Вольга Буян

Вольга Буян

Судовае пасяджэнне ўзначаліла Вера Філонік — адна з самых «рэпрэсіўных» суддзяў не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне, якая вельмі хутка зрабіла сваю кар'еру. Толькі за год, са жніўня 2020-га па кастрычнік 2021-га, суддзя, якой крыху больш за 30 гадоў, вынесла каля 40 «палітычных» прысудаў, жорстка пакараўшы беларусаў за іх грамадзянскую пазіцыю. Філонік судзіла людзей цэлымі групамі і ўдзельнічала ў самых гучных справах рэгіёна: «Брэсцкія беспарадкі», «Пінская справа», «Справа карагодаў», паведамляе «Вясна»…

Справа Вольгі Буян, якую суддзя разглядала гэтым разам, таксама «палітычная».

Вядома, што абвінавачанай 27 гадоў. Жанчына жыве ў пасёлку Рэчыца Столінскага раёна, у 7 км ад беларуска-ўкраінскай мяжы, і выхоўвае маленькае дзіця.

21 сакавіка 2022 года Вольга адводзіла дзіця ў садок. Па дарозе ўбачыла вайсковую расійскую тэхніку з апазнавальнымі выявамі, зняла яе на відэа і адправіла ў тэлеграм-бот праекта «Беларускі Гаюн».

Пазней беларускія ўлады прызналі «Беларускі Гаюн» экстрэмісцкім фармаваннем.

Як стала вядома падчас судовага пасяджэння, пасля таго, як Вольга адправіла відэа з ваеннай тэхнікай у тэлеграм-бот, сілавікі пачалі яе высочваць. Асобу жанчыны высветлілі па відэакамерах, якія былі ўсталяваныя на чыгуначным пераездзе.

Відэа, якое зняла Вольга, з'явілася на канале «Беларускі Гаюн» у 11.32. Па ім было зразумела, што здымка вялася з машыны. Па часе здымкі сілавікі вызначылі машыну жанчыны. Неўзабаве Вольгу затрымалі і запісалі з ёй «пакаяннае відэа».

Сваю віну падчас суда абвінавачаная цалкам прызнала. Пракурорка Вольга Грыцкевіч запрасіла для Вольгі Буян абмежаванне волі тэрмінам на 4 гады.

Суд прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову тэрмінам на 4 гады. Мабільны тэлефон абвінавачанай, як сродак здзяйснення злачынства, суд канфіскаваў.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
17