Нафтаправод Дружба, па якім нафта пастаўляецца ў Германію
Урад ФРГ падтрымлівае планы Еўрасаюза аб увядзенні забароны на імпарт нафты з Расіі. Падчас нядаўніх папярэдніх перамоваў аб увядзенні шостага пакета санкцый супраць Расіі праз вайну ва Украіне Германія ясна выказалася за ўвядзенне эмбарга, паведаміла агенцтва dpa са спасылкай на еўрапейскіх дыпламатаў у Бруселі.
Як адзначае агенцтва, увядзенне Еўрасаюзам нафтавага эмбарга супраць Расіі стала значна больш верагодным. Супраць гэтай меры цяпер выступаюць толькі Венгрыя, Аўстрыя, Славакія, Іспанія, Італія і Грэцыя.
Па словах дыпламатаў, Славакія і Венгрыя супраціўляюцца хуткаму ўвядзенню эмбарга з-за празмернай залежнасці ад паставак расійскай нафты. У той жа час у краінах Паўднёвай Еўропы моцна асцерагаюцца росту цэн на энергію для спажыўцоў пасля адмовы ад расійскага паліва.
На змяненне пазіцыі Германіі паўплывалі нядаўнія поспехі ў пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў паліва. Міністр эканомікі ФРГ Роберт Хабек 26 красавіка паведаміў, што за апошнія восем тыдняў нямецкую залежнасць ад расійскай нафты ўдалося скараціць з 35 працэнтаў (да пачатку вайны ва Украіне) да 12 працэнтаў.
Па звестках dpa, Еўракамісія мае намер ужо ў найбліжэйшыя дні прадставіць праект шостага пакета санкцый супраць Расіі, каб яшчэ больш узмацніць ціск на Крэмль.
У той жа час не выключана, што з-за значнай колькасці праціўнікаў хуткай адмовы ад расійскай нафты эмбарга можа быць уведзенае толькі восенню ці нават зімой.
Чытайце таксама:
Bloomberg: Нафтавае эмбарга Еўрасаюза супраць Расіі можа запрацаваць да канца года
Захад усё яшчэ купляе расійскую нафту. Чаму ён не можа ад яе адмовіцца?





