Усе фоты: асабісты архіў Насты Базар

Усе фоты: асабісты архіў Насты Базар

Жыццё да вайны

«Для мяне заўсёды былі важныя правы жанчын і дзяцей. У асноўным я працавала як арганізатарка мерапрыемстваў і стваральніца прастораў. У 2016 годзе мы адкрылі ў Мінску «Сямейны падворак» — каворкінг для бацькоў з дзецьмі. Фрылансеры і фрылансеркі або, напрыклад, матулі ў дэкрэтным маглі туды прыйсці і папрацаваць, а з іх дзецьмі побач заставалася няня. У 2018 годзе мы закрыліся, але, ведаю, пасля ў Мінску пачалі адкрывацца іншыя такія прасторы.

Я далей арганізоўвала мерапрыемствы, ладзіла дзіцячыя пляцоўкі на розных канферэнцыях і форумах. Некаторыя арганізатары сістэматычна запрашалі нас супрацоўнічаць, бо жанчыны, якія даглядаюць дзецей, часта адмаўляюцца ісці на форумы, бо няма з кім пакінуць малых.

У дадатак мяне хвалявала права жанчын. Я дапамагала нашаму шэлтару «Радзіслава», сховішчу для жанчын з дзецьмі, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, ладзіла для іх святы ці прывозіла рэчы. Далучалася да розных цікавых праектаў, трэнінгаў і лекцый.

Не выходзіла на вуліцы 9-10 жніўня, бо адна адказваю за сваіх дзяцей. Прыняла рашэнне, што буду рабіць тое, што магу, дыстанцыйна, таму, напрыклад, збірала пашпартныя даныя, каб потым шукаць людзей па турмах.

Калі пачаліся маршы і ўзнікла квір-калона, я далучылася да яе і лічу, што вельмі важна, што яна была.

Увосень 2020-га ненадоўга з’ехала з дзецьмі ў Кіеў, каб зрабіць сабе адпачынак. Збіралася вярнуцца ў Мінск 25 кастрычніка, але за тыдзень да таго ў Беларусі пачалі масава браць актывістак. Зразумела, што не магу так рызыкаваць і вяртацца, бо невядома, куды я паеду з мяжы — дахаты ці не.

У выніку пражыла ў Кіеве год і тры месяцы. Заснавала там «Беларускі хаб», прастору для мерапрыемстваў і камунікацыі. Таксама мы праводзілі ў Кіеве трэнінгі для жанчын.

У снежні 2021-га пераехала ў Кракаў, планавала ладзіць тут групу ўзаемападтрымкі для эмігрантак і людзей з вопытам бежанства. Але пачалася вайна, і цяпер усім, каму я дапамагла пераехаць з Беларусі ва Украіну, трэба было дапамагчы пераехаць з Украіны ў Еўропу. Потым дапамагала людзям з адаптацыяй, дакументамі, пошукам жытла, бо валодаю польскай мовай і магу размаўляць з рыэлтарамі, аказвала маральную падтрымку.

Паралельна мы заняліся справай дыскрымінацыі беларусаў і беларусак у Еўропе, бо яе ўзровень надта вырас з пачаткам вайны, калі з боку Беларусі пайшлі войскі і паляцелі ракеты. Цяпер мы напісалі петыцыю, якую будзем прадстаўляць амбудсмену па правах чалавека і дэпутатам, якія прадстаўляюць Польшчу і Літву ў Еўрапарламенце. Сабралі больш за 200 кейсаў».

«Вялікую колькасць жанчын пасля гвалту забіваюць, і гэтаму ёсць пацвярджэнні»

«Пару тыдняў таму з’явіўся запыт ад украінскіх актывістак сабраць наборы Rape kit — іх выкарыстоўваюць для збору ўлік пасля сэксуальнага гвалту. Мне напісалі сяброўкі, што іх каляжанка шукае сто набораў, мы звязаліся — і паняслася.

Каляжанкі з фонда Bysol прапанавалі зрабіць адпаведны збор, і я зразумела, што гэта будзе вельмі лагічна, бо ў іх ужо ўсё наладжана. Фонд пастаўляе дапамогу ва Украіну і ведае, дзе яе закупляць і як правозіць. Яны разумеюць, як збіраць грошы, плюс у Польшчы не так проста набыць патрэбныя кантрацэптывы. Дзякуючы нашым агульным намаганням, збор, які першапачаткова быў на 10 тысяч еўра, набраў за пяць дзён 30 тысяч.

Цяпер мы спрабуем зразумець, што менавіта трэба везці. Мы ў кантакце з жаночымі арганізацыямі ва Украіне, я на сувязі з украінскім Мінздароўя. Чакаем дакладных спісаў, але з Rape kit ёсць пытанне. Як мне сказалі ў Мінздароўя, цяпер толькі судмедэксперт мае права браць улікі аб згвалтаванні, каб гэта магло быць выкарыстана ў судзе. Цяпер каляжанкі гутараць з адвакатамі і адвакаткамі і спрабуюць зрабіць так, каб улікі, сабраныя і самімі жанчынамі, і тымі, хто ім дапамагае, таксама маглі быць улічаныя падчас міжнароднага расследавання.

Таксама маем запыты на медыкаменты, намагаемся гэта ўсё сабраць і перадаць. Акрамя Bysol, нам дапамагае нямецкая арганізацыя беларускай дыяспары Razam. Яны ўжо знайшлі патрэбныя сто набораў і перадалі іх нам. Беларусы і беларускі з усяго свету таксама пачалі адгукацца, дактары і доктаркі ў Італіі гатовыя прымаць ахвяр, тое ж самае нам паведамляюць пра нямецкія шпіталі. Спрабуем наладзіць перавозку жанчын.

Rape kit — гэта набор, які ўтрымлівае розныя ёмістасці і пакецікі, у якіх можна захаваць улікі згвалтавання. Калі ёсць магчымасць выкарыстаць яго пасля гвалту, то збіраюць выдзяленні, магчыма, кроў. Бярэцца ўсё тое, што знаходзіцца пад пазногцямі, хаця адна судмедэкспертка напісала нам, што лепей увогуле зрэзаць пазногці і захаваць іх з тым, што ёсць пад імі. Яшчэ ёсць белы ліст, на які становіцца жанчына, з яе страсаецца ўсё, што ёсць, бо на ёй могуць застацца чужыя валасы ці кавалачкі яшчэ чаго-небудзь.

З дапамогай гэтага набору можна нават сабраць улікі, якія пазней дадуць магчымасць устанавіць ДНК чалавека, які гвалціў. Разумею, што такі набор — зусім не першае, пра што думае жанчына, якую згвалцілі, але пры гэтым ёсць жанчыны, для якіх важна ўсё зафіксаваць, каб потым асудзіць гэтых людзей.

Другая праблема ў тым, што нават калі б жанчыны хацелі выкарыстаць такую дапамогу, далёка не ўсе з іх ведаюць пра ўкраінскія грамадскія арганізацыі, дзе яе можна было б атрымаць. У мяне такое ўражанне, нібыта згвалтаваныя ўкраінскія жанчыны, дзяўчаты і, на жаль, нават дзяўчаткі трапляюць у бальніцы, толькі калі іх туды эвакуююць з той жа Бучы — самі яны не ідуць.

Тэма гвалту, на жаль, вельмі трыгерная, таму на збор адгукнулася шмат людзей. Лічу, што ўся постсавецкая прастора ўзрошчаная на культуры гвалту, у нас нармалізаваны любы гвалт, не толькі хатні. Мы, феміністкі, гаварылі ўвесь час з пачатку рэвалюцыі [2020 года], што быў бы немагчымы такі ўзровень дзяржаўнага гвалту, калі б у нас не было высокага ўзроўню хатняга гвалту.

Дапамога для бежанцаў, сабраная Настай і яе каляжанкамі

Дапамога для бежанцаў, сабраная Настай і яе каляжанкамі

Гвалт можа быць не толькі сэксуальным. Гэта элементарнае біццё дзяцей за дрэнныя адзнакі ці паводзіны, страх быць пакараным. Таму людзі адгукаюцца, бо ім знаёмыя пачуцці, хаця яны і не сутыкаліся з тым, што перажылі ўкраінскія жанчыны».

«Гвалт — такая тэма, дзе не будзе доказаў»

«Многія з гэтых жанчын нават не могуць быць транспартаваныя. Прадстаўніца Мінздароўя Украіны неяк казала мне, што да іх прывезлі шмат падлеткаў, я прапанавала дамовіцца перавезці іх у еўрапейскія клінікі. Яна мне кажа: «Ты не разумееш, яны нетранспартабельныя і іх немагчыма перавезці, пры гэтым яны ж яшчэ і непаўналетнія». Спыталася пра бацькоў — яна адказвае: «Ты не разумееш, іх бацькоў расстралялі». Калі гэта вось так проста табе кажуць, вельмі б’е. Пазней я знайшла пацвярджэнне гэтай гісторыі ў адной украінскай псіхалагіні.

Яшчэ адно пытанне, што гвалт — такая тэма, дзе не будзе доказаў, бо тэма дужа далікатная. Калі я чую пра такія выпадкі, я не задаюся пытаннем, ці ўсё гэта праўда, але задаюся пытаннем, ці магу я дапамагчы.

Напрыклад, у мяне ёсць інфармацыя ад двух розных людзей, што ў Бучы павесілі жанчын, якіх згвалцілі. Нідзе гэтай інфармацыі няма, але гэта не значыць, што гэтага не было, гэта значыць, што тэма настолькі табуяваная, што пра гэта нідзе не пісалі.

У некаторыя ўкраінскія жаночыя арганізацыі дагэтуль не звярталіся згвалтаваныя жанчыны, і гэта даволі распаўсюджаная сітуацыя, бо нават у мірны час па дапамогу звяртаецца толькі 15% згвалтаваных. А што казаць пра ваенны, калі жанчына ў яшчэ больш стрэсавым стане?

Таму я хачу данесці, што [для такіх жанчын] ёсць падтрымка і ёсць бяспека. Вельмі рада, калі жанчыны просяць сустрэць іх на мяжы, правесці, напрыклад, да цягніка, бо гэта пытанне пра бяспеку.

Таксама пытанне ў памежных пераходах. Цяпер там ужо не надта шмат людзей, але ў першыя дні, калі я была на мяжы, бачыла там проста велізарную колькасць уцекачоў і валанцёраў. Не было магчымасці рэгістраваць ні валанцёраў, ні нумары іх машын, і куды тыя валанцёры везлі ўцякачак, я не ведаю. Але пару тыдняў таму, калі я прыязджала на пераход забіраць сваіх родных з Марыупаля, мяне зарэгістравалі ў паліцыі як тую, хто забірае людзей. Лічу, што гэта вельмі правільна.

Дапамога для бежанцаў, сабраная Настай і яе каляжанкамі

Дапамога для бежанцаў, сабраная Настай і яе каляжанкамі

У мяне добрыя стасункі з тымі ўкраінцамі і ўкраінкамі, з якімі я пазнаёмілася яшчэ да вайны ў Кіеве. Але цяжка было асэнсаваць з пачаткам вайны, што НДА-сектар рабіў неверагодны кавалак працы, каб са жніўня 2020 года распавядаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а цяпер проста ніхто нічога не ведае і нават не хоча ведаць пра Беларусь.

Цяпер, калі людзі ва Украіне пра гэта даведваюцца, яны вельмі здзіўляюцца. Яны не могуць зразумець, як садзяць у калонію або даюць хатнюю хімію за каментарый, і пачынаюць пытацца, маўляў, ці праўда, што ў вас нельга выйсці на вуліцу ў бела-чырвона-белых шкарпэтках. Гэта не значыць, што яны павінны былі гэта ведаць.

Але калі актывістка, якая нібыта была на сувязі з беларусамі, але нічога пра нашы пратэсты не пісала, цяпер называе мяне цынічнай с***й проста праз тое, што я беларуска, ну што я магу сказаць… Ёй, безумоўна, баліць, але я не дазволю так з сабой абыходзіцца. Я дапамагаю не для таго, каб мяне любілі, а таму, што я магу дапамагаць, у мяне высокі ўзровень эмпатыі, я актывістка, і я ведаю, як гэта рабіць».

«Зрабіце так, каб не было вайны»

«Ведаю, што гэтыя словы шмат каго раззлуюць, але справа ў тым, што мы жывём у патрыярхаце, а ў патрыярхаце на жанчыну глядзяць як на аб’ект і інкубатар, які павінен нарадзіць. Мужчына кажа, маўляў, я павінен абараніць цябе і дзяцей, бо ты не можаш сама сябе абараніць, і ў большасці выпадкаў гэта праўда. Але ад каго абараніць? Ад іншых мужчын! Дык навошта жанчын уплятаць у гэтую гісторыю? Самі разбірайцеся!

Калі казаць пра палітыку, то я зусім не разумею, што цяпер адбываецца. Не разумею, як у XXI стагоддзі, калі ўсё гэта ўжо было, яно паўтараецца зноў. Але калі мы кажам пра гвалт, мужчыны ідуць на гэта, бо часцей за ўсё гвалт застаецца беспакараным, рэдка знаходзяцца сведкі (ці іх можна забіць), і таму што гэта пра ўладу, пра неабходнасць даказаць, што я — мацнейшы. Здзяйсненне гвалту звязанае з дзіцячымі псіхалагічнымі траўмамі, бо, паўтару, мы ўсе выраслі ў сістэме, калі важнейшы той, хто мацнейшы.

Усе людзі, з якімі я цяпер кантактую, вельмі напружаныя і замораныя. З некаторымі каляжанкамі ў нас дужа нацягнутая камунікацыя, але большасць людзей разумеюць, што мы робім адну справу. Мабыць, першы момант, ад якога мне самой стала дрэнна, гэта калі мне расказвалі пра тое, як у Белую Царкву прывезлі згвалтаваных дзяўчат. Ім было па 12-14 гадоў, чула і пра 6 гадоў. А потым расказалі пра тое, якіх дзяўчат прывезлі з Бучы. Іх было 30, узрост ад 14 да 20 гадоў, большасць з выбітымі зубамі, моцна згвалтаваныя, нетранспартабельныя, 9 з іх — цяжарныя.

Адна ўкраінская блогерка добра сказала, як сябе захаваць, калі ты дапамагаеш. Вельмі важна ставіць мэту і бачыць, што ты хочаш зрабіць, а не пагружацца ў эмоцыі. Гэта ўсё вельмі балюча, і інакш быць не можа, бо калі ты выключыш эмоцыі страху і болю, ёсць верагоднасць, што выключацца і нейкія пазітыўныя эмоцыі. Таму стараюся ўсё гэта з сябе даставаць, даваць сабе магчымасць і паплакаць, і пакрычаць. Цяпер проста страшэнна лаюся матам і разумею, што гэта легальны спосаб скінуць злосць, бо яе вельмі шмат, таму што ёсць вельмі шмат неразумення таго, што побач з вайной заўсёды будзе сэксуальны гвалт.

Калі мяне пытаюць, што зрабіць, каб гэтага не было, кажу — зрабіце так, каб не было вайны.

Але потым згадваю, што сэксуальны гвалт быў і да вайны, і вялікая колькасць жанчын праз гэта цярпела. Часам чую, маўляў, зараз разбяромся з вайной, а потым пагаворым [пра гвалт], але такія рэчы мяне трохі падбіваюць. Калі вы кажаце пра свабоду, але не ўлічваеце ўсе групы людзей, то гэта не свабода, гэта проста ўлада для вялікай колькасці людзей. Не будзе дэмакратыі без гендарнай роўнасці.

У гэтай працы ёсць і пазітыўнае: калі людзі трошкі выдыхаюць ад таго, што ў іх ёсць падтрымка, калі атрымліваецца некаму дапамагчы зняць кватэру, калі людзі нам дапамагаюць і праз гэта атрымліваецца дапамагчы іншым.

Як сказаў мой тата, абсалютнай цемры не існуе, цемра — гэта тое, дзе няма святла. Але абсалютнае святло існуе, і я проста стараюся трымаць гэта ў сабе, каб тое святло, што ёсць і ў мяне, і ў людзей, працягвала свяціць.

Нават калі гэта маленечкі аганёк, які можа не патухнуць толькі праз тое, што ты пагаворыш з чалавекам».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце яшчэ:

«Наш лагатып — вожык, які нясе дохлага чырвонага пацука». Як беларуска ў Кіеве робіць супрацьтанкавыя вожыкі і бронекамізэлькі 

«Ва Украіне людзі амаль не ў курсе нашай барацьбы». Беларуска, якая жыве ў Адэсе, пра горад, падпольны алкаголь і дыверсантаў

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
2