Першы выпадак здарыўся ў студзені. Два хлопчыкі (13 і 9 гадоў) са шматдзетнай сям'і набіралі ваду з вулічнага калодзежа. Да братоў падышоў пенсіянер-сусед. Мужчына моўчкі схапіў малодшага і нахіліў яго над калодзежам. У той дзень хлопцы не распавялі пра здарэнне бацькам, і гісторыя не атрымала агалоскі, паведамляе Следчы камітэт.
У канцы красавіка гэтыя ж дзеці каталіся на роварах па вуліцы. Калі стаміліся, спыніліся адпачыць насупраць дома дзіўнага суседа. Нецвярозы пенсіянер выскачыў на вуліцу з нецэнзурнай лаянкай, штурхнуў нагой ровар малодшага хлопчыка, а затым ударыў яго па назе. Другога хлопца ўдарыў па назе і твары.
«Напад на дзяцей заўважылі і спынілі мясцовыя жыхары. Маці пацярпелых выклікала міліцыю», — распавяла афіцыйная прадстаўніца.
Паводле заключэння псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, мужчына прызнаны адэкватным. Аднак жыхары пасёлка характарызуюць пенсіянера як агрэсіўнага чалавека, які злоўжывае спіртным.
Мужчыну выстаўленае абвінавачванне паводле ч.ч. 1,2 арт. 339 (хуліганства) КК. Ён змешчаны пад варту.





