Фота: hata.by
Аўгустоўскі канал (Гродзенскі раён)
Каардынаты GPS: 53.863386, 23.63319
Фота: hata.by
Пачаць паездку можна з Аўгустоўскага канала — знакамітага аб’екта, які дзеляць паміж сабой Польшча і Беларусь. Мэта канала — аб’яднаць Віслу і Нёман, і гэта адзін з найвялікшых суднаходных каналаў у свеце, славутасць, у склад якой увайшлі 11 рэк і 7 азёр, а таксама некалькі шлюзаў і мастоў.
Канал і яго ваколіцы добра падыходзяць не толькі для воднага, але і для пешага турызму, тым больш што беларуская частка канала (21 кіламетр са 101) цалкам адноўленая. На месцы старой карчмы ёсць музей, дзе можна ўбачыць старыя фотаздымкі і бытавыя прадметы, якія належалі людзям, якія некалі жылі ў ваколіцах.
Узнясенскі касцёл (Гродзенскі раён, Сапоцкін)
Каардынаты GPS: 53.830022, 23.645521
Фота: vedaj.by
Недалёка ад Аўгустоўскага канала ёсць мястэчка Сапоцкін, дзе хапае сваіх цікавостак. Самая маштабная з іх — касцёл Узнясення Дзевы Марыі.
Пабудавалі яго ў канцы 18 стагоддзя. Амаль праз стагоддзе, у 1867 годзе, касцёл перадалі праваслаўнаму Праабражэнскаму жаночаму манастыру, і тады храм значна перабудавалі: знеслі дзве вялікія вежы, што некалі ўпрыгожвалі галоўны фасад. Пасля Першай сусветнай храм зноў перадалі католікам, але ж пазней ён перажыў яшчэ два пажары, пасля якіх быў адноўлены.
Калі будзеце ў Сапоцкіне, наведайце таксама старажытныя яўрэйскія могілкі, якія некаторыя гісторыкі адносяць ажно да 13 стагоддзя, і каталіцкія могілкі, каб пабачыць каплічкі ў стылі неаготыкі.
Найстарэйшы ў Беларусі чыгуначны вакзал (Гродзенскі раён, вёска Парэчча)
Каардынаты GPS: 53.885832, 24.134707
Фота: wikimapia.org
У маленькай беларускай вёсачцы можна знайсці чыгуначны вакзал, які больш нагадвае палац. Шыкоўны будынак у Парэччы ўзвялі на пачатку 20 стагоддзя, і менавіта ўчастак Парэчча — Гродна стаў першай чыгуначнай лініяй у Беларусі.
У савецкія ж часы каларытны вакзал аблюбавалі кінематаграфісты. Раней у вёску амаль кожны год прыязджалі здымачныя групы як з «Беларусьфільма», так і з Літоўскай кінастудыі.
Знайдзіце час, каб убачыць у Парэччы яшчэ і мясцовыя храмы. Каталіцкі касцёл Дзевы Марыі і праваслаўная царква Казанскай іконы Божай маці — абедзве гэтыя святыні пабудаваныя з дрэва на пачатку 20 стагоддзя і добра адрэстаўраваныя.
Палац Друцкіх-Любецкіх (Шчучын)
Каардынаты GPS: 53.60684, 24.73915
Фота: marshruting.com
Гэты комплекс канца 19 стагоддзя лічаць візітнай карткай Шчучына. Палац Друцкіх-Любецкіх — двухпавярховы будынак у стылі класіцызму, пабудаваны па праекце віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага.
Ён у нечым падобны да палаца Малы Трыанон на тэрыторыі таго самага Версаля.
Палац адноўлены, таму ўнутры ёсць на што паглядзець. Але ж цяпер у пабудове знаходзіцца мясцовы палац творчасці дзяцей і моладзі, і толькі некалькі пакояў самога палаца аддадзеныя маленькаму музею.
Троіцкі касцёл (Гродзенскі раён, вёска Індура)
Каардынаты GPS: 53.458698, 23.887456
Фота: ekskursii.by
Першы каталіцкі храм у Індуры пабудавалі яшчэ ў 1522 годзе, але ён быў драўляны. Каменны ж касцёл з'явіўся тут на пачатку 19 стагоддзя і быў адкрыты нават у савецкія часы, калі ў ім служылі святары-езуіты.
У гэтым прыгожым светлым храме ёсць свая цудатворная ікона — абраз Маці Божай Індурскай. Унутры вы ўбачыце таксама тры драўляныя алтары ў стылі позняга класіцызму, старажытны барочны арган і маштабныя фрэскі 1900 года стварэння на біблейскія сюжэты.
Індура вядомая сваімі велікоднымі вербамі: тут святочныя «букеты» ствараюць выключна з белай вярбы і ўпрыгожваюць травамі, калоссем і сухацветам.
Капліца святога Роха (Гродзенскі раён, вёска Грандзічы)
Каардынаты GPS: 53.72, 23.813611111
Фота: msj.by
Пры канцы падарожжа можна зазірнуць у гэты прыгожы маленькі храм 1906 года пабудовы. Капліца выкананая ў неагатычным стылі на месцы ранейшага драўлянага храма, вядомага з 1840 года, аўтарам новага храма стаў гродзенскі губернскі архітэктар Уладзімір Срока. У 1980-я гады капліцу з жоўтай цэглы адрэстаўрыравалі.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Чэшскі Рай. Ад замка да замка: захапляльны маршрут для пешага падарожжа па славянскім паграніччы





