Бацькам паведамілі, што Сяргей знік без вестак. Карэспандэнт «Настоящего времени» Цімафей Ражанскі пагаварыў з маці марака Тамарай Грудзінінай.

«Мы адправілі СМС з данымі сына, нам у адказ прыйшло: «Ваш сын знік без вестак, спачуваю». Потым нам патэлефанаваў Вакула (Павел Вакула, намеснік камандзіра карабля). Сказаў, што сын наш застаўся на караблі. Я спытала: «Як жа так? Мы ж даверылі вам сына свайго. Як вы так маглі?» Ён кажа: «Вінаваты. Ён не адзін, іх там шмат».

Потым патэлефанаваў камандзір нашага Сярожы. Ён сказаў, што, калі пачалася гэтая ўся… пажар на караблі, ён іх нібы выводзіў, мой Сярожа стаяў у ланцугу, ланцужком ён іх выводзіў. Ланцуг разарваўся, і Сярожа і яшчэ некалькі хлопцаў засталіся там. Ён не змог іх вывесці.

Я кажу: «Як жа так, усе камандзіры выратаваліся, а хлопчыкі тэрміновай службы там засталіся?» — «Ну вось так». «Ці ёсць нейкая надзея, што маглі хлопцы выратавацца?» — «Ну ёсць. 80%». Потым ён сказаў: 99 працэнтаў. Неяк так круціў і круціў. Неяк так яны з намі размаўляюць, ведаеце, быццам «ды што вы нам тут нейкія соплі разводзіце?» — распавядае Тамара Грудзініна.

«А з Мінабароны нам тэлефануюць і кажуць: «Усё ў парадку. Ваш сын жывы, здаровы». Я тэлефаную з першага дня, сёння шосты ці сёмы дзень, я тэлефаную на гарачую лінію ў 10 гадзін па Маскве. Тамака ж увесь час абнаўляюцца спісы. Мне кажуць: «Жывы, здаровы, пры першай жа магчымасці патэлефануе», — працягвае яна.

Сяргей, як і іншыя салдаты тэрміновай службы, з бацькамі якіх ужо паразмаўляла «Настоящее время», таксама не збіраўся падпісваць кантракт.

«Калі я яму апошні раз тэлефанавала 10 красавіка, я яму казала: «Толькі не кантракт!» Ён і сам не хацеў, ён дадому ўжо вельмі хацеў. Ён не падпісваў ніякіх кантрактаў, гэта 100%. А пра вайну нічога не казаў. «Усё добра», — ён заўсёды так нас супакойваў. «Мам, усё добра, усё нармальна, вярнуся дадому». Ці разумела я, што ён са службы патрапіў на вайну?.. Не», — кажа жанчына.

Тамара была ўпэўненая, што Сяргей не будзе прымаць удзел у «спецаперацыі» ва Украіне, і таму не патрабавала вярнуць яго з карабля ў порт: «Вось менавіта, што не спрабавала. Казалі, што «Масква» не ўдзельнічае ў ваенных дзеяннях. Што гэта такі абаронены карабель і яны не ўдзельнічаюць. І ўсюды ж пісалі, што салдаты тэрміновай службы не ўдзельнічаюць у гэтым. Вось і не паспрабавала. Калі б я ведала, то — вядома. Я не ведаю, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Гэта ў любым выпадку дрэнна, вайна. Ну ці спецаперацыя. Тое, што там адбываецца. Я не ведаю, шчыра вам скажу».

Сяргей Грудзінін — шосты член экіпажа крэйсера «Масква», які лічыцца зніклым без вестак і чыю асобу ўдалося пацвердзіць. Паводле звестак «Медуза», 37 членаў экіпажу патанулага судна загінулі, каля 100 атрымалі раненні, колькасць зніклых без вестак невядомая.

13 красавіка на крэйсеры «Масква» адбыўся пажар. Украінскія ўлады паведамілі, што атакавалі карабель ракетамі «Няптун». 14 красавіка Мінабароны РФ заявіла, што крэйсер затануў па прычыне дэтанацыі боепрыпасаў ва ўмовах шторму. Афіцыйна расійскі бок не прызнае страты і сцвярджае, што ўвесь экіпаж выратаваны.

Клас
0
Панылы сорам
14
Ха-ха
12
Ого
0
Сумна
21
Абуральна
1