Фота: РБК—Украіна
У выніку ракетнага абстрэлу Кіева ў нядзелю пацярпелі пяць чалавек. Гэта ўжо другі з пачатку вайны абстрэл жыллёвага комплексу ў гэтым раёне. Адзначаецца, што самалёты, якія бамбілі Кіеў, прыляцелі з боку Астрахані, акваторыі Каспійскага мора.
Разам з тым тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што сёння з тэрыторыі Беларусі былі зафіксаваныя некалькі ракетных атак.
Паведамляецца, што магчыма, паміж Лельчыцамі і Ельскам адбыўся запуск ракеты, таксама адбыўся запуск дзвюх ракет на поўдзень ад Салігорска і ў Мазырскім раёне.
Таксама некалькі самалётаў ляцелі з беларускіх аэрадромаў у бок Украіны.
Нагадаем, што ўчора ўпершыню з тэрыторыі Беларусі былі нанесеныя авіяўдары па Украіне (дагэтуль фіксаваліся пускі ракет).
Шэсць самалётаў падняліся з авіябазы ў Калужскай вобласці, праследавалі са Смаленскай вобласці Расіі ў паветраную прастору Беларусі і выпусцілі 12 крылатых ракет Х-22 па цэлях у Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцях Украіны. Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны лічыць, што пускі былі здзейсненыя з-над Петрыкава.





