Фота: «Украінская праўда»

Фота: «Украінская праўда»

Запарожжа — буйны індустрыйны цэнтр поўдня Украіны. У гэтым горадзе на Дняпры да вайны жыло больш за 700 тысяч чалавек. Цяпер сюды кіруюцца патокі бежанцаў з Марыупаля. На выходныя Уладзімір Зяленскі наведваўся ў Запарожжа, каб сустрэцца з імі і пабываць на перадавой.

Пра тое, што ў краіне пануе вайна, жыхары абласнога цэнтра не забываюць ні на хвіліну. Хаця б таму, што акупацыйныя войскі знаходзяцца ў паўсотні кіламетраў ад горада. І, адпаведна, вядуць адтуль абстрэлы.

Запарожжа пасля абстрэлаў. Фота: censor.net

Запарожжа пасля абстрэлаў. Фота: censor.net

«Запарожжу шанцуе, што расійская зброя з Васільеўкі — самага блізкага з пунктаў, які заняты расіянамі — не дабівае да Запарожжа. Адтуль пастаянна ляцяць ракеты ў бок Грыгор'еўкі, Камянскога ды астатніх вёсак, змешчаных ўздоўж трасы на мелітопальскім кірунку. Але абласны цэнтр зараз у больш-менш бяспецы», — распавядае Ірына Юр'еўна, якая ўсё жыццё правяла ў Запарожжы.

Удакладняем: ці адчуваецца блізасць акупацыі? «Хутчэй, праз турботу за блізкіх, хто знаходзіца на тэрыторыях пад расійскім кантролем. Абстрэлы, ракеты — гэта ўжо не шакуе, бо людзі жывуць ва ўмовах вайны больш за 100 дзён», — канстатуе жанчына.

Тым не менш сказаць, што Запарожжа не пацярпела ад варожай агрэсіі, значыць, схлусіць.

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Аўрора» пасля авіяўдару. Фота: zv.zp.ua

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Аўрора» пасля авіяўдару. Фота: zv.zp.ua

«Разбурэнняў хапала — адзін «прылёт» ў гандлёва-забаўляльны цэнтр «Аўрора» чаго варты. Да таго ж пацярпелі прыватныя будынкі. Быў дзень, калі «оркі» імкнуліся пацэліць у адзін з мастоў, але патрапілі ў санаторый на востраве Хорціца. Таму інфраструктуру тут пакрамсала. Але, канечне, не так катастрафічна ў параўнанні з Марыўпалем ці Харкавам», — тлумачыць Ірына Юр'еўна.

Па чым прасцей за ўсё адсачыць змены ў будзённым жыцці Запарожжа, дык гэта па транспарце.

«Напярэдадні вайны горад вёў даволі буйную мадэрнізацыю: завезлі вялікую колькасць новай тэхнікі — тых жа беларускіх аўтобусаў, напрыклад. Шмат што палепшылася ў плане лагістыкі. Зараз жа буйных адзінак транспарту на вуліцах няма ўвогуле: засталіся толькі маршруткі ды невялічкія бусікі. Да таго ж ходзяць яны адчувальна радзей, чым яшчэ колькі месяцаў таму», — дзеліцца ўражаннямі Яўген Аляксандравіч, які большую частку жыцця не проста пражыў у горадзе, але і адпрацаваў на адным з ягоных ключавых прадпрыемстваў.

«Увогуле звыклае існаванне горада змянілася, але гэта ўсё адбылося яшчэ ў лютым, напачатку ўварвання. Зараз трансфармацыя ідзе, хутчэй, у адваротным кірунку: здымаецца большасць блакпастоў унутры Запарожжа, робяцца зазоры ў бетонных канструкцыях, паменшылася колькасць пунктаў па праверцы дакументаў. Нават абмежаванняў паменшала, хаця каменданцкая гадзіна трывае з 22.00, а не з 23.00, як у Кіеве. Ды і ліміты на бензін, зразумела, нікуды не зніклі».

Цэны ў Запарожжы выраслі. Аднак, як адзначаюць мясцовыя, у параўнанні з першымі днямі вайны, калі з даступнасцю прадуктаў былі праблемы, зараз сітуацыя нармалізавалася.

«Канешне, можна прыдрацца, маўляў, у горадзе няма свежай рыбы. Але гэта лагічна тлумачыцца тым, што ўсе вадасховішчы ў Запарожжы знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі. Праблемы з соллю вынікаюць з-за разбурэння Арцёмаўскага камбіната. Ну а мелітопальскай чарэшні мы не дачакаемся з-за знішчэння тамтэйшых земляў. Выходзіць, усе недахопы лёгка патлумачыць, калі крыху ўключыць галаву. Таму ніхто тут праблем з нейкага дэфіцыту не робіць», — запэўнівае Ірына Юр'еўна.

Ключавыя заводы Запарожжа працуюць, кажа Яўген Аляксандравіч.

«Не ўсе, але большасць: «Запарожсталь», «Маторсіч», вогнетрывалы завод, каксахім. Праўда, загрузка абмежаваная 50-55 адсоткамі. Бо ёсць чыста эканамічныя амбежаванні, а таксама праблемы з вывазам сыравіны. Напрыклад, «Запарожсталь» ўваходзіла ў адзін холдынг і супрацоўнічала з «Азоўсталлю». Што адбылося з апошняй, ведае ўжо ўвесь свет…»

Большасць ключавых заводаў Запарожжа працягвае працу, кажуць мясцовыя. Фота: gmk.center

«Зарплаты? Грошы людзям прыходзяць, але не ўсе — залежыць ад загрузкі прадпрыемства. Дзесьці рэжуцца прэміі, дзесьці паменшалі аклады. Але такога, каб сядзелі без заробкаў, няма.

На малых прадпрыемствах сітуацыя, канешне, больш праблемная. Але бізнэс імкнецца выкараскацца. Вунь зірніце на цэнтральны праспект: там аднавілі 60-65 адсоткаў закладаў. Дзесьці палова кафэ і рэстаранаў горада таксама аднавілі працу. Складана ўсім, але што рабіць…» — уздыхае суразмоўца.

Цікавімся пра прапаганду, бо расіяне рапартуюць пра кантроль інфармацыйнай прасторы ў рэгіёне.

«Украінскія сувязь, тэлебачанне і інтэрнэт у Запарожжы працуюць нармалёва, таму плыні расійскай прапаганды горад абмінаюць, — даводзіць Ірына Юр'еўна. — Праблемы ўзнікаюць ужо непасрэдна ў глыбіні акупаваных тэрыторый — напрыклад, у Мелітопальскім раёне. Хаця яшчэ тыдзень таму ніякіх складанасцяў у камунікацыі не назіралася. Але пасля ўкраінскую сувязь у тых краях — разам з Херсонам і рэгіёнамі побач — адключылі».

Блізкасць акупантаў да родных мясцін, падаецца, павінна правакаваць паніку сярод жыхароў Запарожжа. Аднак людзі на дзіва аптымістычна глядзяць на сітуацыю.

«Украіна пераможа і дэакупуе Запарожжа, а пасля і ўсю краіну. Гэта не толькі маё прыватнае меркаванне — запытайце каго заўгодна. Нават у тых, хто напачатку вайны меў прарасійскі настрой. Пасля падзей, што адбыліся ў краіне за апошнія сто дзён, прыхільнікаў «рускага свету» ў рэгіёне няма ўвогуле: асобна радыкальна «русіфікаваныя» грамадзяне яшчэ ўзімку з'ехалі ў тую частку вобласці якая пад расіянамі», — катэгарычна прамаўляе Яўген Аляксандравіч.

Вайна паскорыла працэс украінізацыі. Фота: 1news.zp.ua

Вайна паскорыла працэс украінізацыі. Фота: 1news.zp.ua

«Цікава, што Запарожжа нельга назваць украінамоўным горадам. На 80 адсоткаў тут заўсёды размаўлялі рускай. Нават у бытавым выкарыстанні яна мела прыярытэт, нягледзячы на тое, што школы ды ўніверсітэты ўжо даўно перайшлі на ўкраінскую, — дадае Ірына Юр'еўна. — Аднак сёння наша роднае слова тут стала чутно значна часцей.. І не толькі таму, што яшчэ да вайны абслугоўванне ў крамах стала абавязковым менавіта ўкраінскай. Вайна паскорыла працэс украінізацыі».

Пацверджанне слоў — чарговая хваля перайменавання вуліц, якая плануецца ў бліжэйшай будучыні. У 2014-м упершыню горад змяніўся такім чынам, калі прыбіралі савецкія назвы — праспект Леніна, напрыклад, стаў саборным праспектам. Зараз жа прасоўваецца ініцыятыва мяняць назвы вуліц, звязаных з дзейнасцю рускіх людзей — плошчу Пушкіна, бульвар Маякоўскага і гэтак далей.

Цікава, як паставіліся жыхары Запарожжа да візіту Уладзіміра Зяленскага на выходных. «Ды простыя людзі нават не ведалі, што ён едзе! Усё ж трымалася ў сакрэце з мэтай бяспекі. Таму ніхто не чакаў тут яго пабачыць», — прызнаецца Ірына Юр'еўна. І дадае, што прэзідэнт у першую чаргу прыязджаў пацікавіцца справамі перасяленцаў з Данбаса. Аднак і пра справы горада не забыўся.

«Яго візіт павінен быў актывізаваць мясцовую ўладу. Так, яна займаецца праблемамі перасяленцаў ды інфраструктуры. Але магла б дзейнічаць куды больш актыўна і рабіць больш», — упэўнены Яўген Аляксандравіч. — Але ведаеце, да Зяленскага ўвогуле нуль пытанняў. Ён малайчына, цудоўна трымаецца. І людзі таму за яго стаяць».

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0