Фота: specreport.belta.by/pioneer

 Фота: specreport.belta.by/pioneer

Гэтай даце шмат увагі надалі дзяржаўныя СМІ, нямала праведзена прынагодных афіцыёзных мерапрыемстваў. А галоўнае — да гэтай кампаніі непасрэдна далучыўся і сам Лукашэнка, правёўшы сустрэчу з актывам сучасных беларускіх піянераў і адзначыўшы пры гэтай нагодзе, што ўскладае вялікія надзеі на адбудову колішняй савецкай сістэмы, скіраваную на ідэалагічную індактрынацыю моладзі:

«Трэба сур'ёзна адбудаваць працу піянерскай арганізацыі і ў цэлым нашай моладзевай арганізацыі. Самы вялікі недахоп, што піянеры і піянерская арганізацыя слаба прывязаныя да моладзевай арганізацыі, БРСМ, а яны не вельмі цікавяцца вашым жыццём. У нас было жалезна: камсамольцы — гэта старэйшы брат. Арганізоўваюць, вядуць за руку. Гэта значыць з піянераў гадавалі новае пакаленне моладзі».

Прычыны такой зацікаўленасці праблемай з боку Лукашэнкі зразумелыя: утрымліваючы ўладу пры дапамозе жорсткіх рэпрэсій, ён усё ж такі разумее, што на ідэалагічным полі змаганне па-ранейшаму прайграе.

Кажучы словамі расійскага класіка, у няўдзячнага правадыру насельніцтва «разруха ў галовах», і з дарослымі людзьмі нешта з гэтым зрабіць ужо складана. Можна гвалтам прымусіць іх трымаць свае думкі пры сабе, але прымусіць шчыра перакавацца наўрад ці магчыма. Таму і даводзіцца сядзець на штыхах і ляцець на адным крыле, што не вельмі камфортна.

Але, можа, калі з дарослымі так не зраслося, то ўдасца вылепіць не кан’юнктурна, а ідэйна верных рэжыму людзей з цяперашніх дзяцей, калі правільна паставіць ідэалагічную працу з імі? Калі сістэма, як памятае і сам Лукашэнка, даволі спраўна, пакуль унутраныя і знешнія ворагі ўсё не развалілі, працавала ў савецкі час, то чаму не можа цяпер? Можа, проста арганізацыйна ўсё няправільна цяпер наладжана, а калі скалькаваць мінулы досвед і прымяніць яго ў цяперашніх умовах — то ўсё запрацуе?

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Фота: specreport.belta.by/pioneer

На самай справе не запрацуе. Бо для таго, каб працавала, недастаткова фармальнага дурэння галоваў у школах, трэба каб быў больш салідны падмурак. Які ў савецкі час быў практычна да самага канца СССР, і на ім усё трымалася. Цяпер жа ніякага падмурка няма, ідэалагічная праца павісае ў паветры.

Праілюструю гэтую думку ўласным аўтабіяграфічным досведам. Маё ранняе дзяцінства прыпала на 1980-я гады, калі камуністычная сістэма ўступіла ў фінальную стадыю свайго крызісу. Да яе краху пачалі ўжо адлічвацца апошнія гады, хоць тады пра гэта яшчэ амаль ніхто не здагадваўся. Менавіта ў гэты час я пачаў пазнаваць свет, пайшоў у школу і ўвогуле, кажучы па-навуковаму, уступіў у працэс сацыялізацыі. На тым раннім этапе яна праходзіла ва ўмовах, мала адрозных ад іншых савецкіх дзяцей.

І прыгадваючы тыя часы, мушу прызнаць, што сістэма дзіцячай ідэалагічнай індактрынацыі нават тады, на самым-самым закаце камуністычнай сістэмы, дзейнічала даволі няблага. Памятаю сваё — і не толькі сваё — тагачаснае некрытычна станоўчае стаўленне да Леніна, савецкай улады, камуністычнай партыі, Кастрычніцкай рэвалюцыі, «Вялікай айчыннай вайны» і падобнага.

Усплывае, напрыклад, у памяці, як падчас нейкіх спрэчак сярод маіх аднагодкаў, калі адзін сумняваўся ў праўдзівасці словаў іншага, то ён мог выгукнуць: «Леніным пакляніся!» І гэта быў адзін з найбольш моцных відаў клятвы. Дзяўчынкі-першакласніцы ці нават дашкольніцы спакойна маглі прачытаць на школьным ранішніку вершык накшталт «Я маленькая девочка, я в школу не хожу, я Ленина не видела, но я его люблю». Ніхто з гэтага не смяяўся, успрымалася як належнае. Не кажучы ўжо пра тое, што да апошніх гадоў СССР захоўваліся ўсе акцябрацка-піянерскія рытуалы, прытым значкі з юным Ільічом і чырвоныя гальштукі насіліся не абавязкова з-пад палкі.

Нельга сказаць, што гэта ўсё засвойвалася трывала і перажыло выпрабаванне часам ды зменай эпох. Акурат не — ніхто з маіх тагачасных сяброў-знаёмых гэтыя ідэалы, наколькі я ведаю, у дарослае жыццё не панёс. Але ў той час гэта хоць і павярхоўна, але засвойвалася, і даволі арганічна, без унутранага супраціву і катэгарычнага адрынання.

Чым гэта можна патлумачыць? Рэч у тым, што тагачасныя поспехі ў індактрынацыі дзяцей грунтаваліся на вельмі магутнай дзесяцігоддзямі да таго закладанай базе. Культ Леніна і вера (хоць і нетрывалая) у перавагі савецкага ладу сярод познесавецкіх дзяцей не была вынікам толькі таго, што ім нешта ў галаву свядома ўбівалі «спецыяльна навучаныя людзі» накшталт ідэолагаў ці ваенрукоў.

Гэта ўсё, вядома, прысутнічала таксама, але галоўнае было ўсё ж у іншым. А менавіта ў тым, што падобны антураж атачаў дзіця ад самага нараджэння і распаўсюджваўся на ўсіх узроўнях, ён быў проста разліты ў паветры.

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Дзіцячыя кніжачкі і больш сур’ёзныя кнігі «для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту», песні, мульцікі, фільмы і перадачы, газеты, часопісы… Не, далёка не ўсё тады было заідэалагізаванае. Нельга сказаць, што любая дзіцячая кніжка ці любы мульцік былі пра Леніна і камуністычную партыю. Большасць, вядома, не. Але нямала было і дзіцячага кантэнту, у якім ідэалогія так ці іначай прысутнічала. Прытым яна не заўсёды была грубай і навязлівай, часта дзейнічала ўскосна, спакваля.

А паколькі ідэалагічны кантэнт быў у той час якасны, то ён рабіўся і часткай масавай культуры. Спакойна можна сабе ўявіць, як тагачаснае дзіця напявае сабе пад нос «пусть всегда будет солнце…» ці «что тебе снится, крейсер «Аврора»…» Не таму, што ў ягонай галаве стрэмкай сядзіць жаданне пад сцягам камуністычнай партыі змагацца за мір ва ўсім свеце ці быць верным ідэалам Кастрычніка. Проста таму, што песні падабаюцца самі па сабе. Я сам з таго часу безліч усяго такога ведаю на памяць, хоць адмыслова, здаецца, ніколі не вучыў.

Важна тое, што тыя ж творы літаратуры і мастацтва, пад уплывам якіх проста дзеці рабіліся дзецьмі савецкімі, часта былі створаныя людзьмі безумоўна таленавітымі, не былі графаманіяй. І не заўсёды яны былі вынікам чыстай кан’юнктурнасці, калі аўтар піша твор на замову пра тое, у што сам анітрохі не верыць. Адпаведна ў творах тых была нейкая іскра, якая калі не запальвала і натхняла на подзвігі, то прынамсі спрыяла таму, каб прачытанае, прагледжанае ці праслуханае клалася цаглінкай у агульную светапоглядную пабудову.

Характэрна таксама, што значная, калі не большая частка таго ідэалагічнага комплексу, на якім нас выхоўвалі, тая ж «ленініяна», былі створаныя задоўга да нараджэння спажыўцоў прадукцыі, часта за некалькі дзесяцігоддзяў. Тым не менш, тыя ж дзіцячыя кніжкі нармальна чыталіся і не ўспрымаліся як штосьці безнадзейна састарэлае. Напрыклад, пры чытанні ў дзяцінстве гайдараўскага «Цімура і яго каманды» не думалася пра тое, што гэта ўсё створана амаль за паўстагоддзя да таго і ўжо не актуальнае.

Свет тады не мяняўся настолькі імкліва, як цяпер, і розніца паміж пакаленнямі хоць была, але не настолькі вялізная і выразная, як пазней, калі грамадства і ў нашых шыротах пачало трансфармавацца з індустрыяльнага ў постіндустрыяльнае.

Таму творчасць старых аўтараў, якія пісалі свае творы тады, калі ідэя была яшчэ жывой і яны самі ёй гарэлі, магла без праблем успрымацца новымі пакаленнямі без ніякай адмысловай прынукі. І пры гэтым прынамсі часова захоўвала сваю энергетыку. Што ідэалагічную скарбонку несумненна ўзбагачала і ўзмацняла.

Такім чынам, напрыканцы Савецкага Саюза камуністычная ідэалогія ўжо была ў глыбокім крызісе, з якога ў выніку так і не выйшла, але сістэма індактрынацыі дзяцей дзякуючы магутнай папярэдне закладзенай базе яшчэ адносна спраўна працавала па інерцыі. Хоць уратаваць сістэму гэта ўжо не магло, яе супярэчнасці аказаліся нашмат мацнейшымі. І калі на хвалі перабудовы ў краіну прыйшлі галоснасць і плюралізм, дзеці не толькі клясціся Леніным, але і думаць пра яго адразу перасталі. Бо сама па сабе сістэма працы з дзецьмі хоць яшчэ і працавала ды нейкую першасную базу закладала, але развіць і замацаваць вынікі гэтай працы ўжо не было як.

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Ці можна гэта самае, хоць не з такім размахам, але ўсё ж не чыста фармальна, а цалкам рэальна адрадзіць у цяперашняй Беларусі? Можа, мабілізаваўшы сілы, Лукашэнка разам са сваёй камандай здолее, калі ўжо старэйшыя пакаленні яму «здрадзілі», праз школу эфектыўна ўзяць пад кантроль дзяцей і моладзь хоць бы так, як гэта было ў познесавецкія часы, пакуль сістэму не ўзарвалі галоснасць і плюралізм? Мне здаецца, што гэта вельмі малаверагодна, бо, як той казаў, ёсць нюанс.

Сітуацыя тады і цяпер карэнным чынам адрозніваецца тым, што калі ў познім СССР камуністычнае кіраўніцтва мела ў руках ужо гатовую, максімальна разгалінаваную ды адпрацаваную і адшліфаваную пакаленнямі сістэму, якая да таго ж дзейнічала ва ўмовах фактычнай адсутнасці канкурэнцыі, то Лукашэнку яе трэба ў крызісных умовах толькі ствараць. Прытым ствараць пры адсутнасці жывой ідэалогіі, якой гарэлі б хоць бы самі ідэолагі. Бо калі не будуць гарэць яны самі — то не запаляць і іншых.

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Плюс трэба ствараць не фармальную, а рэальна дзейную інфраструктуру накшталт савецкай — каб дзеці даведваліся пра тое, што Лукашэнка круты, а створаная ім сістэма самая-самая не толькі з выступленняў перад імі цётачак з начосамі і бравых запрошаных гасцей з ваенкаматаў і пракуратур, а з крыніц, цікавых і аўтарытэтных для іх саміх. То-бок калі ідэалагічная праца вядзецца не толькі ў школе, але і па-за ёй, а галоўнае — прынамсі некаторыя элементы ідэалогіі спажываюцца ў працэсе штодзённага жыцця і добраахвотна, бо гэта проста цікава.

Рэанімаваць старую савецкую базу, каб абаперціся на яе, не атрымаецца — яна безнадзейна састарэла і для сучасных дзяцей непрыдатная.

Не будуць сучасныя хлопчыкі і дзяўчынкі, нават з піянерскімі гальштукамі на шыі, чытаць і браць за прыклад «Цімура і яго каманду»: гэта твор з іншай, бязмежна далёкай ім эпохі. І іншыя яшчэ хоць крыху цікавыя нашаму пакаленню нават таленавітыя кнігі чытаць не будуць, і піянерскія кінафільмы, папулярныя ў савецкія часы, таксама іх не захопяць.

Для таго, каб дзяржаўная прапаганда мела выхад на маладое пакаленне, трэба ўмець яе падаваць праз сучасныя платформы — тыя, дзе моладзь бавіць вольны час. А з гэтым праблемы. Можна паехаць самому Лукашэнку ў школу правесці ў дзяцей «урок памяці» ці паслаць туды ж з гэтай самай мэтай умоўную Наталлю Іванаўну Качанаву. І нават сагнаць туды дзяцей, якія пад наглядам настаўніка будуць гадзіну цярпліва і паслухмяна ўсё, што ім гавораць, слухаць.

Але ў той жа час ніяк не прымусіш дзіця ўжо без настаўніка і цалкам добраахвотна глядзець запіс з Лукашэнкам ці Качанавай на Ютубе. У моладзі — свае куміры, і іх немагчыма стварыць адміністрацыйна, калі гэта ім нецікава. І сілай ды рэпрэсіямі тут нічога не даб’ешся, як бы ўлады не верылі ў іх універсальнасць ды цудадзейнасць.

Тэарэтычна можна пры дапамозе такога ўніверсальнага і цудадзейнага, на думку нашых уладаў, механізму, як сіла і гвалт, прымусіць умоўнага Улада Бумагу ці якога іншага папулярнага сярод моладзі блогера гнаць на сваім звышпапулярным канале праўладны кантэнт. Але калі кантэнт гэты будзе кандовым — а іншым пад прымусам ён быць і не можа, — то гэта прывядзе толькі да страты гэтым каналам папулярнасці і пераходам карыстальнікаў да іншых, больш жывых і цікавых канкурэнтаў.

Стварыць жа нешта канкурэнтаздольнае на гэтым полі самім прыхільнікам улады яўна не пад сілу. Мёртвая ідэалогія апрыёры не можа нарадзіць нічога жывога. Практыка папярэдніх дзесяцігоддзяў паказвае, што ўсе спробы стварыць нешта рэальна цікавае і прывабнае ў інтэрнэце з разлікам на масавую моладзевую аўдыторыю заўсёды завяршаліся адным — «асваеннем» бюджэту і пшыкам на выхадзе.

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Фота: specreport.belta.by/pioneer

Калі нешта з прадуктаў і здабывала адносную папулярнасць — то толькі як узор лютага трэшу, які перапошчвалі толькі каб парагатаць. Ніякіх перадумоў для таго, каб сітуацыя змянілася, улічваючы тое, што і сам кіраўнік рэжыму, і ягоныя галоўныя паплечнікі — людзі з мысленнем мінулага стагоддзя, няма.

Таму і надалей давядзецца гэтаму рэжыму ляцець на адным, рэпрэсіўным крыле. Прымайстраваць да яго другое, ідэалагічнае — задача невыканальная. Тым больш калі паміж транслятарамі і аўдыторыяй — ментальная прорва.

«Сказаў, каб самі піянерыліся». Хлопчыка не прынялі ў піянеры, бо не купіў у школе гальштук

Клас
52
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0