Марфа Рабкова на судзе 25 красавіка.
«Я так жудасна стамілася, не было нават сіл гаварыць. Столькі інфармацыі, асоб, рухаў і ўражанняў. Я ад гэтага ўжо адвыкла.
Трохі нязручна ехаць у аўтазаку, таму што кайданкі ззаду і рэжуць рукі, але дзякуй богу, што іх не моцна зацягваюць. І добра, што іх здымаюць у клетцы. Калі ехала ў аўтазаку, то думала пра тое, дзе мы праязджаем мой дом. Горка ад гэтых думак. Але я супакойвала сябе фразай: усё, што нас не забівае, робіць мацнейшымі. І яшчэ я ціхенька спявала «Купалінку», каб не было страшна.
У судзе, калі апынулася і ўбачыла шмат людзей, мне так захацелася дадому. Проста ўзяць і выйсці за дзверы. І ў мяне было пачуццё, быццам і не было гэтых 19 турэмных месяцаў, што ўсё гэта мне прыснілася. Але гэта таксама былі горкія думкі. Трэба перажыць і вытрываць гэты цяжкі перыяд».
Судовы працэс над каардынатаркай валанцёрскай службы «Вясны» Марфай (Марыяй) Рабковай, а таксама валанцёрам «Вясны» Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі распачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 25 красавіка 2022 года. У першы дзень судовы працэс зрабілі закрытым. Рабкову судзяць паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі с заявай у падтрымку Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка.
Марфа Рабкова знаходзіцца ў зняволенні з 17 верасня 2020 года. Падтрымайце яе лістамі салідарнасці.