«Пасля вызвалення ўсіх ці большасці палітвязняў з цяперашніх 1200 вязняў Мінск зможа абсалютна абгрунтавана чакаць ад Бруселя неўключэння Беларусі ў чарговыя пакеты санкцый супраць Расіі», — кажа еўрапейскі дыпламат.

«Калі Лукашэнка хоча пераламаць негатыўную атмасферу ў Бруселі, рашуча настроеным на пашырэнне санкцый супраць Мінска, ён павінен зрабіць відавочны жэст на адрас уласнага грамадства і апазіцыі. Відавочны — гэта калі 100 працэнтаў ці 80 працэнтаў палітвязняў вяртаюцца дахаты. Палітвязняў цяпер амаль 1200, мінімум 1000 павінны выйсці на свабоду», — тлумачыць дыпламат.

«Вызваленне вязняў не прывядзе да аўтаматычнага зняцця санкцый, але прывядзе да непашырэння санкцый», — патлумачыў ён.

«Іншы важны аспект, — працягвае дыпламат, — каб паралельна з Беларусі былі выведзеныя расійскія вайскоўцы. Або, як мінімум, каб з тэрыторыі Беларусі не ажыццяўляліся ўдары па Украіне. Калі палітвязні будуць вызваленыя, і расійскія войскі з Беларусі будуць выведзеныя, і рэпрэсіі ў Беларусі спыняцца, і адсутнасці іншых варожых дзеянняў, з еўрапейскага боку будзе зроблены крок два, еўрапейскія краіны істотна аслабяць санкцыі», — кажа дыпламат. 

«Поўнасцю ж санкцыі з лукашэнкаўцаў будуць знятыя толькі ў выпадку калі Аляксандр Лукашэнка дамовіцца з грамадзянскай супольнасцю краіны пра дэмакратычныя перамены ў краіны, калі гэтую дамову прыме грамадзянская супольнасць», — адзначае дыпламат.

У гэтым ён бачыць адрозненне ад сітуацыі 2014 года, калі такой умовы не было.

«Усё проста, — падсумоўвае дыпламат. — Трэба спыніць удзел у вайне, трэба спыніць пераслед людзей, трэба даць людзям свабоду і пачаць дэмакратычныя перамены ў супрацоўніцтве з апазіцыяй так, каб пры ўсім пры гэтым забяспечыць суверэнітэт краіны. Вось адзіны магчымы алгарытм мірных перамен, якіх чакае грамадства краіны».

А як у Еўропе ставяцца да настойлівых патрабаванняў Мінска і Масквы, каб Беларусь была дапушчаная за стол перамоваў пра гарантыі бяспекі для Украіны і Расіі?

«Каб цябе разглядалі як партнёра па мірных перамовах, трэба валодаць суб’ектнасцю, — кажа дыпламат. — Суб’ектнасць азначае суверэннасць. У гэтым канфлікце Лукашэнка паводзіў сябе так, нібы Беларусь — гэта тэрыторыя Расіі. Другога голасу Расіі (ці паўголасу) нам не трэба».

Чытайце таксама:

«Чакаем больш сур’ёзных крокаў». Крыніцы ў дыпкорпусе пра ліст Макея

Макей у лісце да Еўропы наракае на «нешчаслівую чараду падзей пасля 2020-га» і заклікае да дыялогу

«Беларусь не будзе ўцягнутая ў вайну». Макей заклікаў ЕС да дыялогу з Мінскам

Клас
68
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0