Над белым полем —
Зімовым морам,
У цішыні
І сярод турбот,
Над маім шчасцем
І маім болем
Каторы месяц,
Які ўжо год
Ляціць, трымціць,
Невымоўна ззяе
На чорнай коўдры
Родных нябёс
Мая самотная
І нямая,
Мая адзіная
Зорка-лёс.
Я ёй малюся,
Яе баюся,
Яе спрабую
Не заўважаць.
А прыйдзе час —
Назаўжды спынюся
Пад зорным позіркам
Спачываць.
Пакуль блукаю
Глухою сцежкай,
Дзе звер пакінуў
Свае сляды,
Ужо не страшна,
Ужо не смешна,
Ужо ніякай
Няма бяды
У тым, што сціхлі
Навокал песні
А замест песняў —
Хрумсцяць хрыбты.
У любым краі,
Дзе напрадвесні
У акно астрогу
Мне ззяеш Ты.





