Аляксей Кавалёў. Фота: Фэйсбук
«Расія тут назаўжды, шчыльная інтэграцыя ўжо адбываецца. Думаю, што скажу не толькі пра сябе, але і іншых удзельнікаў сустрэчы [з крамлёўскім эмісарам Сяргеем Кірыенкам] — людзі выйшлі з усведамленнем, што Расія нас чуе і разумее», — напісаў Кавалёў у Facebook.
Ён таксама расказаў, што акупацыйная адміністрацыя раздала ўказанні ўкраінскім фермерам, што і як ім вырошчваць і куды вывозіць іхняе збожжа для збыту.
Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны завяла ў дачыненні да Аляксея Кавалёва крымінальную справу за калабарацыянізм. А ў партыі «Слуга народа» заявілі, што «такія паводзіны несумяшчальныя са званнем народнага дэпутата і тым больш — сяброўствам у фракцыі «Слуга народа».
«Апошнія заявы Кавалёва, зробленыя ў сацсетках пасля «нарады» ў Херсоне з намеснікам кіраўніка крамлёўскай адміністрацыі Кірыенкам, пераканаўча сведчаць пра тое, што наш былы калега стаў калабарацыяністам агрэсара. Ён здаў украінскі народ, здаў сваіх выбаршчыкаў, здаў Украіну», — адзначыла прэс-сакратар «Слугі народа» Юлія Палійчук.
Аляксей Кавалёў быў абраны дэпутатам на выбарах 2019 года ў аднамандатнай акрузе на поўдні Херсоншчыны.





