Міхаіл Краснабаеў працаваў у віцебскім тэатры практычна ўсё жыццё. Ён нарадзіўся ў 1960-м у Шчучынскім раёне, вучыўся ў Мінскім інстытуце культуры (цяпер БДУКМ) і Тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер БДАМ). Пасля заканчэння апошняга Краснабаеў у 1985-м прыйшоў у Коласаўскі тэатр і да 2004 года быў яго акцёрам. Затым перайшоў на пасаду рэжысёра, з 2017 года працаваў мастацкім кіраўніком калектыву.

Сярод яго пастановак — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Леаніды не вернуцца да Зямлі» паводле раманаў Уладзіміра Караткевіча.

У мінулым годзе Міхаіл Краснабаеў падрыхтаваў да 95-годдзя тэатра спектакль «Ціль», пастаўлены па п'есе расійскага драматурга Рыгора Горына. Той напісаў яе на аснове знакамітага рамана бельгійскага пісьменніка Шарля дэ Кастэра «Ціль Уленшпігель» аб барацьбе фламандцаў супраць іспанскага панавання ў XVI стагоддзі, якая завяршылася вызваленнем сучасных Нідэрландаў.

На прэм'ерным паказе прысутнічала кіраўніцтва Віцебскай вобласці, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры: міністр Анатоль Маркевіч і начальнік Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга. Пасля заканчэння паказу чыноўнікі ўручылі акцёрам і супрацоўнікам тэатра ўзнагароды, прамовілі хвалебныя прамовы ў гонар юбілею калектыву. Але сам спектакль ім не спадабаўся. Як распавялі на ўмовах ананімнасці супрацоўнікі ўстановы, асаблівае раздражненне ў гасцей выклікалі выкарыстанне на сцэне чырвоных стужак і выкрыкі са сцэны «Жыве Фландрыя!» (Віцебскі тэатр працуе на беларускай мове).

Адзначым, што ў арыгінальнай п'есе Горына прысутнічала такая фраза.

Что за сладостный край, где всего через край,
Где полно и жратвы, и питья!
Так что, черт побери, знай живи, пей да жри,
И да здравствует Фландрия!

«Да здравствует» на беларускай мове гучыць як «Жыве». Але ў выніку спектакль знялі з рэпертуару.

З 1 снежня 2021 года быў разарваны кантракт з дырэктарам тэатра Аляксандрам Старых.

Таксама са студзеня 2022 года з тэатра былі звольненыя акцёры Юлія Крашэўская і Арцём Герак. Апошні граў адну з вядучых роляў у апальным спектаклі (ён выканаў ролю караля Філіпа). Крашэўская сыграла ў пастаноўцы ролю другога плана. Таму «Ціль», верагодна, стаў толькі падставай для іх звальнення.

Клас
0
Панылы сорам
6
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
10