— Так, латышы, вядома, да нас паехалі. Гэта стала вельмі прыкметна ў апошнія тыдні. Яны такія шчаслівыя і здзіўленыя, што іх прапусцілі без візаў, — расказваюць у адной з прадуктовых крамаў аграгарадка Бігосава Віцебскай вобласці. Ён знаходзіцца недалёка ад КПП Грыгароўшчына — Патэрніекі на беларуска-латвійскай мяжы. — Але гэта ўсё нашыя старыя кліенты. Мы іх практычна ўсіх ведаем у твар. Яны да нас і раней ездзілі, — дадаюць у краме.

— А што купляюць?

— Бяруць тушонку, глазураваныя сыркі вельмі любяць. Яшчэ купляюць цыгарэты. У нас яны, вядома, таннейшыя, — расказваюць у краме.

У Ашмянах, па словах мясцовых жыхароў, у апошнія тыдні стала больш машын з літоўскімі нумарамі. Недалёка ад горада знаходзіцца прапускны пункт «Каменны Лог» на мяжы з Літвой.

— Так, сталі людзі з Літвы прыязджаць. На Вялікдзень былі і на гэтых выходных таксама. Купляюць нашу «малочку», запраўляюцца бензінам, — расказваюць у адной з прыватных гандлёвых кропак горада.

— Грэчку і соль разбіраюць?

— Мы не заўважылі павышанага попыту менавіта на гэтыя прадукты.

У адным з прадуктовых магазінаў Воранаўскага раённага спажывецкага таварыства таксама пацвярджаюць: сярод пакупнікоў з'явіліся жыхары суседняй Літвы.

Побач з Воранава знаходзіцца КПП Беняконі — Шальчынінкай. Сюды і раней прыязджалі літоўцы, але потым, з-за закрыцця межаў, жыхары суседняй краіны перасталі наведвацца ў беларускі горад. Зараз жа, па словах прадаўца аднаго з магазінаў, літоўцы сталі заходзіць за пакупкамі.

— Так, сталі прыязджаць. Ёсць трохі літоўцаў. Што купляюць? Ды ўсё што заўгодна. Асаблівых пераваг няма. Добра ідзе ўсё наша — беларускае, — адзначаюць у гандлёвым пункце.

У Гродзенскай вобласці на тры тыдні адмянілі ліміт на вываз прадуктаў у Літву і Польшчу. Як распавялі ў адным з гандлёвых цэнтраў Гродна, літоўцаў у горадзе стала больш. Дакладней, з'явілася больш машын з літоўскімі нумарамі.

— У супермаркетах яны бяруць зефір, крупы розныя, не толькі грэчку, дарэчы, згушчонку. Але цікава, што практычна перасталі браць нашу алкагольную прадукцыю. Раней, калі замежнікі таксама прыязджалі да нас па «бязвізу», то попытам карысталіся нашыя бальзамы, настойкі, гарэлка. Цяпер такога няма. Ну і турыстаў, вядома, у разы менш, чым тады, — расказалі прадаўцы гандлёвага цэнтра.

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
28
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
1