Раней «Наша Ніва» расказвала пра рэкламу ініцыятывы ў каналах, набліжаных да сілавікоў, якая прапаноўвала пакаяцца па пошце і ехаць дадому.

Цяпер беларусам, якія ўцяклі ад рэпрэсій у іншыя краіны, пачалі прыходзіць асабістыя паведамленні, дзе ім прапануюць бяспечна вярнуцца ў Беларусь. Адпраўнікі сцвярджаюць, што ведаюць, як складана атрымальніку жыць за мяжой. Адзначаюць, што шмат у чым салідарныя з імі, і нават называюць іх людзьмі, якія шчыра любяць сваю краіну. Пасля некалькіх уступных сказаў, «сапраўдныя патрыёты» прапануюць абмеркаваць пытанне бяспечнага вяртання на радзіму.

«Шкада. У вас быў шанец усё выправіць»

Наша чытачка ўцякла з Беларусі ў лістападзе 2020 года. Але падобная прапанова «бяспечна» вярнуцца паступіла ёй толькі ў сярэдзіне сакавіка гэтага года.

Пасля выбараў дзяўчына спачатку сядзела на сутках, пазней на яе завялі крымінальную справу. Аднак такая біяграфія беларускі не перашкодзіла невядомым прапанаваць ёй ехаць дадому.

«Добры дзень,*****! Мы ведаем пра тваю складаную сітуацыю за мяжой і гатовыя дапамагчы бяспечна вярнуцца дадому! Мы шмат у чым салідарныя з табой, але гэта трэба абмяркоўваць! Калі гатовая на дыялог, адкажы на паведамленне», — гаварылася ў першым паведамленні.

Дзяўчына праігнаравала прапанову. Праз чатыры дні ёй зноў прыйшло паведамленне ад таго ж карыстальніка:

«Я так разумею, вам гэта не цікава. Шкада. У вас быў шанец усё выправіць».

Характэрна, што з другога разу суразмоўца вырашыў перайсці на «вы».

Крысціна (імя зменена па просьбе гераіні) сцвярджае, што думак ўступаць у перапіску ў яе не было.

«Не складана здагадацца, што гэта можа быць хтосьці з беларускіх сілавых структур. Верагодней за ўсё, такім чынам яны хочуць знайсці людзей, якія ў абмен на абяцанні вярнуцца будуць збіраць інфармацыю для беларускіх спецслужбаў.

У мяне Viber на польскім нумары, але я не стварыла новы акаунт, а проста змяніла нумар. Адпаведна тыя, хто раней ведаў мой беларускі нумар, атрымаў апавяшчэнне аб яго змене. Думаю, менавіта так яны змаглі выйсці на сувязь», — разважае дзяўчына.

«Да вас звяртаюцца сапраўдныя патрыёты»

Яшчэ адзін наш чытач, які атрымаў паведамленне падобнае па змесце, таксама быў затрыманы ў жніўні 2020 года. Восенню таго ж года малады чалавек з'ехаў у Польшчу. Прапанова паступіла яму 19 красавіка 2022 года. Дзянісу напісалі ў WhatsApp. Аўтар паведамлення быў больш шматслоўны:

«Добры дзень, Дзянісе. Да вас звяртаюцца сапраўдныя патрыёты Рэспублікі Беларусь, якім неабыякавы яе лёс у гэтым неспакойным свеце. Мы ведаем, што вы маеце сур'ёзныя праблемы са здароўем, а вашага заробку ледзь хапае на тое, каб аплаціць камунальныя паслугі. Вы даўно не бачылі сваіх блізкіх, сяброў, знаёмых, свой родны горад — Шчучын.

Мы разумеем, што вам не проста знаходзіцца за межамі нашай краіны. Вы не можаце спакойна глядзець на тое, як нагнятаецца сітуацыя вакол. Калі сусветныя сілы імкнуцца ўсё вырашыць выключна сілавым спосабам. Беларусь у небяспецы, вы ёй патрэбныя, як чалавек, які шчыра яе любіць. Таму, мы гатовыя аказаць вам дапамогу ў бяспечным вяртанні на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Прыйшоў час ад дэмагогіі перайсці да канкрэтных дзеянняў. А вы гатовыя аказаць краіне рэальную дапамогу?» — гаварылася ў паведамленні.

Дзяніс адрэагаваў на прапанову. Але дыялогу не атрымалася. Яго паведамленні засталіся без адказу. На званкі таксама трубку ніхто не зняў.

«Я вырашыў уступіць у перапіску выключна дзеля цікавасці. Хацелася паспрабаваць даведацца, хто гэта. Якія абяцаюць «гарантыі», цікава, хто наогул можа такое гарантаваць. Хацелася ўсё гэта высветліць, а потым выкласці ў інтэрнэт і патроліць гэтых «гарантаў». Але яны не адказалі», — дзеліцца Дзяніс.

WhatsApp у хлопца зарэгістраваны на польскім нумары. Малады чалавек мяркуе, што ягоны польскі нумар сілавікі даведаліся ад ягоных бацькоў.

«У сярэдзіне студзеня да бацькоў прыходзіў нейкі капітан і чалавек у цывільным, іх галоўная мэта была даведацца мой польскі нумар тэлефона. Яны пыталіся ў бацькоў, як і калі я з'ехаў, праз якую турфірму і г.д. Прасілі польскі нумар, каб у іх была магчымасць патэлефанаваць мне. Аднак пасля гэтай размовы яны не званілі. А прапанову «бяспечна» вярнуцца дадому прыслалі толькі зараз», — распавёў Дзяніс.

«Адказала, што з хунтай не супрацоўнічаю»

Наша трэцяя суразмоўца кажа, што атрымала прапанову «бяспечна вярнуцца на радзіму» яшчэ ў пачатку лютага гэтага года. Дзяўчына вяла дыялог, але ад супрацоўніцтва ўсё адно адмовілася.

 «У Беларусі я двойчы адбывала адміністрацыйны арышт. У мяне праходзілі ператрусы, я баялася, што могуць завесці крымінальную справу, таму яшчэ ў канцы лістапада 2020 года вырашыла з'ехаць з Беларусі», — кажа яна.

Алёна (імя зменена па просьбе гераіні) успамінае, што паведамленні дзіўнага характару сталі прыходзіць ёй у Тэлеграм амаль адразу пасля ад'езду ў Польшчу.

«Мне стаў пісаць нейкі малады чалавек, з якім, па яго словах, мы камунікавалі ў адным з чатаў. Гэты «чалавек з чата» яшчэ тады задаваў шмат пытанняў. Цікавіўся, як і за што мяне затрымлівалі, як я ўладкавалася ў Польшчы, ці хачу я вярнуцца і г.д. Яго пытанні яшчэ тады мне здаліся дзіўнымі, чымсьці нагадвалі допыт», — успамінае дзяўчына.

У канцы лютага ёй у Тэлеграме напісаў той жа «чалавек з чата», як ён прадставіўся, але з іншага акаунта.

«Дзеля цікавасці я спытала, у чым сутнасць прапановы. Суразмоўца адказаў, што трэба будзе даваць такую-сякую інфармацыю аб Польшчы, а таксама пра пэўных людзей. У выпадку супрацоўніцтва ён абяцаў забяспечыць бяспечнае вяртанне ў Беларусь і адсутнасць праблем пры перасячэнні мяжы. Для большай пераканаўчасці даслаў відэа, на якім жанчына, якая раней ўцякла з Беларусі, давала інтэрв'ю дзяржаўным журналістам», — успамінае Алена.

Дзяўчына кажа, што сапраўды ведала пра тое, што гераіня сюжэту дзяржаўных СМІ раней была сярод тых, хто ўцёк з Беларусі.

«Негледзячы на гэта, я ім адказала, што з хунтай не супрацоўнічаю. Праз нейкі час «чалавек з чата» прадубляваў сваю прапанову, спытаў, ці не перадумала я. Натуральна я зноў адмовілася, пасля чаго заблакавала ягоны кантакт».

Суразмоўніца кажа, што скрыноў перапіскі ў яе не захавалася, паколькі ў сакавіку яна ездзіла ў Беларусь, а перад гэтым пачысціла свой тэлефон.

«Пасля пачатку вайны я ўжо перастала чаго-небудзь баяцца, таму наважылася з'ездзіць у Беларусь. У мэтах бяспекі я папярэдне выдаліла ўсё са свайго тэлефона, завяла новыя акаунты ў Тэлеграм і Instagram. На мяжы да мяне ніякіх прэтэнзій не было, дома я была больш за 10 дзён, пасля чаго зноў бесперашкодна вярнулася ў Польшчу. Відавочна, што калі б у праваахоўнікаў былі б да мяне прэтэнзіі, то я не змагла б без праблем перасекчы мяжу і вярнуцца назад», — разважае Алена.

ByPol: Яны проста падманваюць людзей

Пра тое, што гэта не адзінкавыя выпадкі, «Нашай Ніве» пацвердзілі ў ByPol. Па словах Аляксандра Азарава, упершыню аб рассылцы паведамленняў з падобнымі прапановамі ім стала вядома ў снежні 2021 года.

Аляксандр Азараў

Аляксандр Азараў

«Некалькі разоў да нас звярталіся людзі з такімі паведамленнямі. Яны пыталіся, што рабіць у такіх выпадках. Мы ж, вядома, рэкамендавалі пасылаць іх з такімі прапановамі куды-небудзь падалей. Зараз нешта падобнае яны рассылаюць байцам батальёна Кастуся Каліноўскага», — адзначыў Азараў.

Былі выпадкі, калі людзі ўступалі ў дыялог з адпраўнікамі падобных паведамленняў, каб даведацца, што ад іх патрабуецца.

«Механізм дзеяння вельмі просты — яны адказваюць, што вы будзеце перадаваць ім інфармацыю пра апазіцыйна настроеных людзей, якія ёсць у вашым асяроддзі, і тады ў вас усё будзе добра. Нейкіх пэўных задач па колькасці інфармацыі перад вамі не ставяць. Проста трэба працаваць агентам і даваць інфармацыю і тады, як яны абяцаюць, інфарматар зможа жыць без праблем».

Аляксандр Азараў лічыць, што гэта не больш, чым падман.

«Калі ў дачыненні да чалавека заведзена крымінальная справа, то ніхто яе закрываць не будзе. Вядзеннем крымінальных спраў займаецца Следчы камітэт, а гэтую гульню вядуць аператыўнікі з КДБ ці ГУБАЗіКА, — выказвае ён меркаванне. — Такім чынам яны проста падманваюць людзей.

Але трэба разумець, што заўсёды дзесьці могуць знайсціся незадаволеныя і зайздросныя людзі, якія, напрыклад, задаюцца пытаннем, чаму ў нейкага палітыка ці актывіста ёсць дарагі аўтамабіль, а ў іх няма. Падумаюць, што трэба нешта расказаць. Але калі чалавек хоць раз перадасць ім інфармацыю, то ён адразу ж трапіць на кручок. З таго боку будуць рабіць скрыны, запісваць размовы і гэтак далей, каб мець кампрамат на свайго агента. Каб той ужо ніколі не змог адмовіцца ад супрацоўніцтва».

Даволі познае з'яўленне такой актыўнасці па вярбоўцы агентаў за мяжой у ByPol тлумачаць тым, што раней сілавікам проста не хапала рук, каб гэтым заняцца.

«Яны былі задзейнічаныя ў падаўленні пратэстаў, потым у вылічэнні ўдзельнікаў па фота і відэа, але гэты рэсурс ужо вычарпаны, усіх, каго маглі, яны ўжо апазналі. А рабіць аператыўную працу, за якую ім плацяць грошы, трэба, таму яны і сталі гэтым займацца. Акрамя таго, нам дакладна вядома, што ў нашых органаў моцна ўпалі паказчыкі раскрывальнасці злачынстваў і яны такім чынам пачынаюць шукаць інфармацыю ад людзей.

Таксама яны хочуць атрымліваць інфармацыю аб дзейнасці ByPol, аб штабе Святланы Ціханоўскай, аб НАУ і Паўле Латушку, аб іншых палітычных лідарах і актывістах. Адпраўляць за мяжу сваіх агентаў з шэрагаў супрацоўнікаў МУС яны не могуць, таму спрабуюць дзейнічаць такім чынам», — распавёў «Нашай Ніве» кіраўнік ByPol.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама: 

Што за ініцыятыва, якая прапануе беларусам замежжа «пакаяцца» па пошце і вярнуцца дамоў?

«Людзі з'язджаюць з разуменнем, што хутка яны не вернуцца». Псіхолаг пра новую хвалю міграцыі з Беларусі

Раней да яго прыязджалі журналісты АНТ, а цяпер — АМАП. Што вядома пра затрыманне 45-гадовага тыктокера

Клас
2
Панылы сорам
10
Ха-ха
28
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
34