«Афармленне ідзе вельмі марудна, спачатку трэба выстаяць у чарзе»

Супрацоўніца фірмы-перавозчыка з Брэсцкай вобласці распавяла, што іх фуры аднымі з першых адправіліся ў транспартна-лагістычны цэнтр (ТЛЦ) у Казловічах на перачэпку грузу ад еўрапейскага перавозчыка. Яна адзначыла, што ад фірмаў з ЕС прыходзіць дастатковая колькасць запытаў на перачэпку. «Палякам трэба неяк даставіць хоць бы тыя грузы, якія ўжо ў працы, таму адпраўнікі, экспедытары тэлефануюць цяпер шмат», — кажа прадстаўніца фірмы-перавозчыка. Суразмоўніца сама займалася гэтай працэдурай, ездзіла кантраляваць працэс на месцы.

— Праца па перачэпцы выглядае так: паводле папярэдняй дамоўленасці, фура з ЕС і беларускі цягач заязджаюць на ТЛЦ, кіроўца з Беларусі падае заяву на перачэпку. Паўпрычэп ад замежнай фуры адлучаюць і далучаюць да беларускага цягача, які вязе яго да месца прызначэння. Тут жа груз праходзіць працэдуру мытнай ачысткі, выдаецца дэкларацыя.

Суразмоўніца выдання кажа, што схема працы па перавалцы грузаў у першыя дні контрсанкцый выклікае нямала пытанняў. Як яна сцвярджае, перад складам часовага захоўвання (СЧЗ) у Казловічах сабраліся чэргі з фур.

— Працэс ідзе вельмі марудна, бо спачатку трэба выстаяць у чарзе на СЧЗ, потым асобныя чэргі на падачу заявы, дакументаў, афармленне дазволу, выдачу рахунку за стаянку, ёсць нават чарга на выезд. У ТЛЦ тлумачаць: «Занадта шмат працы, чакайце».

«Поўны хаос, кожны супрацоўнік прымае рашэнні інтуітыўна»

Прадстаўнік фірмы-перавозчыка з Брэсцкай вобласці распавядае, што як мінімум адзін пункт мытнага афармлення ў ТЛЦ у Казловічах перавялі на кругласутачны рэжым працы, «але гэтага ўсё роўна не хапае», каб справіцца з наплывам грузавікоў. Калі ў першы дзень дзеяння контрсанкцый, калі паток фур быў адносна невялікі, на афармленне адной машыны патрабавалася менш за 24 гадзіны, то ў наступныя дні на гэта сыходзіла да сутак з паловай. Пры гэтым расцэнкі на паслугі СЧЗ падняліся з 16 красавіка: раней заезд на тэрыторыю каштаваў 50 рублёў, цяпер — крыху больш за 150, за кожны дзень прастою — такая ж сума.

— Цяпер у «Белмытсэрвісе» поўны хаос, інфармацыі ад урадавых арганізацый (чыноўнікаў) мала, кожны супрацоўнік і начальнік на сваім месцы прымае рашэнні больш інтуітыўна, бо сітуацыі ў многіх кіроўцаў розныя. Датэлефанавацца ў транспартна-лагістычныя цэнтры для атрымання інфармацыі немагчыма, — расказвае суразмоўца.

Яна кажа, што пры працы ў новых умовах ёсць шмат нюансаў і дробязяў, якія нідзе не абгавораныя ў новых пастановах, даводзіцца «прарывацца, як у цярністым лесе, дзейнічаць сваімі сіламі метадам проб і памылак». Паводле яе звестак, некаторыя моманты мяняюцца літаральна кожную гадзіну, напрыклад, спачатку беларускаму цягачу трэба было стаяць усю чаргу з машын на склад, а пазней абвясцілі, што яго будуць запускаць разам з фурай ЕС.

— Для беларускіх грузаперавозчыкаў усе гэтыя контрсанкцыі ў такім выглядзе, як іх абвясцілі, — поўны калапс. Калі нічога не зменяць, не дададуць і не выправяць, то мытня сама патоне ў колькасці працы.

Чым больш сутак ідзе афармленне — тым больш грошай трэба заплаціць

Беларус Даніла (імя змененае) працуе лагістам у беларускай фірме па перавозцы грузаў. У кампаніі ёсць аўто на беларускіх і польскіх нумарах, таму шукаць пасярэднікаў для перачэпкі ёй не трэба.

— 18 красавіка мы аформілі ў ТЛЦ «Бераставіца» адну перачэпку. Тады яшчэ не было вялікага наплыву машын і на ўсё хапіла сутак, — распавёў Даніла.

Учора яго кампанія афармляла яшчэ дзве перачэпкі на тым жа ТЛЦ, на гэта спатрэбілася ўжо больш за 24 гадзіны. Хлопец кажа, што раней у гэтым працэсе не было цяжкасцяў: афармлялася адна мытная дэкларацыя, у якую ўносіліся звесткі першага і другога перавозчыкаў, машына заязджала ў Беларусь і яны перачапляліся.

— Цяпер жа польскую машыну афармляюць да заезду на ТЛЦ — на яе асобная дэкларацыя — а на другую машыну, беларускую, афармляюць другую дэкларацыю, але ўжо проста на ТЛЦ, — растлумачыў лагіст.

За кожную машыну за суткі трэба заплаціць па 155 рублёў. Чым больш сутак ідзе афармленне, тым больш грошай трэба заплаціць. Па словах Данілы, у ТЛЦ «Бераставіца» з'явілася магчымасць зэканоміць: цяпер там можна рабіць перачэпку ў зоне чакання, без заезду на СЧЗ — гэта каштуе 100 рублёў у суткі за адно аўто.

— На польскі цягач і прычэп вешаюць навігацыйныя пломбы. Дзесяць дзён даюць на тое, каб польскі грузавік выехаў назад з Беларусі, — інфармуе Даніла.

Дзве машыны перавозчыка сёння раніцай перасеклі мяжу ў літоўскім пункце «Прывалка», а адтуль адправіліся на перачэпку ў ТЛЦ «Брузгі».

— З добрага ёсць адно: кіроўцы, якія ехалі з Еўропы, казалі, што чаргі на мяжы няма або яны невялікія, таму пераехаць на беларускі бок ім удалося даволі хутка.

«Белмытсэрвіс»: «Чаргу не адсочваем»

Для перагрузкі і перачэпкі тавараў з фур ЕС адвялі асобныя месцы. Паспрабавалі таксама даведацца, дзе чарга на працэдуру меншая, для гэтага звярнуліся ў кол-цэнтр «Белмытсэрвісу». Аднак у вайбер-чаце адказалі, што арганізацыя «чаргу не адсочвае».

Што тычыцца кошту знаходжання фур у зоне мытнага кантролю (сюды адносіцца і тэрыторыя склада часовага афармлення, і зона чакання), то нам паведамілі, што яна складае 99 рублёў.

— З сённяшняга дня цэны былі перагледжаныя — паведаміла спецыяліст, дадаўшы, што прайс-ліст на паслугі можна запытаць непасрэдна на ТЛЦ.

***

15 красавіка Беларусь увяла забарону на перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў Беларусь аўтамабіляў (і цягачоў), зарэгістраваных у Еўрапейскім Саюзе. Ён пачаў дзейнічаць 16 красавіка. Выключэнне зрабілі для машын, якія ўехалі ў Беларусь раней — яны павінны пакінуць нашу краіну да 23 красавіка.

Да гэтага, з 9 красавіка, ЕС забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у тым ліку транзітныя, для беларускіх і расійскіх кампаній. Абмежаванні былі прынятыя «ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны». Выключэнне зрабілі для перавозкі пошты і грузаў для гуманітарных мэтаў.

Клас
5
Панылы сорам
23
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
0