Добраахвотнік Яўген Міхасюк вядомы па сваім пазыўным «Аўгуст»

Добраахвотнік Яўген Міхасюк вядомы па сваім пазыўным «Аўгуст»

«Нядаўна група беларусаў была на заданні ў раёне Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей, — кажа Міхасюк.

— Прыехалі ў населены пункт, арганізавалі базу, каб туды магла прыбыць вялікая колькасць нашых байцоў, і адтуль пачынаўся наступ на расійскія пазіцыі. Калі рыхтавалі пункт — былі пад абстрэламі. Але гэта не настолькі страшна, як можа здавацца. У адну з начэй у вёску спрабавала зайсці ці выведка расіян, ці дыверсійная група, каб стварыць перашкоды для нашых ці сабраць больш інфармацыі пра нас. Тады ў нас быў непасрэдны «кантакт» з імі. Пасля Узброеныя сілы Украіны захапілі частку берага ракі і прасунуліся наперад на дзевяць кіламетраў. Беларускія падраздзяленні былі часткай гэтай вялікай аперацыі. У нас быў няпросты шлях — праз поле, праз раку, лес захапіць населены пункт. Па нас стралялі і танкі, і самаходныя ўстаноўкі, і артылерыя, мы ішлі па замінаваных участках. Мы свае задачы выканалі, хоць аперацыя была рызыкоўная. Яшчэ і прыхапілі трох расіян у палон», — расказвае беларус.

Яўген расапавядае, што беларусы страцілі трох чалавек параненымі. Адзін чалавек быў паранены аскепкам, яшчэ адзін наступіў на міну, і яшчэ адзін быў кантужаны.

«Гэта поспех у такой складанай аперацыі. Украінцы, якія дзейнічалі побач з намі, на жаль, мелі і страты, і цяжка параненых, мы дапамагалі з іх эвакуацыяй. Цяпер яны ў лякарнях», — кажа баец.

Аперацыя адзначылася таксама тым, што беларусы захапілі ў палон трох расіян.

«Яны паднялі рукі, выйшлі з бліндажа і здаліся. Прасіліся, каб іх не білі, не стралялі. Мы пажартавалі: «Ды расслабцеся, мы беларусы». Мне падалося, што яны не зусім зразумелі, хто мы і чаму тут, — дадае баец «Аўгуст». — Бо шаўроны ў нас былі ўкраінскія. Спрабавалі з імі размаўляць, але яны былі вельмі напружаныя».

Расійскія вайскоўцы, узятыя ў палон беларусамі.

Расійскія вайскоўцы, узятыя ў палон беларусамі.

Яўген Міхасюк адзначае, што колькасны склад палка Каліноўскага хутка расце, далучаюцца новыя людзі.

«Калі я вярнуўся [на базу], то не ўбачыў знаёмых твараў. Па-першае, людзі многія на заданнях, а другое — шмат новых далучылася», — кажа «Аўгуст».

Чытайце таксама: Што расказалі пра сябе расійскія палонныя, захопленыя каліноўцамі

Клас
126
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
2