На пытанне, чым Канада можа ўвогуле прывабіць беларусаў, Таццяна адказвае проста — падобным кліматам ды прыродай. Звыклыя нашаму воку бярозкі, азёры ды зелень атачаюць жыхароў паўсюдна. Да таго ж айчынная мантра «спакой ды стабільнасць» таксама характэрная і заакіянскай краіне.

«Аднак ёсць важнае адрозненне. Канада — у параўнанні з Беларуссю і шматлікімі іншымі краінамі — развіваецца збольшага дзякуючы эміграцыі. Таму працэс гэты тут вельмі зразумелы і празрысты.

Калі ты малады высокакваліфікаваны спецыяліст з веданнем замежных моў, то можаш атрымаць статус пастаяннага рэзідэнта (амаль як грамадзянін краіны, толькі без права голасу) яшчэ да пераезду. Ёсць база кандыдатаў, пры рэгістрацыі ў якой табе налічваюць балы за ўзрост, адукацыю, вопыт працы і ўзровень валодання дзяржаўнымі мовамі — англійскай ці фрацузскай.

Праўда, пасля 30 гадоў ачкі за ўзрост мінусуюцца, а веды моўныя трэба пацвярджаць праз міжнародныя экзамены кшталту IELTS», — распавядае Таццяна.

Дадатковая паралель з Беларуссю праводзіцца сама сабой і пры сутыкненні з канадскай бюракратыяй. Наша гераіня адчула гэта на сабе, калі, напрыклад, пацвярджала айчынны дыплом альбо рыхтавала розныя дакументы пад эміграцыйныя патрэбы. На гэта пайшла велізарная колькасць часу ды грошай. Праз тры гады жыцця ў Канадзе могуць дазволіць атрымаць грамадзянства. У параўнанні з Еўропай, дзе часцей за ўсё працэс займае 8—10 гадоў, гэта мізэр.

«Кажуць, што Канада сабрала найлепшае са Старога ды Новага Свету. Але як па мне, тут больш усё ж паўночнаамерыканскага: жоўтыя светлафоры з белым (на дазвол) ды чырвоным (забарона) сігналамі, хмарачосы ў даўнтаўне з малаэтажнымі забудовамі на кіламетры наўкола. Акрамя таго, так сабе развітая сістэма грамадскага транспарту, калі без машыны — нікуды, а таксама цэннікі без уліку падаткаў», — кажа дзяўчына.

Еўрапейскі след можна адсачыць у падкрэсленай ветлівасці, талерантнасці, а таксама бясплатнай медыцыне.

«На паслугах, звязаных з аховай здароўя, варта спыніцца асобна, бо сістэма тут вельмі падобная да брытанскай — усё робіцца выключна праз сямейнага тэрапеўта. Спачатку запісваешся на прыём (што можа заняць даволі доўгі час), пасля чаго атрымліваеш накіраванне да спецыялістаў. Візітаў да іх таксама трэба будзе чакаць, тут ужо залежыць ад тэрміновасці ды крытычнасці праблемы.

Выпраўляешся адразу ў лякарню толькі тады, калі зусім ужо блага. Там на ўваходзе праходзіш трыяж — так бы мовіць, сартаванне ў залежнасці ад стану ды сімптомаў, пасля чакаеш агляду, аналізаў ды абследавання. Усё гэта бясплатна, выдаткуеш сродкі толькі на лекі — і толькі ў тым выпадку, калі раней не завёў страхоўку.

Цікава, што ў адрозненне ад Беларусі, тут абследаванне кшталту КТ прызначаюць не «каб выключыць», а «каб пацвердзіць» той альбо іншы дыягназ. Таму можа падацца, што лекары ўспрымаюць твае праблемы недастакова сур'ёзна. Аднак калі сумняваешся ў кампетэнцыі медыкаў, магчымасці самастойна схадзіць у платную клініку няма — усё толькі праз сямейнага лекара альбо прыёмнае аддзяленне», — адзначае Таццяна.

Стэрэатыпы пра канадцаў спраўджваліся амаль на сто адсоткаў, калі справа тычылася халоднай зімы і татальнай любові да хакею.

«Чаго наўрад ці чакаеш, дык гэта цягі да гульні ў гольф у цёплы час, — усміхаеца Таццяна. — Дарэчы, тут лета і восень значна больш цёплыя, чым у Беларусі. Напрыклад, у кастрычніку лёгка можа быць +24. Вясны амаль няма. А вось зіма куды больш лютая. У тым жа Таронта, дзе давялося жыць, пры мінус 15 маразы адчуваюцца значна сур'ёзней, чым у Мінску».

А вось што сапраўды дзівіць у Канадзе — гэта гігантаманія. Свечкі вагой па паўкілаграма, ёгурты ў пакунках ёмістасцю ў літр мінімум, лядоўні памерам у некалькі беларускіх.

«Хутчэй за ўсё чалавека з нашых шырот таксама шакуе і працэс арэнды альбо набыцця жытла, — мяркуе наша суразмоўца. —

Тут нельга проста паглядзець кватэру па аб'яве і, калі ўсё задавальняе, дамовіцца з гаспадаром. Кожны з бакоў абавязаны мець рыэлтара, юрыста, а калі хочаш прыдбаць нешта, то і іпатэчнага брокера — цэны на жытло ў Таронта касмічныя. Калі ты ўпадабаў кватэру, то робіш прапанову па цане і ўмовах праз рыэлтара, а гаспадары могуць пагадзіцца альбо адмовіцца.

Адна з тыповых новых кватэр у Таронта, якая здаецца ў арэнду за амаль 1600 даляраў. Фота: rentseeker.ca

Адна з тыповых новых кватэр у Таронта, якая здаецца ў арэнду за амаль 1600 даляраў. Фота: rentseeker.ca

Паколькі попыт на квадратныя метры вельмі высокі, прапановы прымаюцца толькі ў пэўны дзень. Гаспадары разглядаюць некалькі офераў — і выносяць рашэнне. Калі цэны аднолькавыя, то гаспадары могуць скіраваць дзве-тры найлепшыя прапановы «на дапрацоўку». Тады слепа даводзіцца павышаць выдаткі ды спадзявацца на лепшае», — тлумачыць Таццяна.

Падаецца, што беларусы ўвогуле ў жыцці могуць прыстасавацца да ўсяго. Аднак у Канадзе давядзецца сутыкнуцца з інавацыйным спосабам ацяплення жытла. Цэнтралізаванай сістэмы там няма зусім, а самым сучасным спосабам уздымаць тэмпературу ў памяшканні лічыцца forced air — тэхналогія, пры якой цёплае паветра «ганяецца» праз трубы.

Сістэма ацяплення. У бойлеры ідзе падагрэў і вады, і паветра. Нагрэтае паветра дзьме са шчылін у сцяне, а на двор выходзяць «трубы», як на правым здымку.

Сістэма ацяплення. У бойлеры ідзе падагрэў і вады, і паветра. Нагрэтае паветра дзьме са шчылін у сцяне, а на двор выходзяць «трубы», як на правым здымку.

«Калі гэтая дурында ўключаецца, падаецца, што самалёт ідзе на ўзлёт, — смяецца Таццяна. — Першыя тыдні нават спаць з-за гэтага нармальна не магла. Потым прызвычаілася.

Як і да бойлераў з індывідуальным падагрэвам вады. Каб запусціць сістэму, трэба адкрыць гарачую ваду і колькі хвілін пачакаць, каб тэмпература «кіпення» дасягнула нормы. Тэхналогія імкнецца захоўваць прыродныя рэсурсы ды скарачаць выкіды шкодных рэчываў у атмасферу. А вось людскія нервы наадварот расхіствае. Асабліва ўзімку, калі імкнешся з марозу адразу рукі ў цёплую ваду скіраваць».

Фінансы — тэма, якую ўвагай ніяк не абмінуць, хаця адказ «тут усё дорага» бачыцца відавочным.

Вядома, дзесьці выратуюць зніжкі ці пошук крыху больш таннай ежы сярод асартыменту розных супермаркетаў. Аднак гэта неістотная розніца. Дарэчы, цэны ўсюды пазначаныя без уліку падаткаў, таму толькі на касе даведваешся, колькі насамрэч заплаціш.

«Арандаваць жытло — таксама выклік для кашалька. Невялічкая двухпакаёвая кватэра з кухняй-гасцёўняй у цэнтры горада на беразе возера пацягне на 8100 беларускіх рублёў з улікам «камуналкі». Мабільная сувязь цягне на 135 рублёў за месяц», — падлічвае Кацярына.

І дадае: «У параўнанні з Беларуссю вышэйшы і падатковы груз. Тут прагрэсіўная сістэма: у Канадзе плачу па стаўцы 40 адсоткаў, тады як у Мінску на правах ІП плаціла тры. Але, як жартуюць, відаць, канадскі ўрад каштуе даражэй».

Як заляцаюцца да дзяўчат тамтэйшыя мужчыны? Таццяне складана акрэсліць пэўныя шаблоны, бо з-за мульцікультуралізму паняцце «канадцы» даволі размытае.

«Тут усе імігранты ў той ці іншай генерацыі, таму захоўваюць у той альбо іншай ступені менталітэт ды традыцыі «краіны зыходу». Праўда, з усімі гэтымі адрозненнямі камфортна — ніхто не глядзіць крыва адно на аднаго з-за выгляду альбо акцэнту».

А вось пра палітыку ды падзеі, якія адбываліся ў Беларусі два гады таму і маюць месца цяпер, асабліва з народам не пагутарыць — узровень ведання невысокі. Тэма вайны ва Украіне ўздымаецца тут часцей.

«Канадцаў аб'ядноўвае ветлівасць — мабыць, гэта спадчына брытанскага мінулага. Як і жарты, што ў іх збольшага падрыхтаваныя загадзя і тычацца клімату альбо надвор'я. Ёсць нават трапныя: напрыклад, выраз «Canadian tuxedo», які літаральна перакладаецца як «канадскі смокінг», насамрэч азначае джынсавы касцюм з курткі і джынсаў. Але, канечне, каб зразумець усю трапнасць мясцовай гульні слоў, трэба пранікнуцца кантэкстам», — адзначае Таццяна.

Клас
92
Панылы сорам
13
Ха-ха
9
Ого
13
Сумна
7
Абуральна
19