Фота: асабісты архіў
Арцёму 33 гады, ён фігурант справы аб пашкоджанні аўтамабіля супрацоўніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Мужчыну затрымалі 29 верасня 2020 года, абвінавацілі па 339 артыкуле (хуліганства, здзейсненае групай асобаў) і асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Этапавалі яго ў магілёўскую калонію №15.
Пасля на Арцёма завялі яшчэ адну крымінальную справу па 411 артыкуле (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай ўстановы — такія абвінавачанні беспадстаўна выстаўляюць многім палітвязням). Гэтую справу павінны былі закрыць у сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Але гэтага пакуль не адбылося, хаця і была адпаведная пастанова пракуратуры.
У верасні 2021-га мужчыну перавялі ў бабруйскую калонію №2. І незадоўга да заканчэння тэрміну прад'явілі новыя абвінавачанні. Цяпер ужо па артыкуле 369 — публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў.
Як вядома «Нашай Ніве», 28 снежня 2021 года ў кватэры Арцёма і яго жонкі ў Мінску адбыўся ператрус. Яго праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗ. Яны патлумачылі, што нібыта Арцём у сацыяльных сетках непахвальна выказаўся пра двух амапаўцаў. Але ў сацсетках мужчына не зарэгістраваны.
Высветлілася, што завялі новую крымінальную справу за «абразу міліцыянта» ў закрытым тэлеграм-чаце (каментарый быў пакінуты яшчэ да першага затрымання).
У лісце блізкім Арцём напісаў, што яго пераводзяць у Магілёў. Хутчэй за ўсё, у турму №4.
Пры ператрусе ў кватэры канфіскавалі тры тэлефоны. Іх жа забіралі па ранейшай справе па 339 артыкуле. Навошта яны спатрэбіліся сілавікам зноў, невядома.
Дакументы, якія пацвярджалі б правядзенне вобшуку, супрацоўнікі ГУБАЗіКа не пакінулі.
Раней Анішчук заяўляў пра катаванні і збіццё ў магілёўскай ПК-15. Каб спыніць гвалт і ціск, ён на знак пратэсту праглынуў металічныя прадметы.
Пасля пракурорскай праверкі па тых фактах мужчыну збіў начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка, пісала «Вясна».
У бабруйскай калоніі №2 Арцём таксама быў пад ціскам. Адмянялі спатканні, падсаджвалі правакатараў, трымалі ў ШІЗА.
20 чэрвеня ў Арцёма дзень нараджэння. Павіншаваць і падтрымаць мужчыну можна лістом:
Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А,
Арцём Ігаравіч Анішчук.
Чытайце таксама:
Фітнэс-трэнера Канстанціна Яршова асудзілі да трох гадоў хіміі
У Мінску затрымалі чарговага супрацоўніка IT-кампаніі





