GIPL, які павінен стаць альтэрнатывай «Газпраму», злучае сістэмы транспарціроўкі прыроднага газу Польшчы і Літвы і, як вынік, астатніх краін Балтыі, паведамляе «Свабода».
«Гэта гатовы адказ на шантаж Расіі», — падкрэсліў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Ён адзначыў, што газаправод «умацоўвае бяспеку» краіны.
«Мы запускаем сумесную працу, якая не з'яўляецца запозненай — яна своечасовая. Праца, якая не рамантуе, а будуе, злучае Польшчу і Літву, злучае Еўропу і ўмацоўвае нашу бяспеку. Я рады, што гэты інтэрканэктар паслужыць нам і ў значнай ступені забяспечыць дыверсіфікацыю нам і іншым краінам ЕС», — сказаў Анджэй Дуда.
На цырымоніі, акрамя прэзідэнтаў Польшчы і Літвы Анджэя Дуды і Гітанаса Наўседы, прысутнічалі прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс і еўракамісар па энергетыцы Кадры Сімсан.
Дуда падкрэсліў, што адкрыццё газавага інтэрканэктара GIPL зʼяўляецца «бачнай прыкметай выдатных польска-літоўскіх адносін».
Дзякуючы новаму газаваму падключэнню, Польшча атрымлівае доступ да тэрмінала LNG «Independence», які знаходзіцца ў Клайпедзе ў Літве.
Удзельнікамі праекта зʼяўляюцца польскі аператар GAZ-SYSTEM S.A. і AB Amber Grid — аператар сістэмы электраперадачы Літвы.
Падключэнне газатранспартных сістэм было суфінансаванае ЕС у памеры амаль 300 мільёнаў еўра. Цалкам газаправод каштаваў больш за 500 млн еўра. Ён у стане перапампоўваць газ з Літвы ў Польшчу і з Польшчы ў Літву. Максімальная прапускная здольнасць яго складае 2,4 млрд кубаметраў на год. Працягласць трубаправода — 508 км, з іх 165 км пракладзена па Літве і 343 км па Польшчы.





