Былая канцлерка Германіі Ангела Мэркель заявіла, што вельмі старалася, калі ўзначальвала краіну, не дапусціць таго, што цяпер адбываецца з Украінай, але не вінаваціць сябе за тое, што не змагла гэтага зрабіць.

За сваю шматгадовую пазіцыю адносна Расіі, якую шмат хто ў Германіі цяпер крытыкуе як занадта мяккую, яна прасіць прабачэння не стала.

«Я не лічу, што павінна сказаць: «Гэта было няправільна», — і таму не буду прасіць прабачэння», — сказала яна журналісту Der Spiegel.

Адказваючы на пытанне, ці магла яна зрабіць больш для прадухілення вайны ва Украіне, Мэркель сказала: «Я сябе не вінавачу. Немагчыма было стварыць архітэктуру бяспекі, якая магла б прадухіліць гэта».

У той жа час экс-канцлерка адхіліла абвінавачванні пасла Украіны ў Германіі Андрэя Мельніка ў тым, што яна праводзіла палітыку замірэння ў дачыненні да Расіі.

«Я так не думаю. Дыпламатыя, калі яна пацерпіць няўдачу, не з'яўляецца ілжывай», — адзначыла Меркель і дадала, што без Мінскіх дамоўленасцяў, на яе думку, сітуацыя ва Украіне была б яшчэ больш крытычнай.

Адказваючы на пытанне пра сваё рашэнне выступіць супраць заяўкі Украіны на сяброўства ў НАТА ў 2008 годзе, яна прызналася, што баялася, каб гэта не заахвоціла Расію шкодзіць Украіне.

Пасля пачатку вайны многія сталі крытыкаваць Меркель за гэта рашэнне, сцвярджаючы, што Пуцін ніколі б не адважыўся пачаць вайну, калі б на Украіну распаўсюджваліся гарантыі бяспекі НАТА.

Расійскае ўварванне ва Украіну 24 лютага стала паваротным момантам, сказала Меркель, яна шмат думае пра гэта і глядзіць на тое, што адбываецца, з засмучэннем.

Меркель таксама ўзгадала сваю сустрэчу з Пуціным у Сочы ў 2007 годзе. Па словах Меркель, Пуцін тады ёй сказаў, што распад СССР быў найвялікшай геапалітычнай катастрофай, а яна яму адказала, што для яе, што нарадзілася ў Усходняй Германіі, крах Савецкага Саюза стаў самай вялікай удачай у жыцці.

Тады яна нібыта і зразумела, што яны з Пуціным цалкам па-рознаму глядзяць на свет і не прыйдуць да згоды адносна каштоўнасцяў дэмакратыі, распавяла Меркель.

Клас
1
Панылы сорам
14
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
36