«Уваход рубель, выхад — два»

— Андрэй, раскажыце крыху пра сябе.

— Я родам з Наваполацка, працаваў там на рэгіянальных тэлестудыях аператарам. У Наваполацку такіх адразу чатыры; так атрымалася, што я ўмудрыўся папрацавць на ўсіх. Працаваў, дарэчы, нейкі час з цяперашнім палітвязнем Андрэем Аляксандравым. Потым запрасілі ў Мінск, працаваў на БелаПАН да 2016 года, пакуль агенцтва не сталі прыбіваць паціху. Нейкі час жыў у Расіі, затым з'ехаў у Польшчу.

— Як вам працавалася на БелаПАНе?

— Успамінаецца, як даводзілася ўцякаць ад міліцыі, каб не сцерлі матэрыял. Бывала, што і затрымлівалі. Калі ж атрымлівалася збегчы і прынесці матэрыял, то адчуваў сябе такім героем! Разгром агенцтва, арышт супрацоўніка — адна з прычын, чаму я цяпер ва Украіне. У БелаПАНе працавалі такія моцныя прафесіяналы, такія выдатныя людзі. Вельмі крыўдна, што цяпер яны сядзяць. З Ірай Леўшынай мы жылі па суседстве, амаль штовечар, калі яна выгульвала сабаку, сустракаліся, яшчэ языкамі мянцілі аб працы, ды і пра ўсё на свеце. З Дзімам Наважылавым мы паспелі папрацаваць разам у беларускім прадстаўніцтве расійскага тэлеканала «ОРТ». Я ведаю ўсіх іх, ведаю, наколькі гэта прыстойныя людзі, і цяпер яны сядзяць у турмах за сваю прыстойнасць.

— Ого, дык вы і на расійскае тэлебачанне папрацавалі?

— Калі ведаеце, ёсць такі беларускі прапагандыст Аляксей Міхальчанка, які вёў перадачы на «АНТ». Мы добра знаёмыя па Наваполацку, працавалі разам. Ён частка сістэмы, там уваход рубель, а выхад з яе — два. Хаця як пра чалавека нічога кепскага сказаць не магу. Дык менавіта Міхальчанка пазнаёміў мяне з Дзімам Наважылавым, якому быў патрэбны аператар на ОРТ. Пасля ўжо Дзіма прапанаваў мяне Алесю Ліпаю. БелаПАН быў найлепшым калектывам, дзе мне даводзілася працаваць. Проста залатыя людзі, мне іх вельмі не хапае.

«Міліцыя — бізнэс, армія — бізнэс, царква — бізнэс»

— Чым займаліся ў Расіі, калі з'ехалі туды?

— Працаваў на будоўлі, на мыйцы аўтамабільнай, заліваў бетонныя пáлі. Я паглядзеў на Расію знутры — гэта ж нейкі жах. Зладзеі там паўсюль, пачынаючы ад мянта, які скануе цябе на вакзале на прадмет наяўнасці грошай, і канчаючы прэзідэнтам. І гэта на ўсіх узроўнях. Міліцыя там — бізнэс, армія — бізнэс, царква — бізнэс. Калі я прыехаў у Польшчу, то ў мяне быў культурны шок, я зразумеў, што ў мяне ёсць правы, што я магу нешта аспрэчыць. Час у Расіі — гэта як турме адсядзеў.

— А расіянам праўда ўласцівы імперыялізм? Ці гэта тое, што на іх накінуў Пуцін?

— Сапраўды ўласцівы. Калі браць проста чалавека, то ён чалавек як чалавек. Калі ж браць іх як грамадства, то, вядома, капец. Ты можаш быць бамжом ці алкаголікам, але пры гэтым з прыдыханнем гаварыць, што належыш да Расіі, да імперыі. Гэта іх так падымае ва ўласных вачах. Толькі па адным праве, што ён расіянін, ён глядзіць на ўсіх звысоку — на беларусаў, на ўкраінцаў, на таджыкаў. Я працаваў з таджыкамі — гэта такія афігенныя людзі, з чачэнцамі — тое самае. А гэта і ёсць нацызм, калі ты лічыш, што твая нацыя вышэйшая за ўе астатнія.

— Ці сапраўды Пуціна ў Расіі любяць?

— Так. У іх грамадства пабудаванае так, што мяняюцца толькі шыльды: «Расійская імперыя», «СССР», «Расійская Федэрацыя». Не важна як, але ім патрэбны цар, які будзе ўсё вырашаць, каб ні пра што не задумвацца. У Беларусі грамадзянская супольнасць была нашмат больш развітая, нашмат больш ініцыятываў. У Расіі ўсяго гэтага было нашмат меней. Яны радуюцца, што перадаюць адказнасць за краіну камусьці іншаму. І я не веру, што яны могуць змяніцца.

«Шанец вярнуць краіну народу»

— Чаму вы выехалі ў Польшчу?

— Працу шукаў. Жыў у Варшаве, трошкі ў Кракаве. Працаваў там на заводзе, дастаўкай у IKEA займаўся. Атрымаў від на жыхарства. У 2020 годзе не паехаў у Беларусь, хоць мне і хацелася спачатку паўдзельнічаць у пратэстах. Калі ж пратэсты пераўтварыліся ў «маршы выхаднога дня»: пяць дзён працуем ці што, а на шосты выходзім і паказваем сваю «неверагоднасць», то я зразумеў, што ехаць няма сэнсу. Адзінае, чаго я мог дасягнуць — каб мяне пасадзілі. Я думаў аж да вайны, што буду ў Польшчы будаваць сваё новае жыццё. А тут з'явіўся шанец не проста вярнуцца, але вярнуць краіну народу.

— Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?

— У лютым 2021 года. У мяне скончылася віза, ездзіў працягваць. Жыў на чужой кватэры, карыстаўся чужой сімкай, нідзе не свяціўся. Прасядзеў так месяц, як мыш пад венікам; тады яшчэ ляталі самалёты, выскачыў і перахрысціўся.

«Польшча была, як паездка ў Дыснэйлэнд»

— Чаму ў вас пазыўны «Анджэй»?

— Яшчэ ў 1970-я паехалі з бацькамі да сваякоў у Польшчу. Мне тады было пяць гадоў. Мяне там усе называлі «Анджэй», нават бацькі сталі мяне так называць. Так і засталося са мной на ўсё жыццё. Для мяне ўжо тады Польшча была, як паездка ў Дыснэйлэнд. Яна вельмі моцна адрознівалася ад СССР: усе ходзяць у джынсах, жуйку можна купіць у краме (смяецца).

— Дык вы з часоў савецкага застою, атрымліваецца, па замежжы падарожнічаеце.

— Мой дзед і чатыры ягоныя браты ў часы Другой сусветнай вайны ваявалі ў Польскім войску. Яны родам з Глыбоччыны, гаварылі па-польску. Адзін з братоў загінуў. Мой дзед і яшчэ адзін брат вярнуліся ў Беларусь, а яшчэ двое засталіся ў Польшчы. З тых часоў у нас сваякі там. Яны памятаюць, што іх карані з Беларусі, але лічаць сябе палякамі.

«Я лічыў, што Пуцін разумнейшы»

— Што за дзень для вас быў 24 лютага 2022?

— Шчыра кажучы, быў шок. У мяне шмат добрых сяброў сярод украінцаў, яны цяпер таксама ваююць. Пачалі тэлефанаваць адзін аднаму. Мы кожны вечар збіраліся — і ўсе размовы былі пра магчымую вайну. Нават нам ужо тады ўсім было зразумела: калі абвесцяць вайну, то расійскіх салдат тут парвуць на ўкраінскі сцяг. І будзе менавіта так, як мы бачым цяпер. Трэба быць поўным дэбілам, каб пайсці на гэта. Я лічыў, што Пуцін трохі разумнейшы чалавек. Высветлілася, што не. Незразумела, як ён можа кіраваць краінай, калі не можа зразумець такіх простых рэчаў.

— Вы адразу захацелі ехаць ва Украіну?

— Так, імгненна пачаў шукаць шляхі. Мне было няважна, ехаць валанцёрам, парамедыкам, ці салдатам. Можна ўсё правільна разумець, пагаварыць, але ў момант, калі пачалася вайна, словы ўжо нічога не рашаюць. Рашаюць учынкі. Калі пачуў, што пры Беларускім доме ў Варшаве фармуецца батальён Каліноўскага, то адразу паехаў туды. Дапамагаў там — нешта паднесці, нешта загрузіць. Штодня два тыдні я туды ездзіў, пакуль пытанне разглядалася.

«На вайну ехаў не па рамантыку»

— Колькі вам гадоў?

— Ужо ва Украіне мне споўнілася 53. Але я тут не самы старэйшы, што было адкрыццём.

— Фізічныя нагрузкі вам цяжка даюцца?

— Спачатку было вельмі цяжка, чаго таіць. А цяпер ужо не, нават служба становіцца руцінай. У нас пастаянная ратацыя: нехта на баявых, хтосьці тут. Я яшчэ не ездзіў, адзін з самых позніх. Напэўна, на наступным тыдні паеду.

— Вы служылі ў савецкім войску?

— Так, у Закаўказскай вайсковай акрузе. Базаваліся ў Грузіі. Гэта быў час, калі пачаўся ваенны канфлікт у Карабаху, у саміх баях удзелу не прымалі, але вазілі туды гуманітарку, дапамагалі ўцекачам. Я тады ўжо ўбачыў, што вайна — гэта не рамантыка. Таму і ва Украіну я ехаў не па рамантыку. Адзінае добрае, што ёсць на вайне, — гэта людзі побач.

— Гэта ж і пра батальён Каліноўскага?

— Натуральна. Няма тут выпадковых людзей. А нават калі і з'яўляюцца, то хутка знікаюць. Усе вельмі матываваныя, яны гатовыя ахвяраваць сабой за ідэю, за будучыню Беларусі. Лукашэнка аддаў нашу краіну акупантам. Украінцы не забудуць, што Кіеў абстрэльвалі з Беларусі, яму гэтага не спусцяць. А мы не даруем яму 2020 год, Захаранку і іншых.

«Смерць «Волата» цяжка было перажыць»

— З кімсьці з загінулых беларусаў былі знаёмыя?

— Толькі з «Волатам». Некалькі разоў размаўлялі. Ён мне дапамагаў. Хацеў зрабіць яму падарунак, а ён не ўзяў. Ягоную смерць цяжка было перажыць. Ён вельмі цудоўны чалавек, у яго была моцная энергія, сіла. Ён мог ужо не ваяваць, бо быў цяжка паранены ў 2021 годзе. Такія людзі прывыклі ўсе цяжкасці браць на сябе, у яго вялізная адказнасць за ўсіх была.

— Ці пераможа Украіна ў гэтай вайне?

— Адназначна. Украіна з кожным днём становіцца ўсё мацнейшай, а Расія — слабейшай. Санкцыі таксама падкосяць Расію. Матывацыі ў салдатаў няма ніякай. Гэта бессэнсоўная вайна, ніхто не разумее мэтаў. У Беларусі ніхто, мабыць, не верыць, што «рыхтавалася нападзенне з чатырох бакоў». Мабыць, «старэйшы брат» упадзе першым, але і Лукашэнка не ўседзіць.

Клас
85
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
2