Відавочна, што Уладзімір Пуцін — вельмі багаты чалавек. Журналісты ўжо знаходзілі вялізны палац на беразе Чорнага мора, прылеглыя да яго вінаграднікі, лыжны курорт і вілу на поўначы Ленінградскай вобласці. Аднак дакументальна пацвердзіць, што ўсё гэта належыць менавіта Пуціну, не ўдавалася.
І пасля кожнага гучнага расследавання хтосьці са старых сяброў прэзідэнта Расіі заяўляў, што нерухомасцю нібыта валодае менавіта ён. Напрыклад, палацам у Геленджыку — партнёр Пуціна па дзюдо Аркадзь Ратэнберг, а вілай у Ленінградскай вобласці — Сяргей Рудноў, сын яшчэ аднаго таварыша Пуціна.
Журналісты знайшлі агульнае ва ўсіх гэтых актываў — кампаніі, на якія яны запісаныя (уключаючы знакаміты палац), выкарыстоўваюць агульную IT-інфраструктуру.
Вывучыўшы адрасы на дамене llcinvest.ru, «Медуза» і OCCRP знайшлі дзясяткі кампаній, чые супрацоўнікі і ўладальнікі выкарыстоўваюць такія паштовыя скрыні.
Уладальнік дамена llcinvest.ru — кампанія «Маскамсувязь», цесна звязаная з банкам «Расія». З уцечкі метаданых кліентаў «Маскамсувязі», да якой атрымалі доступ журналісты «Медузы» і OCCRP, вынікае, што з дапамогай пошты на гэтым дамене рэгулярна камунікавалі кіраўнікі, уладальнікі і супрацоўнікі вонкава ніяк не звязаных паміж сабой кампаній.
У «Маскамсувязі» на запыт журналіста, які прадставіўся патэнцыйным кліентам, адказалі, што з прыватнымі асобамі не працуюць.
Усяго расследавальнікам удалося знайсці 86 кампаній, якія выкарыстоўваюць электронную пошту на llcinvest.ru.
Агульны кошт актываў, якімі яны валодаюць, — каля 4,5 мільярда долараў (сума актываў усіх кампаній з апошніх даступных штогадовых справаздач, якія удалося знайсці). Гэта асабнякі, самалёты бізнэс-класа, яхты і проста банкаўскія рахункі з вялізнымі сумамі грошай.
У многіх кампаній адны і тыя ж дырэктары, юрыдычныя адрасы і аўдытары.
Некаторымі напрамую валодае банк «Расія». Дзясяткі запісаныя на акцыянераў «Расіі», у тым ліку сябра Пуціна, мільярдэра Юрыя Кавальчука і «сяброўку Пуціна», як пра яе пішуць у незалежнай прэсе, Святлану Крываногіх (выданне «Праект» адзначала, што дачка Крываногіх, якая нарадзілася ў 2003 годзе, «фенаменальна падобная на прэзідэнта РФ»).
Яшчэ 18 кампаній на першы погляд не маюць ніякага дачынення да банка, але, як высветлілі «Медуза» і OCCRP, запісаныя на яго шараговых супрацоўнікаў.
«Адзінае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву, — усе гэтыя кампаніі аб'яднаныя агульнай сістэмай кіравання», — заявіў «Медузе» і OCCRP эксперт па карупцыйных пытаннях.
Ён адзначыў, што «група кампаній» LLCInvest сфармавалася вакол людзей, якія былі блізкія да Пуціна яшчэ падчас яго працы ў мэрыі Санкт-Пецярбурга ў 1990-х гадах.
Эксперт выказаў здагадку, што гэтае нефармальнае аб'яднанне можа быць уладкаванае як кааператыў, чальцы якога, верагодна, абменьваюцца маёмасцю і паслугамі.
Ад прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова журналісты атрымалі кароткі адказ: «Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі ніякім чынам не звязаны і не афіляваны з названымі вамі аб'ектамі і арганізацыямі».
Навошта патрэбныя такія складаныя схемы
«Група кампаній» LLCInvest, верагодна, дзейнічае па прынцыпе, апісаным яшчэ ў 2010 годзе ўцекачом за мяжу, бізнэсменам Сяргеем Калеснікавым. Як сцвярджаў Калеснікаў у сваім адкрытым лісце да тагачаснага прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева, ён раскрыў схему, з дапамогай якой Пуцін (у той час — прэм'ер-міністр РФ) мог збіраць актывы на сотні мільярдаў рублёў ад блізкіх яму алігархаў у своеасаблівы «інвестыцыйны фонд» для асабістага карыстання.
Прыкладна гэтак жа, лічыць эксперт па карупцыі, уладкаваная і «група LLCInvest» — толькі менш цэнтралізавана і з захаваннем вялікіх засцярог: каб знізіць рызыку ад раскрыцця ўсёй схемы яе ўдзельнікам.
Нават у дамашнім стрып-клубе — двухгаловыя арлы. Каманда Навальнага паказала сотні фатаграфій з «палаца Пуціна»
За апошні час раптоўна і пры дзіўных абставінах памерлі мінімум шэсць расійскіх топ-менеджараў і мільянераў. Вось хто гэта быў
Спецслужбы, каханкі, загадкавыя смерці…





