Балельшчык стаіць ля копіі трафея Лігі Еўропы ў Севіллі. Фота: АР

Балельшчык стаіць ля копіі трафея Лігі Еўропы ў Севіллі. Фота: АР

«Рэйнджэрс» можа стаць першым шатландскім клубам, які выйграе Лігу Еўропы

«Джэрс», як называюць гэты клуб, узялі свой першы і адзіны міжнародны трафей якраз 50 гадоў таму, калі перамаглі ў Кубку ўладальнікаў кубкаў УЕФА. Фінал, дарэчы, таксама праходзіў у Іспаніі — у Барселоне.

У тым жа годзе шатландцы здолелі трапіць і ў фінал Суперкубка УЕФА, які, аднак, не прынёс ім узнагароды. Апошні раз «Рэйнджэрс» удзельнічалі ў еўрапейскім фінале ў 2008 годзе, і цяпер ім зноў прадставілася магчымасць узяць трафей еўракубкаў.

Шатландцы лічаць, што ім гэта па сілах. Пасля перамогі над «РБ Лейпцыгам» у захапляльным паўфінале і па суме двух матчаў бос «Джэрс» Джавані ван Бронкхарст падзяліўся, што напярэдадні фіналу лічыць сваю каманду здольнай «паказаць гульню, каб даць найлепшыя шансы на перамогу».

Капітан «Рэйнджэрс» Джэймс Тавернье (ён жа найлепшы бамбардзір леташняй ЛЕ з 7 мячамі) настроены не менш бадзёра: «У фінал выходзяць не проста так, таму мы настроеныя аптымістычна. Мы поўныя ўпэўненасці і збіраемся аддаць гульні абсалютна ўсё, што ў нас ёсць».

Як і іх шатландскія супернікі, «Айнтрахт Франкфурт» даўно не бачыў вялікіх міжнародных трафеяў. Апошняя еўрапейская ўзнагарода ў іх скарбонцы — трафей Лігі Еўропы 1980 года (тады турнір праходзіў пад назвай Кубак УЕФА).

У сезон 2018/2019 немцы амаль здолелі дабрацца да фіналу ЛЕ, але ж іх спыніў «Чэлсі», які і ўзяў трафей у тым годзе. Цяпер жа «Франкфурт» усё-такі ў фінале і мае цудоўны шанец на ўзнагароду. Нямецкі рэпарцёр Джэймс Торагуд ацэньвае настрой каманды так: «Шмат для каго фінал у сераду стане адзінай такой падзеяй у кар'еры, і гэта будзе бітва эмоцый і сілы волі — і выглядае, што менавіта ў такіх сітуацыях «арлы» (мянушка франкфурцкага клуба») выглядаюць найлепшым чынам».

Брытанскі рэпарцёр Алекс О'Хенлі сведчыць, што не ўсё так адназначна: «Рэйнджэрс» ужо «паклапаціліся» пра два клубы Бундэс-лігі з больш высокім рэйтынгам — пра «Барусію» і «РБ Лейпцыг». Гульцы і балельшчыкі цяпер адчуваюць асцярожны аптымізм у дачыненні да таго, што Іспанія можа зноў стаць пляцоўкай для вялікага еўрапейскага поспеху клуба».

Як ішлі да фіналу

«Айнтрахт» не здолеў паказаць добрыя вынікі ў нацыянальным чэмпіянаце, яго канчатковая пазіцыя — 11 месца ў Бундэс-лізе. Усе свае намаганні «арлы» направілі на прасоўванне ў Лізе Еўропы, дзе клуб дайшоў да фіналу непераможаным — і па дарозе да трафея адправіў дахаты, між іншых, «Вест Хэм», «Бэціс» і нават фаварытаў турніру, «Барселону».

Трохі іншая сітуацыя ў «Рэйнджэрс», якія спрабавалі дамагчыся поспеху як у ЛЕ, так і ў нацыянальным чэмпіянаце. У выніку яны аказаліся другімі ў Шатландыі — чэмпіёнам краіны стаў «Сэлцік». Ды і да фіналу еўракубка ішлі не так стабільна, як сапернікі з Франкфурта: мелі праблемы на групавым этапе, дзе здабылі толькі дзве перамогі, адчувалі цяжкасці ў плэй-оф у гульнях з «Црвэнай Звэздай» і «Брагай». Тым не менш, шатландцы, як ужо адзначалася, здолелі па дарозе да фіналу перамагчы два нямецкія клубы — «Лейпцыг» і «Барусію».

Асноўным фаварытам букмекераў з'яўляецца «Айнтрахт», але розніца ў стаўках на абодва клубы не надта вялікая. Хутчэй за ўсё, заб'юць абедзве каманды, але чакаць шмат галоў не прыходзіцца.

Вялікае футбольнае свята — але без талісмана

Севілля рыхтуе для гасцей фіналу ЛЕ сапраўдную футбольную фіесту. Чакаецца, што ў гэты іспанскі горад прыедуць да 100 тысяч фанатаў «Рэйнджэрс» і не менш за 60 тысяч аматараў «Айнтрахта». Ужо цяпер калі і можна знайсці нейкі гатэльны нумар, то цэны за іх перавальваюць за 700 даляраў. Ёсць і больш дзікія гісторыі — напрыклад, пра здачу апартаментаў на дзве ночы па цане больш чым 2200 даляраў.

Білеты на матч знайсці яшчэ цяжэй, і тыя з фанатаў, хто не здолеў купіць квіток своечасова, цяпер стаяць перад выбарам: ці заплаціць за білет да 2000 даляраў. Але тым фанатам «Рэйнджэрс», якія не маюць білетаў, дадуць магчымасць паглядзець гульню на 60-тысячным стадыёне, дзе прайшоў фінал Кубка УЕФА 2003 года.

Іншая праблема для фанатаў — тое, як дабрацца да Севіллі. Загадзя забраніраванае, здаецца, усё: самалёты, цягнікі і нават аўтамабілі, якія маглі б даставіць аматараў на матч. Існавалі яшчэ чартарныя рэйсы, але іх адмянілі пасля таго, як цэны за лічаныя дні ўзляцелі больш чым на 100 тысяч даляраў. Адзін з такіх рэйсаў, які каштаваў 6 мая 155 тысяч даляраў, за тры дні ўзляцеў у цане амаль да 290 тысяч.

Маленькая цікавостка: «Айнтрахт» не здолеў узяць з сабой на фінал свой талісман — арла Ацілу. Птушка пралятае над стадыёнам каманды ў кожнай яе хатняй гульні і суправаджае клуб у кубкавых фіналах, але ж сёння гэтага не здарыцца. Усяму віной іспанскія законы, якія патрабуюць для ўвозу жывёл вытрымліваць 15-дзённы каранцін. 

Ці перашкодзіць адсутнасць талісмана немцам? Пабачым сёння ўвечары.

«Айнтрахт Франкфурт» — «Рэйнджэрс», стадыён «Рамон Санчэс Пісхуан», Севілля, 18 мая 22-00 па беларускім часе.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Леа Месі супраць ЛеБрона, толькі дзве жанчыны на сотню мільянераў, крыкет ды гольф — шлях азалаціцца. Што адкрыў спіс самых заможных спартсменаў свету?

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1