«Літва імпартавала драўніну і з Беларусі, і з Расеіі. Цяпер гэты імпарт спыніўся, і фактычна ва ўмовах Літвы ў нас дэфіцыт драўніны», — заявіў намеснік міністра навакольнага асяроддзя Данас Аўгуціс.
Ён адзначыў, што Міністэрства навакольнага асяроддзя збіраецца змяніць правілы экспарту драўніны, каб зафіксаваць колькасць сыравіны, якую можна вывозіць з Літвы ў іншыя краіны ЕС. Суседнія Латвія і Эстонія зрабілі гэта раней.
Раней паведамлялася, што Літва шукае замену беларускай драўніне, якая патрапіла пад санкцыі Еўрапейскага саюза. Асабліва краіне патрэбная здробненая драўніна — дранка і стружка. Міністэрства навакольнага асяроддзя Літвы паставіла задачу знайсці да ацяпляльнага сезона новыя крыніцы біяпаліва замест драўнянай дранкі, якая патрапіла пад санкцыі.
У ведамстве падкрэслілі, што ў 2021 годзе Літва імпартавала з Беларусі 942 тыс. кубічных метраў драўнянай дранкі. Больш за палову дранкі, якая ўвозіцца з Беларусі, выкарыстоўвалася ў якасці біяпаліва.





