Акурат гэтымі днямі адзначаецца 350-годдзе Пятра І, якое расійскай прапагандзе і асабіста Пуціну прыйшлося вельмі дарэчы. Фота: MIKHAIL METZEL/TASS

Акурат гэтымі днямі адзначаецца 350-годдзе Пятра І, якое расійскай прапагандзе і асабіста Пуціну прыйшлося вельмі дарэчы. Фота: MIKHAIL METZEL/TASS

Учора на сустрэчы з маладымі прадпрымальнікамі расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін звярнуўся да гістарычнага прыкладу, параўнаўшы сябе з расійскім імператарам Пятром І, а цяперашнія часы — з пятроўскімі, правёўшы непасрэдныя паралелі. «Мяркуючы па ўсім, на нашу долю таксама выпала вяртаць і ўмацоўваць [суверэнітэт краіны і яе спрадвечныя тэрыторыі], і калі мы будзем зыходзіць з таго, што гэтыя базавыя каштоўнасці складаюць аснову нашага існавання, мы, безумоўна, маем поспех у вырашэнні задач, якія перад намі стаяць», — сказаў Пуцін.

Што ж, у тым, што Пуцін звярнуўся ў спробах абгрунтаваць сваю цяперашнюю палітыку да асобы менавіта Пятра І, нічога дзіўнага няма. Неабходнасць аднаўлення імперскай велічы — гэта, бадай, адзінае, што ў сучаснай Расіі ідэйна цэментуе грамадства, змушае яго мабілізавацца і гуртавацца вакол асобы правадыра, нягледзячы на тое, што ў сацыяльна-эканамічным плане большай частцы гэтага грамадства дадзена не сказаць каб асабліва шмат.

Постаць раскручанага і папулярнага ў народзе Пятра І для гістарычнай апеляцыі тут падходзіць ці не найлепш, бо ён фармальны стваральнік Расійскай імперыі.

Хоць фармальнае, вядома, не заўсёды адпавядае рэальнаму стану рэчаў. Насамрэч, імперыю Масква пачала на практыцы фармаваць за паўтара стагоддзя да Пятра, яшчэ з часоў Івана Грознага. Сімвалічнай датай тут лічыцца ўзяцце Казані ў 1552 годзе.

Роля ж Пятра — не ў стварэнні імперыі як такой, а ў вывадзе яе як паўнавартаснага гульца на сусветную (у тых умовах — еўрапейскую) арэну.

Калі дапятроўскае Маскоўскае царства было загадкавай для еўрапейцаў краінай на ўсходніх межах, якая і сама не асабліва імкнулася ўдзельнічаць у еўрапейскім палітычным жыцці, то Пётр І гэта радыкальна памяняў. Менавіта з яго часоў, як нядаўна сказаў палітычны мастадонт Генры Кісінджэр, Расія «з’яўляецца істотнай часткай Еўропы, і на еўрапейскую палітыку ў гэты перыяд у асноўным уплывала яе ацэнка ролі Расіі».

Натуральна, Пуціну, а следам за ім і большасці расійскага грамадства не можа не імпанаваць вобраз такога паспяховага ўладара, які прымусіў Еўропу лічыцца з краінай, якую да гэтага надта сур’ёзна не ўспрымалі. Тым больш што вобраз гэты ў масавым успрыманні звычайна лубочны і ідэалізаваны, які мае мала дачынення да рэальнага Пятра. Ды і на тым, што некалькі дзесяцігоддзяў пасля Пятра І Расійская імперыя была краінай даволі бязладнай, і гэта таксама ў значнай ступені яго спадчына, акцэнтаваць увагу не надта прынята.

Але які б ні быў Пётр І, ён, тым не менш, нармальна ўпісваўся ў рэаліі таго часу, у якім жыў і дзейнічаў. Тры стагоддзі таму прынцыпы міжнароднага суіснавання, як і ўвесь час да таго і доўгі час пасля, грунтаваліся перадусім на праве моцнага.

Калі ўладар нейкай краіны быў незадаволены сваім статусам і тэрыторыяй — то што ж, збірай войска і даказвай свае прэтэнзіі на полі бою. Што захапіў і ўтрымаў — тое тваё. І сам не крыўдуй, калі сітуацыя неўзабаве зменіцца, і пры тваім аслабленні больш моцны сапернік штосьці адбярэ і ў цябе.

Праўда, у 1648 годзе, пасля заканчэння крывавай Трыццацігадовай вайны ў Еўропе, была зробленая першая спроба ўрэгулявання гэтых адносін, спроба іх упарадкаваць і ўвесці нейкую сістэму, каб усе прытрымліваліся хоць нейкіх правіл. Сістэма атрымала назву Вестфальскай. Уплыў на агульны кірунак развіцця гісторыі яна безумоўна аказала, але сам прынцып, што хто моцны — той і мае рацыю, на практыцы заставаўся дзейным яшчэ некалькі стагоддзяў. І Пётр І быў на гэтым полі новым моцным гульцом, але не унікумам. Урэшце, ягоны галоўны сапернік у Паўночнай вайне, шведскі кароль Карл ХІІ, таксама ўвайшоў у гісторыю не як голуб міру, а як таленавіты палкаводзец. І таленты свае праяўляў не толькі і не столькі ў справе абароны роднай зямлі.

Пуцін таксама яўна хацеў бы жыць у такім свеце, у якім можна было б ставіць праціўнікаў перад фактам, у якім усё вырашае вайсковая сіла. І не толькі хацеў бы, апошнія паўтара дзясятка гадоў ён сам у гэтай парадыгме жыве, і праз прапаганду ўбудаваў у яе большую частку свайго народа.

Вось толькі, у адрозненне ад Пятра І, ён не прадукт свайго часу, а якраз з гэтага часу выпадае, выглядае ў ім анахранічна. Што толькі падкрэсліваецца апеляцыяй пры апраўданні сваіх учынкаў да прыкладу дзеяча, які вырашаў свае задачы ажно тры стагоддзі таму.

Але свет з таго часу моцна памяняўся. І хоць па-ранейшаму мае шмат хібаў і недасканаласцяў, але яны ўжо іншага парадку. Той, хто гэтага не разумее, можа, вядома, атрымліваць нейкія тактычныя часовыя перамогі, але стратэгічна непазбежна прайграе.

Па іроніі лёсу, калі Пётр І акурат прасякаў для Расіі «акно ў Еўропу» ды хоць і павярхоўна, але мэтанакіравана прасоўваў элементы гэтай Еўропы ў сваёй краіне, часта вельмі карыкатурнымі метадамі, то яго «ідэйны паслядоўнік» Уладзімір Пуцін сваёй палітыкай усе да таго насцеж адчыненыя вокны і дзверы зачыняе з тэндэнцыяй да заканапачвання ўсіх шчылін. Як той казаў, за што бароліся…

Чытайце таксама:

Пуцін: Пётр I вяртаў і ўмацоўваў тэрыторыі, на наш час таксама выпала гэтая доля

Гісторык: Расія не трымаецца маналітам, а сістэмна развальваецца вось ужо 100 год

Прадчуванне вайны і перадзелу. Не толькі з боку Расіі? — меркаванне

Клас
34
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3