«Два месяцы таму я была сведкай, як гэты масток абрынуўся. І вось увесь гэты час яго рамантуюць. Там пастаўленыя абмежавальнікі, але людзі ўсё адно ходзяць, бо гэта найбліжэйшы шлях з густанаселенага мікрараёна ў парк, дзіцячую паліклініку, на базар.
Я ўразілася, як бабуля гадоў 70-ці па гэтых дошках праз яму пераадольвала гэты мост. Гэта проста экстрым! Квэст!
Мне здаецца, што калі людзі пастаянна пераходзяць у гэтым месцы, маглі б зрабіць часовую пантонную пераправу, — расказала Марына Аляксандраўна. — Проста дзіўлюся, як такімі тэмпамі рабіць гэты масток. Два месяцы! У Кітаі велізарныя масты за гэты час робяць, чым мы горш? А дзе людзям хадзіць? Абыходзіць за кіламетр?».
Журналіст выдання таксама пабываў на мосце і паглядзеў, што там адбываецца. Людзі сапраўды ідуць пастаянна, адзін за адным, хоць знак паказвае, што праход зачынены.
Рабочыя, якія рамантуюць правал, кажуць, што мінакі лаюцца і выказваюць усё абурэнне ім, хоць яны толькі выканаўцы. А ім людская плынь перашкаджае працаваць.
«Не робіш — дрэнна, робіш — таксама дрэнна», — сказаў адзін з рабочых. Па словах рабочых, латаць правал скончаць ужо заўтра, але потым яшчэ будуць фарбаваць.





