Аб заключэнні кантракта на пастаўку трох артылерыйскіх дывізіёнаў было абвешчана ўчора на сустрэчы прадстаўнікоў польскага і ўкраінскага ўрадаў у Кіеве. Гаворка ідзе пра 56 адзінак самаходных гаўбіц KRAB з дадатковымі машынамі. Арыенціровачны кошт гэтага кантракту складае каля 3 млрд злотых. Пастаўкі павінны быць ажыццёўленыя на працягу некалькіх месяцаў. Гэта «звычайная» дамова куплі-продажу.

Здзелка стала найбуйнейшай для польскай абароннай прамысловасці за апошнія гады, паведамляе reform.by.

29 мая стала вядома, што Польшча бясплатна перадала ўкраінскай арміі 18 самаходных гаўбіц KRAB, а таксама навучыла сотню ўкраінскіх артылерыстаў працы з новай сістэмай. Магчыма, пастаўку будзе часткова рэфінансаваць ЕС

KRAB — гэта 155-мм самаходная гаўбіца вытворчасці Huta Stalowa Wola. Яна здольная зрабіць 6 стрэлаў за хвіліну і эфектыўна паражаць цэлі на адлегласці да 40 км. Гусенічнае шасі машыны вырабляецца па карэйскай ліцэнзіі, а гармата калібрам 155 мм з'яўляецца мадыфікацыяй брытанскага ўзбраення. У 2016 годзе Мінабароны Польшчы замовіла 96 такіх машын на суму больш за 4,6 млрд злотых.

Таксама сёння стала вядома, што Славакія паставіць Украіне восем самаходных гаўбіц Zuzana 2.

Пагадненне аб камерцыйным кантракце на пастаўку васьмі гаўбіц падпісала дзяржаўнае прадпрыемства Славакіі.

Zuzana 2 — мадэрнізаваная версія самаходнай артылерыйскай устаноўкі. Яна выкарыстоўвае 155-мм снарады і мае эфектыўную далёкасць стральбы каля 40 км, а са спецыяльным боепрыпасам — звыш 50 км.

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0