Прапанову ўзмацніць адказнасць за замах на здзяйсненне акта тэрарызму ў эфіры АНТ растлумачылі тым, што некаторыя беларусы адгукаюцца на «заклікі да радыкальных дзеянняў» з боку «экстрэмістаў», «якія заселі ў Варшаве» і «кіеўскіх афіцыйных асоб». Работнікі тэлеканала прыводзяць у прыклад затрыманых у канцы сакавіка траіх жыхароў Бабруйска.
Раней МУС паведамляла, што тры чалавекі з гэтага горада падазраюцца ў датычнасці да знішчэння рэлейных шаф сігнальнай устаноўкі пад Асіповічамі. Тады падчас затрымання сілавікі ўжылі зброю. Адзін з мужчын з атрыманым раненнем трапіў у бальніцу.
Пад Бабруйскам ускрылі дзве рэлейныя шафы, адну з іх падпалілі.
Сябра Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Марына Лянчэўская лічыць прымяненне смяротнага пакарання за спробу тэракта «цалкам апраўданай». «Напэўна, гучыць жорстка, але замах — гэта злачынства, якое здзяйсняецца з прамым намерам. Асоба разумее, якія наступствы могуць быць. А яны могуць быць надзвычайнымі: масавая гібель людзей, вельмі сур'ёзныя наступствы. Таму папераджальная, прэвентыўная мера і прапануецца», — заявіла дэпутат.
27 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прынялі законапраект аб зменах у Крымінальны кодэкс у двух чытаннях. Цяпер дакумент павінны ўхваліць у Савеце рэспублікі, потым яго мусіць падпісаць Аляксандр Лукашэнка. Калі гэта адбудзецца, змены ў Крымінальны кодэкс набудуць моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання паправак.





