Фота: AP

Фота: AP

Перш за ўсё Наталля звяртае ўвагу на тое, што паездка кіраўніка РПЦ у Беларусь не планавалася. Пра яе стала вядома за некалькі дзён, і тое візіт патрыярха стараліся трымаць у сакрэце. Тэолаг заўважае, што Кірыл прыехаў у Беларусь пасля 27 мая, калі ў Кіеве прайшоў Сабор Украінскай праваслаўнай царквы, які абвясціў пра яе незалежнасць ад РПЦ (але не аўтакефалію).

«На мой погляд, патрыярх Кірыл проста хацеў яшчэ раз зацвердзіць свой статус патрыярха ўсяе Русі, які захістаўся пасля апошняга Сабору ў Кіеве, у Беларусі ў патрыярха яшчэ ёсць магчымасць гэта зрабіць. Ён пажадаў прыехаць у Беларусь, і яго сюды пусцілі, ды яшчэ і сказалі добрыя словы. Так што гэта быў візіт для самасцвярджэння. Цяпер жа яму асабліва няма куды ехаць, акрамя Беларусі», — мяркуе Наталля Васілевіч.

Ва Украіне і праваслаўных краінах Еўропы патрыярху цяпер не рады, толькі ўмяшальніцтва Венгрыі выдаліла Кірыла з санкцыйнага спісу Еўрасаюза.

Ці мог патрыярх наведаць Беларусь, каб упэўніцца, што царкоўны Мінск не пойдзе па шляху Кіева да аддзялення ад РПЦ? На думку эксперткі, такой пагрозы ў Маскве цяпер не бачаць: «Як лічаць царкоўныя чыноўнікі, пасля 2020 года яны «нармалізавалі» сітуацыю. Адсунулі ад кіравання епархіяй адзінага епіскапа, у якога было сваё меркаванне, — епіскапа Гродзенскага Арцемія».

А якія настроі пануюць цяпер у беларускай царкве, як паўплывала вайна ва Украіне на людзей, што чыталі прыказанне «Не забівай»? Наталля лічыць, што варта падзяляць настроі сярод епіскапаў і звычайных святароў і вернікаў. Для патрыярха мае значэнне толькі пазіцыя епіскапата.

«Вакол епіскапаў будуецца сама структура царквы, яны караюць і мілуюць, накладваюць санкцыі на святароў, распараджаюцца маёмасцю. І з гэтага боку патрыярх мае поўную лаяльнасць, бо ён непасрэдна ўплывае на прызначэнне ўсіх гэтых людзей. Гэта яго людзі, якіх ён выбраў, праверыў і паставіў. Да пэўнага часу, пакуль не ўзнікне канфлікт інтарэсаў, яны будуць падтрымліваць патрыярха, бо гэта іх дабрадзей і непасрэдны кіраўнік.

Пры любых праявах нелаяльнасці ён здолее, як у выпадку з Арцеміем, проста сабраць Сінод, нават дыстанцыйным чынам, і пазбавіць чалавека пасады. У епіскапаў няма супольных інтарэсаў, кожны з іх жадае проста застацца на сваім месцы і быць на добрым рахунку ў патрыярха.

Таму яны не будуць праяўляць ніякага непадпарадкавання, пакуль гэтага не запатрабуюць улады».

Што тычыцца простых святароў і вернікаў, тут сітуацыя зусім іншая.

«Да 2020 года сярод іх было шмат людзей, якія прымалі Кірыла як асобу на пасадзе патрыярха і мірыліся з тым, што ён не падабаўся ім як чалавек. Але паступова патрыярх пераступаў чырвоныя лініі, і людзі ўжо не былі гатовыя мірыцца з ім так, як раней, па маральных перакананнях яны ўжо не знаходзілі ў сабе сілы дэманстраваць да патрыярха нейкія станоўчыя пачуцці.

Сярод такіх чырвоных ліній было неасуджэнне гвалту ў 2020 годзе, перапыненне еўхарыстычных адносін з Канстанцінопальскім патрыярхатам у 2018-м. Для вельмі многіх людзей чырвонай лініяй сталі паводзіны Кірыла на пачатку вайны ва Украіне. Такіх людзей шмат, але яны, можа, і не ведаюць пра гэта, бо ў час рэпрэсій ім вельмі цяжка выказваць сваю пазіцыю».

«Думаю, што патрыярх таму і ехаў у Беларусь. Ён ведаў, што на сустрэчу з ім прыгоняць каго трэба і прымусяць усміхацца, а калі трэба, то ГУБАЗіК і АМАП вырашаць праблему з іншадумцамі. Будзе створаная прыгожая карцінка для яго асалоды», — заключае Наталля.

Патрыярх Кірыл у звароце да беларускага народа гаварыў пра «прасторы Русі» і «ўскраінныя землі»

Клас
10
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
28