Гэта адзін з эпізодаў справы, якую пачалі разглядаць 25 красавіка ў судзе Віцебскага раёна. Лёс абвінавачаных будзе вырашаць суддзя Міхаіл Зубеня.

Суддзя Зубеня

Суддзя Зубеня

За розныя перфомансы судзяць чацвёрых маладых людзей: трох дзяўчат і аднаго хлопца. 

Ірыне Пярцовай і Кацярыне Макарэвіч па 27 гадоў, Юліі Лабуновай — 34, Арцёму Латышаву 29. Усе яны знаходзяцца пад вартай з верасня 2021 года і правялі 7 месяцаў за кратамі ў чаканні суда. 

Злева направа: Кацярына Макарэвіч, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Юлія Лабунова

Злева направа: Кацярына Макарэвіч, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Юлія Лабунова

Што ж такога ўчынілі гэтыя чацвёра?

«Прыхільнікі экстрэмізму выбіралі асабліва цынічную і абразлівую форму выказвання сваіх палітычных перакананняў, праводзілі лакальныя акцыі, а свае так званыя «дасягненні» здымалі на відэа. Ролікі яны публікавалі ў адкрытым доступе ў інтэрнэце для ўсеагульнага прагляду з мэтай прыцягнення ўвагі і фармавання масіву пераймальнікаў», — рапартавалі следчыя.

У перакладзе на чалавечую мову: маладзёнаў затрымалі за аматарскія перформансы на палітычныя тэмы. Свае дзеянні яны абмяркоўвалі ў закрытым віцебскім тэлеграм-чаце, туды выкладвалі і відэаролікі.

У чэрвені 2021 яны знялі відэаролік, у якім разбілі бейсбольнай бітай кінескоп тэлевізара з налепленай фатаграфіяй беларускага дзяржаўнага журналіста. Запісвалі відэа, як паляць асобнікі дзяржаўных газет.

А ў жніўні 2021 года некаторыя з гэтых маладзёнаў зладзілі акцыю на віцебскіх могілках. На адну з магіл яны паставілі партрэт Лукашэнкі і выпілі шампанскага. 

Ужо праз месяц удзельнкаў перформанса затрымалі.

«Ірына раней палітыкай асабліва не цікавілася. Нават у 2015 годзе, калі не памыляюся, увогуле не галасавала на прэзідэнцкіх выбарах. Звычайная дзяўчына: працавала ў дзіцячым садку. Спачатку была нянечкай, пасля выхавальніцай. 

Была замужам, нарадзіла дзіця, але пасля развялася. Дзіця жыло ў асноўным з бабуляй, маці Ірыны. Сама яна жыла асобна», — расказвае пра Пярцову знаёмы.

Малое дзіця ёсць і ў Юліі Лабуновай. Яна пісала з СІЗА:

«Стала маляваць, дакладней, змалёўваць. Шашкі, так, гуляю, нарэшце спадабалася. Кнігі тут — лухта поўная, але чытаю што ёсць, свае нельга… Калі шчыра, на НГ ўсё роўна. Лепш бы гэта ўсё хутчэй скончылася. Цяжка мне ўсведамляць, што дачцэ прыйдзецца расці без маці… Так балюча і страшна. Але трэба трымацца, ведаю».

Вядома, што прынамсі некаторых з гэтай кампаніі першапачаткова затрымлівалі за стварэнне «экстрэмісцкага фармавання» ці ўдзел у ім — маецца на ўвазе тэлеграм-чат. 

«За Ірынай сілавікі прыйшлі проста на працу, у дзіцячы садок, там яе і затрымалі», — кажа сябар Ірыны Пярцовай.

У залежнасці ад ролі кожнага маладзёнаў абвінавачваюць па розных артыкулах і эпізодах. У справе фігуруюць артыкулы аб хуліганстве, учыненым групай асобаў (арт. 339 частка 2 КК), апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці (арт. 341 КК) і «народны» 342 артыкул КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Маладзёнам пагражае да 6 гадоў калоніі. 

Клас
2
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
13
Абуральна
45