Усе фота — асабісты архіў героя

Усе фота — асабісты архіў героя

Аляксею 29 гадоў, працуе на пазіцыі senior web developer. 15 сакавіка з'ехаў у Тбілісі без зваротнага білета, але нядаўна вярнуўся ў Мінск. 

Мінск — Масква — Уладзікаўказ — Тбілісі 

— Рашэнне аб пераездзе прымалася хутка. Падчас сазвону з кіраўніцтвам было сказана: «Мы вайну не падтрымліваем. У Беларусі заставацца не варта». Праз некалькі дзён калегі сталі з'язджаць: хто ў Польшчу, хто ў Літву.

Грузія была адным з асноўных напрамкаў. Там лягчэй за ўсё аформіць ІП, падаткі меншыя, многія ведаюць рускую мову і можна з ламанай англійскай нармальна сябе адчуваць на фоне, напрыклад, Італіі ці Германіі. Тады, у канцы лютага — пачатку сакавіка, сітуацыя была незразумелая. Думалі, мужчын будуць прызываць у войска. 

У мяне жонка і дзіця садкоўскага ўзросту. Даўно хацелі пажыць за мяжой проста дзеля досведу. А тут якраз здарыўся чароўны пендаль: можна паляцець у Грузію, захаваўшы працу і заробак. Увогуле, пераезд у Тбілісі быў хуткім. Спачатку кампанія абяцала матэрыяльную і юрыдычную дапамогу, але па факце яна аказалася чыста інфармацыйнай. 

Да сярэдзіны сакавіка авіябілеты ў Грузію каштавалі каля тысячы даляраў. Нават з добрым заробкам жаба душыла аддаваць такія грошы, таму абраў наземны шлях. Ад Мінска да Масквы дабіраўся на цягніку, потым ехаў да Уладзікаўказа і ўжо адтуль на машыне ў Тбілісі. Уся дарога заняла больш за два дні і рублёў 600-700. 

Пакой без акна — 500 даляраў 

У Грузіі ніколі не быў, нават не мог уявіць, што мяне чакае. Адзінае, меркаваў: блізкі менталітэт да нашага і недарагое жыццё.

Адразу паўстала пытанне з жытлом. Ехаў адзін, але ўзяў з сабой некаторыя рэчы жонкі і дзіцяці. Ідэя была такая: спачатку прыязджаю я, шукаю жыллё, уладкоўваюся, легалізуюся, і як толькі ўсё зраблю — пераязджае сям'я. Дзіця маленькае, рызыкаваць не хацелася.

Як толькі прыехаў у Тбілісі, засяліўся ў хостэл і ўвесь месяц там пражыў. Абышоўся ён у 600 даляраў. 

Я дзяліў пакой з сябрам-айцішнікам. Нам пашанцавала: мы трапілі ў хостэл, які быў здадзены год таму. Уся тэхніка і мэбля новыя, мы яшчэ самі здымалі біркі. Пакой 4 на 5 метраў, два ложкі, тумбачка, невялікая шафа і агульная кухня. Заначаваць цалкам нармальна, жыць — спрэчнае пытанне. 

 

Жыў у хостэле і шукаў кватэру праз Тэлеграм, Фэйсбук, сайты арэнды жылля. На іх мала інфармацыі, сайты недаробленыя, вельмі бедныя, а кошты і якасць паслуг — несувемерныя. Напрыклад, у пакоі без вокнаў стаіць стары ложак, каштуе ўсё гэта 500 даляраў.

У красавіку стаў заўважаць (і не я адзін): кошты на арэнду сталі змяншацца. Магчыма, з-за зваротнага адтоку айцішнікаў і астатніх людзей. Многія ўсё ж такі не засталіся жыць у Тбілісі.

На працы пераезд ніяк не адбіўся, у першы месяц вайны ў нас у кампаніі 40% з'ехалі ў Грузію і працавалі адтуль. Адзіная праблема: у хостэле не было нармальнага працоўнага месца, працаваць было не вельмі камфортна. Пару гадзін пасядзець за ноўтбукам можна, але калі цэлымі днямі — зацякае ўсё цела, баліць спіна, засяродзіцца немагчыма. Гэта як у інтэрнаце.

Адвалілася тынкоўка — усё роўна. У нас бы хуценька паправілі

Паколькі ў мяне ёсць маленькае дзіця, мой погляд на краіну быў крыху іншым, чым у тых, хто рэлакуецца без сям'і. 

Так, пагуляць у Грузіі цікава, там ёсць горы, лясы, розныя славутасці, бары. Але ў іх менталітэт бліжэйшы да Турцыі, і архітэктура нагадвае турэцкую ці бедных краін СНД. Што маю на ўвазе? Бачыў шмат сучасных пабудоў, напрыклад, добра зроблены 20-павярховы дом пад еўрапейскі стыль. Але на першым паверсе ўжо адвалілася тынкоўка, і ніхто нічога не робіць. У Беларусі б ужо хуценька паправілі, гэта ж непрыгожа, у Грузіі на гэта напляваць. Людзі жывуць як умеюць. 

Напрыклад, стары раён нашпігаваны жыллём 80-х гадоў. Там нешта знеслі і паставілі сучасны шматпавярховік. Літаральна ўпіхнулі яго ў жудасную забудову, а старыя дамы выглядаюць так, быццам там вайна была: усё абшарпанае, не афарбавана, не абтынкавана. Здаецца, вось-вось пачне развальвацца. 

Калі ў Беларусі паставіш на тратуары машыну, хутчэй за ўсё, нехта папросіць прыбраць ці патэлефануе ў ДАІ. У Тбілісі ж машыны ставяць дзе папала, і каб прайсці кудысьці, трэба ўвесь час іх абыходзіць. Калі гуляеш на вуліцы з дзіцем, верагоднасць наезду на пешахода — каласальная.

Бедны выбар у крамах

Я б сказаў, у Грузіі цэны на прадукты вышэйшыя на 10-15%. Калі ў Беларусі дзясятак яек каштуе 2,5-3 рублі, у Тбілісі — 5-6 лары. Гэта пры тым, што курс беларускага рубля і лары амаль адзін да аднаго.

Што да прадуктаў у краме, то выбар бедны. Напрыклад, тварог на паліцах толькі 2-3 відаў, а ў нас на гадзіну можна знікнуць, выбіраючы па тлустасці, вытворцы. 

Каўбас таксама мала і каштуюць дорага. Такое пачуццё, што грузіны іх увогуле не ядуць. 

Неяк зайшоў у досыць вялікі супермаркет, як «Грын сіці» на Каменнай Горцы, дык там у мясным аддзеле стаіць усяго 4-5 тазікаў мяса. Відаць, прадуктаў у іх мала, а я заўсёды лічыў Грузію мясной дзяржавай, можна сказаць, шашлычнай. Затое шмат украінскіх прадуктаў: ​​чыпсы, арэшкі. У Беларусі такога не заўважаў. Дарэчы, у Тбілісі шмат мясцовага піва, па смаку, як беларускае. 

Адкрыць ІП — дзве хвіліны, банкаўскі рахунак — амаль тры тыдні

Банкі проста не чакалі такога наплыву кліентаў і рашэнні мянялі кожны дзень. Спрабаваў адкрыць рахунак у ТБС-банку, заплаціў 50 лары і чакаў два тыдні. Казалі, гэты стандартны час чакання. Прыйшоў, адказалі: жанчына, якая прымала ў мяне дакументы, больш не працуе. 

Забіў і адкрыў рахунак у Сredo, гэта заняло два дні. Напрыклад, мае знаёмыя хадзілі ў розныя аддзяленні аднаго і таго ж банка, і адказы былі рознымі. Дзесьці чулі рускую гаворку і адмаўлялі, дзесьці прасілі дамову найму жылля. 

У выніку адкрыць ІП заняло дзве хвіліны, банкаўскі рахунак — амаль тры тыдні.

Грузія — для падарожжаў, а не сямейнага жыцця 

Чаму вярнуўся дадому? У Тбілісі быў некамфортны ўзровень жыцця пасля Мінска. 

Там няма дзіцячых пляцовак у двары, тратуараў, нармальных пешаходных зон без машын, каб можна было адпусціць дзіця і не баяцца, што будзе ляцець чарговае аўто. Там ездзяць не па правілах, а хто як умее. Мне здаецца, Грузія зручная для вандровак, але не для жыцця сем'яў з дзецьмі.

Перад тым, як вярнуцца ў Беларусь, акуратна спытаўся ў калег, што яны думаюць. Аказалася, думка вярнуцца дадому была ў многіх. Сямейныя айцішнікі ўбачылі: у Тбілісі і Батумі не вельмі камфортна жывецца. Некаторыя пачалі вяртацца.

Але калі ў мяне ёсць ідэя пажыць за мяжой, планую паехаць у Албанію. ІП у Грузіі адкрыў, цяпер можна працаваць свабодна і аддалена, атрымліваючы заробак на грузінскі рахунак.

Праўда, ёсць адчуванне, што нават з Албаніі давядзецца вярнуцца ў Беларусь па фінансавых і іншых пытаннях. 

Беларусы ў эміграцыі і замежнікі не могуць забраніраваць месца ў электроннай чарзе на мяжы. У чым прычына?

Беларусы ставяць рэкорды па куплі нерухомасці ў Польшчы

Беларус запусціў у Варшаве паспяховы бізнэс па зборцы мэблі. У Мінску яго дзіка збілі красаўцы

Клас
17
Панылы сорам
38
Ха-ха
25
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
4