Сустрэча на вайсковай базе «Рамштайн» адносна ваеннай падтрымкі Украіны

Сустрэча на вайсковай базе «Рамштайн» адносна ваеннай падтрымкі Украіны

У заходняй экспертнай і палітычнай супольнасці набірае сілу хваля абмеркаванняў, што Украіне варта было б «прыцішыць амбіцыі» і сесці за стол перамоваў з РФ. І калі дзе-нідзе ў гэтых дыскусіях прыкметна тырчаць вушы расійскіх лабістаў, то меркаванне экс-дзяржсакратара ЗША Генры Кісінджэра некаторыя аналітыкі лічаць хоць і спрэчным, але досыць важкім.

Наколькі верагодна, што ЗША і Еўропа прыслухаюцца да размоў аб тэрытарыяльных саступках і прытармозяць пастаўкі ўзбраенняў ва Украіну, схіляючы яе да «благога міру»? Ці антыпуцінская кааліцыя дастаткова моцная, каб ігнараваць ультыматумы Расіі і не весціся на шантаж?

— Кісінджэр — ён, вядома, легендарная фігура, — адзначае Аляксандр Фрыдман, — але перабольшваць ягоны ўплыў усё-такі не варта. Погляды, якія ён на працягу велізарнай колькасці часу выказвае, ніколі не былі таямніцай. Ён і раней, калі не памыляюся, выказваўся наконт Крыма, і разглядае Расію як фактар еўрапейскай стабільнасці, гэта таксама ўсім вядома.

Гэта значыць, нічога прынцыпова новага Кісінджэр не сказаў. Акрамя таго, Кісінджэр заўсёды быў блізкі ў Амерыцы да Рэспубліканскай партыі, а цяпер у ЗША ва ўладзе дэмакратычная адміністрацыя.

Ёсць шмат іншых палітыкаў, чые выказванні адлюстроўваюць меркаванне адміністрацыі Байдэна, а выказванні Кісінджэра ўсё ж такі адлюстроўваюць меркаванне самога Кісінджэра, не больш.

Калі казаць пра Еўропу — так, часта чуюцца размовы аб тым, што неабходна спыніць гэтую вайну. Але няма сур'ёзных еўрапейскіх палітыкаў, гатовых адкрыта сказаць, каб Украіна саступіла свае тэрыторыі. Таму што яны ведаюць, што Украіна гэта адхіляе, што гэтая пазіцыя непрымальная і на такі мір альбо перамір'е, як заўгодна гэта можна называць, Украіна не пойдзе.

Наогул, калі абмяркоўваюць гэтую тэму, то няма галоўнага: разумення, як гэта ўсё павінна выглядаць, пра якія менавіта тэрыторыі можа ісці гаворка, як гэта можа быць замацавана, і іншае, і іншае.

Больш таго, адзначае эксперт, літаральна ўчора Олаф Шольц паўтарыў: дыктат Расіі, навязаная Украіне мірная дамова са стратай тэрыторыі з'яўляецца непрымальнай — і для Еўропы, і для Украіны.

Адзін з самых яркіх лабістаў перамір'я, італьянскі прэм'ер-міністр Марыё Драгі, пасля тэлефоннай размовы з Пуціным 26 мая таксама вымушаны быў канстатаваць, што «не ўбачыў надзеі на мір» ва Украіне.

— Гэта значыць, у публічнай прасторы падобных выказванняў (заклікаў да Украіны «прыцішыць амбіцыі») няма, — канстатуе Аляксандр Фрыдман. — Што тычыцца нябачнай, закуліснай часткі — там, хутчэй за ўсё, нешта такое ёсць. Але, тым не менш, былі афіцыйныя заявы ўкраінскага боку на гэтую тэму, пазіцыя Украіны ўсім зразумелая.

Што тычыцца паставак узбраенняў, тут, вядома, таксама даволі супярэчлівая сітуацыя. З аднаго боку, гэты працэс ідзе далёка не так хутка, як хацелася б Украіне. З іншага — няма ніякіх размоў аб тым, каб спыніць ці запаволіць пастаўкі.

— Калі ацэньваць танальнасць публікацый у заходняй прэсе і выступаў еўрапейскіх палітыкаў, наколькі, на ваш погляд, Захад гатовы зноў актывізаваць працэс мірных перамоваў?

— Давайце адштурхоўвацца ад таго, што было сказана ў публічнай прасторы. Напрыклад, выказванне Шольца, даволі адназначнае.

Шольц сказаў дзве рэчы: па-першае, што Расія не павінна выйграць гэтую вайну — і ён зыходзіць з таго, што яна яе не выйграе.

Па-другое, што Пуцін зразумее, што ён не дасягне сваёй мэты ва Украіне, і калі зразумее, то сядзе за стол перамоваў і будзе мір.

У гэты ж дзень генеральны сакратар НАТА Столтэнберг заявіў, што саюзнікам трэба быць гатовымі доўгатэрмінова пастаўляць зброю, бо вайна ва Украіне ўсё больш робіцца вайной на знясіленне.

На сур'ёзным узроўні, за выключэннем заяў Кісінджэра, мне больш не траплялася выступленняў палітыкаў — дзейных палітыкаў, якія прымаюць рашэнні, — якія заявілі б, што Украіна павінна паступіцца сваімі інтарэсамі.

А вось калі мы паглядзім на ўзровень абывацельскі — вядома, у Еўропе хапае людзей, якія мараць пра тое, каб гэтая вайна неяк скончылася. І калі яна скончыцца шляхам страты Украінай нейкіх тэрыторый, многіх еўрапейскіх абывацеляў гэта не збянтэжыць.

Тое, што зараз гаворыцца з нагоды Еўрасаюза — аб ініцыятыве Італіі, Кіпра і Венгрыі ўключыць у выніковы дакумент саміта ЕС заклікі да спынення агню і аднаўлення перамоў паміж Украінай і ЕС — у гэтым нічога незвычайнага няма. Бо не сказана ані слова пра тое, што Украіна абавязаная ахвяраваць тэрыторыямі, гаворка ідзе толькі пра імкненне нейкім чынам дасягнуць перамір'я.

Але перамір'е — тое пытанне, да якога не гатовы ніводзін з бакоў. Ні Расія, якая не дасягнула сваіх актуальных мэтаў, ні Украіна, якая не хоча замарозіць канфлікт.

Пры гэтым і расцягванне вайны на доўгі перыяд таксама нікому не трэба, падкрэслівае экспэрт: для Расіі гэта будзе азначаць немагчымасць урэгулявання сітуацыі на еўрапейскім кірунку, для Украіны — каласальныя страты…

— Гледзячы на падзеі апошніх дзён, складваецца адчуванне, што мы ідзем да вельмі небяспечнай эскалацыі, — кажа Аляксандр Фрыдман. — Працягваецца расійскае наступленне, якое прыводзіць да вялікіх страт з абодвух бакоў. Мы маем справу з харчовым, збожжавым крызісам, які пагражае скончыцца голадам у Афрыцы і Азіі — Расія гатовая пайсці на гэта і пагрузіць свет у яшчэ большую нестабільнасць.

І ёсць заява Лаўрова, які палохае, што калі будуць адбывацца далейшыя пастаўкі ўзбраенняў, то развяжацца сусветная вайна: хоць вайной ён гэта не называе, але практычна пагражае.

Гэта вельмі небяспечная фаза эскалацыі. Прытым сітуацыя дынамічная, пастаянна мяняецца, і нас чакае вельмі цяжкі і нервовы час. Яно і да гэтага было так сабе, мякка кажучы, а цяпер будзе яшчэ горш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
0