Людзі наракаюць на тое, што не маюць ніякіх умоў для працы. Яны, маўляў, праводзяць за рулём па 14—16 гадзін без сну і ежы, бензін і запчасткі даражэюць, машыну трэба рамантаваць, а тым, хто ездзіць на арандаванай, яшчэ і аплачваць арэнду. А «Яндэкс» у той жа час зніжае тарыфы, скардзяцца кіроўцы.

Галоўнае патрабаванне таксістаў — павялічыць мінімальны кошт пасадкі (за 3 км) да 2,5 рублёў, кошт за кіламетр шляху па горадзе да 50 капеек, а за горадам да 75 капеек, перагледзець умовы платнага чакання і вярнуць гарантаваны даход у 190 рублёў.

«Калі параўноўваць з Жодзіна, то там гарантаваны даход за дзень цяпер 190 рублёў за 40 замоў, а тут 150 за 45 для брэндаваных і 135 для тых, хто ездзіць без налепак. З гарантыі штодня мы плацім 50 рублёў за арэнду, 40 за запраўку (метан), 24% аддаем парку, а нам застаецца каля 30 рублёў і гэта за 16 гадзін! Акрамя таго, за абслугоўванне машыны мы таксама плацім са сваёй кішэні», — расказваюць абураныя кіроўцы.

Паводле іх, цяпер таксі стала таннейшае за грамадскі транспарт. Шмат выпадкаў, калі людзі выклікаюць таксі, бо на ім ездзіць танней, чым на аўтобусе. 

Кіроўцы прызнаюцца: каб нармальна зарабіць, яны працуюць па 16 гадзін без перапынкаў. Паводле іх, вялікая колькасць аварый з удзелам «Яндэкс-Таксі», абумоўленая стомленасцю ад працяглых змен, на якія яны выходзяць кожны дзень. 

Таксісты жартуюць, што з такімі тарыфамі «Яндэкс-Таксі» перасядзе з аўто на ровары, бо машыну абслугоўваць занадта дорага.

«Перш за ўсё, мы хочам людскага стаўлення да сябе. Мы дапамагаем людзям, нам гэта падабаецца, але праца павінна адпаведна аплачвацца».

Гэта не першая забастоўка кіроўцаў службы «Яндэкс» у Бабруйску, тры гады таму яны таксама баставалі. Як кажуць страйкоўцы, сітуацыя толькі пагаршаецца і пацверджанне таму — колькасць машын, якія стаяць раніцай (у 2 разы больш, чым у 2019 годзе).

Каб прыцягнуць больш увагі да праблемы, якія самі выклікаюць машыны на паркоўку праз мабільную праграму. Большасць з тых, якія прыязджаюць, даведаўшыся пра сапраўдную прычыну выкліку, заставаліся падтрымаць калегаў, а з'язджалі толькі тыя, хто хацеў зарабіць на сітуацыі, якая склалася.

Прэс-служба «Яндэкс Go» наяўнасць праблем адмаўляе. Сцвярджаецца, што ў Бабруйску тарыф аптымізаваны такім чынам, каб, з аднаго боку, часткова кампенсаваць змяненне цэнаў на паліва і абслугоўванне аўтамабіляў, а з другога, кошт паездак заставаўся па-ранейшаму даступны для карыстальнікаў.

Даход жа кіроўцаў у горадзе, па іхніх разліках, за апошні год не толькі не зніжаўся, але і вырас прыкладна на 13%. Кіроўцы Бабруйска зарабляюць, паводле «Яндэкс Go», у сярэднім 12,9 рублёў у гадзіну ў «эканоме» (сума ўжо пасля вылічвання камісіі сэрвісу)».

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
11
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
1