Усе фота: BBC

Усе фота: BBC

Карэспандэнт BBC наведала вёску і ўбачыла ўсё на ўласныя вочы.

Расійскія войскі выйшлі з поўначы Украіны на пачатку красавіка, але мінамётныя і гранатамётныя абстрэлы Сянькоўкі працягваюцца. Да ўварвання там знаходзілася крыху больш за 200 чалавек. Цяпер іх засталося ўсяго некалькі.

Дом Ніны Малянок знаходзіцца ля дарогі, па якой ішлі расійскія войскі, калі пачалося ўварванне ва Украіну — дарогі на Чарнігаў і Кіеў.

У двары Нінінай хаты тырчыць хвост ракеты, выпушчанай раніцай 24 лютага, у дзень пачатку вайны.

«Я чула, як яна прызямлілася ў маім двары. Паўсюль быў агонь і дым. У мяне пагасла святло. Я ўскочыла з ложка і выбегла з дома», — сказала Ніна.

Наступныя некалькі дзён, хаваючыся ў падвале, яна чула, як над галавой лётаюць самалёты, ездзіць цяжкая тэхніка, гучаць выбухі.

8 сакавіка да яе дадому прыйшлі расійскія тэлежурналісты ў суправаджэнні расійскіх салдат.

«Тут усё здымалі, і снарады, і ўсё. Мне сказалі, што Украіна сама на сябе нападае. Потым камусьці ў Расію адправілі нумары з ракеты, і тут жа атрымалі адказ, што гэта іх», — сказала жанчына.

Шмат такіх ракет раскідана па вёсцы. Эксперты, якія бачылі выявы ракет, сказалі ВВС, што яны могуць несці касетныя бомбы, забароненыя ў іншых краінах свету з-за разбурэнняў, якія яны выклікаюць.

Нават пасля вываду расійскіх войскаў Ніна не адчувае сябе ў бяспецы.

«Страшна так жыць, але я прывыкла да свайго дома, куды пайду? Чую абстрэлы. Я магу паказаць расійскі блокпост са свайго двара», — сказала яна.

Яе дом, як і іншыя ў вёсцы, відаць з Расіі. Іх войскі бачаць, у што яны страляюць.

А Лідзія Белавусава другі раз у жыцці бачыць танкі ля свайго парога.

Яна нарадзілася ў 1930 годзе і добра памятае Другую сусветную вайну і нямецкіх салдат, якія прыйшлі ў іх вёску.

«Нашы салдаты, як адступалі, папярэдзілі, што тыя прыйдуць. Таму мы схаваліся. На досвітку яны з коньмі і тэхнікай былі на нашых вуліцах, прасякалі нашы агароды з кулямётаў. Але масавых абстрэлаў не было, як цяпер, ‒ успамінае яна. ‒ ​​Тады я магла ўцячы. Цяпер я старая. Больш не магу».

«У вайне няма нічога добрага, — кажа Лідзія. — Што нам засталося пасля апошняй, Другой сусветнай вайны?»

Абстрэл яе палохае, але яна не хоча пакідаць дом, дзе пражыла большую частку жыцця.

Перад уварваннем Расіі ў Крым у 2014 годзе адкрылі трохбаковы памежны пункт пропуску і правялі фестываль яднання на месцы, дзе сыходзяцца межы краін і дзе дагэтуль стаіць помнік дружбе паміж імі пад назвай «Тры сястры».

«Цудоўны быў фестываль. Мы, расіяне, беларусы святкавалі разам. Прыязджалі адусюль, важныя людзі», — успамінае яна.

Нябожчык Лідзін муж быў беларусам.

«Тры краіны сябравалі гадамі, мы наведвалі адзін аднаго, жаніліся. Цяпер усё скончылася».

Сваякі і сябры па розныя бакі мяжы цяпер раз’яднаныя як ментальна, так і фізічна. Пасля 2014 года перасякаць мяжу людзям з усіх бакоў стала цяжэй. Цяпер гэта немагчыма.

Міхаіл Дудко (крайні справа) — адзін з нямногіх, хто застаўся ў вёсцы 

Міхаіл Дудко (крайні справа) — адзін з нямногіх, хто застаўся ў вёсцы 

Два браты, сястра, пляменнікі Міхаіла Дудко жывуць у Расіі. Шмат гадоў ён з імі не бачыўся. Цяпер ён не можа іх зразумець.

«Мне сястра сказала, што мы пачалі вайну. Але ў нас не было гэтага намеру. Гэта Расія ўварвалася да нас. Я хачу, каб мая сям'я думала самастойна, глядзела на сітуацыю самастойна», — сказаў ён.

Ніна Малянок паведаміла, што перастала кантактаваць са сваім братам, які жыве ў Беларусі.

«Ён кажа, на вас напала Амерыка, а вы вінаваціце Расію. Ён знаходзіцца ўсяго ў пяці кіламетрах ад мяжы, і ён не верыць, што адбываецца насамрэч, — сказала яна. — Вось чаму я хачу выкрасліць яго са свайго жыцця».

 

Клас
8
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
35
Абуральна
6