падкрэслівае суразмоўца. — Наіўна, але яшчэ ў жніўні 2020-га падавалася, што нават з такім разуменнем і ўспрыняццем свету можна працаваць на ТБ. Рэчаіснасць у гэтым адмовіла. Акей, рухаемся далей. Пачаў нешта рабіць для сябе — і трапіў пад арышт. У выніку імкнуўся супаставіць, чаму ты не зрабіў анічога падсуднага, а ўсё роўна прызнаны злачынцам. Але не знайшоў лагічнага адказу».

«Беларусь 5»: ганарар насуперак землятрусам

Звальненне з «Беларусь 5» пакінула Пісарэнку без сталага заробку і медыйнага статусу. Аднак да неабходнасці пачынаць усё з чыстага аркуша суразмоўца ставіцца філасофскі. «Так, шмат што страіціў, аднак куды больш знайшоў унутры і вакол сябе. Да таго ж я не меў ілюзій, што супрацоўнікі ТБ, якія з'яўляюцца ў кадры, — суперзоркі. Калі вёў навіны, пазнавальнасць не так, каб расла, ды і ў бытавым сэнсе асабліва жыццё не змянілася», — падкрэслівае Яраслаў.

А вось фінансавае пытанне калола больш востра, бо праца на дзяржаўным тэлебачанні гарантуе стабільнасць, прынамсі ў атрыманні грошай.

«Што б ні адбылося — нават калі тэктанічныя пліты загойдаюцца пад Беларуссю — 23-га і 8-га ганарар абавязкова прыляціць на картку», — пасміхаецца суразмоўца. Праблемы з заробкам ён вырашыў не адразу, але кажа, што гэта дадала матывацыі выйсці з зоны камфорту ды рэалізавацца ў іншых сферах.

На былых калег Пісарэнка не крыўдуе, хаця пасля звальнення сутыкнуўся з татальным ігнорам з боку тых супрацоўнікаў, што засталіся на «Беларусь 5». З моманту ад'езду з кабінета на вуліцы Макаёнка прайшло ўжо амаль два гады. Аднак нават пасля пачатку вайны — Пісарэнка пераехаў у Кіеў неўзабаве пасля вызвалення з Акрэсціна — ніхто не пацікавіўся, ці жывы былы сябра.

«Не здзіўлены, бо мы існуем у паралельных сусветах. Уключыў наконадні перадачу «На грані фола», дзе ў свае часы браў удзел. Дык вось, з моманту, калі сядзеў у гэтай студыі, прайшла амаль вечнасць. Аднак там нічога не змянілася: тая ж праграма, той жа антураж, тыя ж тэмы. Толькі спікеры іншыя», — канстатуе суразмоўца.

БТ: светапогляд не «забэкапіць»

Дарэчы пра спікераў. Кадравы адток, які на «Беларусь 5» пасля выбараў працягваўся яшчэ паўгода мінімум, кіраўніцтва канала кампенсавала запрашэннем новых каментатараў ды вядучых, менш дасведчаных. Вакансіі запаўняліся хутка.

Пісарэнка на «намеснікаў» не злуе. «І хацеў бы, але не атрымліваецца гэта рабіць, — зноў шчыра пасміхаецца Яраслаў. — Сапраўды, ні агіды, ні крыўды ў душы няма, калі час ад часу ўключаю «Беларусь 5». Можа таму, што не ведаю, як гэтыя хлопцы сябе адчуваюць. Верагодна, апраўдваюцца тэзісам «мяне паклікалі — даў згоду», а не прыйшоў на месцы Пісарэнкі альбо Уладзіслава Татура».

З тымі паплечнікамі, якія сышлі з канала ў знак пратэсту, суразмоўца стасуецца і сёння. У любы час можа даслаць ім паведамленне, папрасіць дапамогі — і яе атрымае. Тое ж справядліва і ў адваротны бок. Яны з цеплынёй згадваюць сумесную працу: камандзіроўкі, вандроўкі, футболы. Тое, як імкнуліся прыдумляць нешта новае для перадач альбо навін ды атрымлівалі задавальненне ад працы.

«Пэўная настальгія, канешне, ёсць. Але я рады, што паддаўся першаму парыву і звольніўся.

Пасля ўсяго, што адбылося ў жніўні-2020, бэкапнуцца ў плане светапогляду немагчыма. Нават калі ўявіць сітуацыю: падпісваю з сумленнем нейкую дамову, наўпрост адмяжоўваюся ад рэалій, застаюся на «Беларусь 5», працягваю працу. Але далей ідуць падзеі, якія б усё роўна моцна трыгерылі: закрыццё СМІ, пастаянныя арышты людзей… Я б не вытрымаў проста», — дзеліцца Пісарэнка.

«ЧестнОК»: чаканні і рэаліі

У Кіеве хлопец ператварыўся ў чалавека-аркестра: калі раней ён дапамагаў выключна ў мантажы выпускаў праекта «ЧестнОК», то зараз павінен быў і суразмоўцаў шукаць, і ў кадры працаваць ды і ўвогуле за кірункі развіцця адказваць. Задачы няпростыя самі па сабе ўскладняліся непазбежнымі параўнаннямі Яраслава з Сашам Івуліным — чалавекам, на харызме і паводзінах якога ўсё трымалася. Івулін задаў высокую планку.

«Разумеў, што гэта будзе звышскладаны выклік. Як мінімум, тэхналагічна адразу ўзнік шэраг перашкод. Івулін рабіў выпускі, калі знаходзіўся ў краіне — і мог цягнуць кантэнт з месца падзей. Акрамя таго «ЧестнОК» патрапіў у спіс экстрэмісцкіх СМІ. Таму час ад часу цікавыя героі, якія першапачаткова згаджаліся на ўдзел, пасля «зліваліся» — маўляў, планую ездзіць у Беларусь, не хачу непрыемнасцяў», — бядуе Яраслаў.

Яраслаў Пісарэнка ды Аляксандр Івулін. Фота: by.tribuna.com

Адбіваецца на якасці і недахоп працоўных рук ды часу, таму калі-нікалі нават у каментарах можа праскокваць упік у другаснасці праекту ў эміграцыі. Пісарэнка іх прымае, бо сам разумее слабыя месцы і не хавае ўласнай незадаволенасці прадуктам.

Тым не менш працягвае цягнуць гэты воз — і каб даць голас людзям, і каб працягнуць справу сябра. Хаця буйных грошай «ЧестнОК» суразмоўцу не прыносіць. «На канале ёсць манетызацыя, але няма ні рэкламы, ні прэ-роллаў. У 2021-м мелася дамова з «Парыматчам», але зараз яна ўжо неактуальная. Таму даводзіцца зарабляць на жыццё іншымі праектамі», — даводзіць Яраслаў.

25 на майцы Пісарэнкі — нумар, пад якім Саша Івулін гуляў у «Крумкачах». Фота: MOST / Настасся Уткіна

Дудзь: уся праўда пра блогера

У студзені ў ютубе з'явіўся фільм расійскага журналіста і блогера Юрыя Дудзя «Як жыць, калі пазбяўляюць радзімы». Стужка распавядала пра беларусаў, што пацярпелі ад пратэстаў ды з'ехалі за мяжу. Героям аднаго з эпізодаў выступіў і Яраслаў.

«Неяк увечары атрымаў паведамленне ад агульнага з Юрам знаёмага: маўляў, зараз да цябе звернецца Дудзь, гэта не фэйк — выслухай яго ды адкажы. Насамрэч прыходзіць паведамленне — і калі чытаеш, быццам чуеш ягоны голас у галаве: «Здаров, я Юра Дудь…» Так з ім пазнаёміліся — упадабаў ідэю фільма ды пагадзіўся паўдзельнічаць. Праз тыдзень сустрэліся ў Варшаве», — згадвае Пісарэнка.

Дудзь уразіў яго шчырасцю і аднолькавымі паводзінамі як у эфіры, так і ў жыцці.

«Ён звышцікаўны чалавек: напрыклад, цягам паўгадзіны можа абмяркоўваць асаблівасці кіеўскага торта. Яму заўсёды важна зразумець дэталі, нюансы — прагне ва ўсім разабрацца. Не саромееца задаваць пытанні, калі нечага не ведае. Ён не баіцца — і ў гэтым круты», — апісвае Яраслаў расійскага калегу.

Пасля здымак хлопцы перапісваліся толькі з нагоды меседжу, які Дудзь імкнуўся перадаць Івуліну ў турму, каб выказаць рэспект. Пісарэнка дапамог — і дзякуючы гэтаму яго сябар здолеў за кратамі не толькі прачытаць ліст ад расіяніна, але і потым перадаць адказ на волю.

Людзі: бацькі ды гледачы

Пэўны «даўншыфт» у жыцці не засмучае Яраслава. Хаця напачатку суразмоўцу крыху бянтэжыла пераўтварэнне з вядучага на нацыянальным канале ў боса ютуб-праекта з лакальнай аўдыторыяй. Аднак пакрысе Пісарэнка адаптаваўся і змяніў стаўленне да кантэнту пад брэндам «ЧестнОК».

«На традыцыйным тэлебачанні, калі чытаеш навіны альбо каментуеш матч, тэкст адлятае ў космас. Скончыў эфір, пакінуў студыю ды працягваеш жыць далей — і ад рэпартажу нічога не засталося. Тут жа бачу водгукі, уплыў на людзей. Разумею, да каго ідуць тыя штукі, што выкладаю на ютуб. І гэта куды больш жывая справа», — разважае Яраслаў.

Дапамагла хлопцу і падтрымка бацькоў. Пісарэнка прызнаецца, што рэакцыя з іх боку прыемна здзівіла — ён апасаўся зусім іншых эмоцый. «Думаў, што змена сацыяльнага статусу працы іх збянтэжыць. Бо раней яны былі свайго роду зоркамі на заводзе — а як жа, сын на тэлебачанні працуе. Аднак, да вялікага майго шчасця, яны ўсё разумеюць і падтрымліваюць», — распавядае Яраслаў.

Тым не менш Пісарэнку час ад часу накрываюць думкі пра дарэмнасць змагання з ветракамі. Аднак кожны раз, калі рукі апускаюцца, ён прыгадвае водгукі, якія паступаюць на новыя выпускі. Зваротная сувязь, галасы людзей, іх спадзяванні і адчуванне еднасці з беларусамі штурхае хлопца працягваць працу, пра што ён шчыра і кажа: «Роля канала куды большая, чым падавалася на першы погляд. Гэта на тэлебачанні можаш спакойна жыць, рабіць адно і тое ж з дня ў дзень, атрымліваць 2000 рублёў на месяц ды ні пра што не дбаць…

Тут жа людзі бачаць у табе «свайго хлопца» — звычайнага, блізкага. І натхняюць шукаць увесь час нешта новае, каб кожнага з падпісчыкаў падбадзёрыць і даць веры ў лепшую будучыню. Таму даражу гэтым праектам. Да таго ж ён нагадвае, што свет вялікі і не абмяжоўваецца вуліцай Макаёнка. Існуе шмат цікавага, каб зацыклівацца на адной тэлевізійнай кнопцы».

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Андрэйка / Адказаць
01.07.2022
Глядзеў і Івуліна, і цяпер Пісарэнку. Поспехаў! 
0
Карма / Адказаць
01.07.2022
Малайцы, хлопцы!
0
Ружа / Адказаць
01.07.2022
Добры хлопец! Светлае адчуванне ўнутры пасля інтэрв'ю. Хай усё атрымоўваецца, хай Саша Івулін выйдзе, хай пасля гэтыя крутыя рабяты працягнуць рабіць сваю добрую справу, але ўжо ў Беларусі. Дажыць бы да таго дня
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру