Пасла сёння выклікалі ў беларускае МЗС, каб уручыць ноту пратэсту аб «парушэнні мяжы беспілотнікам, запушчаным з украінскай тэрыторыі, якое нібыта мела месца».

«Не паспеў я выйсці з ліфта ў МЗС Беларусі, як на мяне наляцела беларуская карэспандэнтка дзяржканала БТ 1 (Ксенія Лебедзева) і стала настойліва пытацца, «ці не шпіянаж гэта».

Тое, што яна з'явілася ў МЗС і загадзя ведала пытанні, пра якія мы гаварылі з беларускімі калегамі, само па сабе ўжо незвычайна і не робіць гонару дыпламатычнаму ведамству. Таму лічу гэта загадзя спланаванай правакацыяй.

Тым больш, што ў гэты час у Мінабароны гэтак жа быў выкліканы памочнік ваеннага аташэ і яго таксама чакаў карэспандэнт з гэтага тэлеканала канала і з тым жа пытаннем. І тут пытанне — навошта? Цяпер да сутнасці пытання.

Якія б «карты» сёння ні паказвалі беларускія тэлеканалы, відавочна адно — у той дзень (а прайшло ўжо больш за тыдзень з «інцыдэнту») у гэтым раёне Узброеныя сілы Украіны не выкарыстоўвалі беспілотнікаў. Тым больш, наколькі вядома, гаворка ідзе пра беспілотнікі «Арлан», якія ёсць толькі на ўзбраенні Расіі і Беларусі.

Акрамя гэтага, ёсць спецыяльныя механізмы для ўрэгулявання такіх інцыдэнтаў, прадугледжаныя двухбаковым пагадненнем аб дзейнасці пагранічных упаўнаважаных, у якіх дакладна прапісаны парадак дзеянняў у такіх выпадках, у прыватнасці, адпаведных кантактаў на ўзроўні нашых пагранічных ведамстваў. Навошта трэба было ігнараваць гэтае пагадненне, выклікаць пасла і выносіць усё гэта на публіку?

І тут я думаю, ці не звязана гэта з тым, што амаль што ў гэты час адбылася сустрэча новага пасла РФ у Беларусі Барыса Грызлова з Аляксандрам Лукашэнкам. Ну так для, фону. Трэба ж чымсьці апраўдаць «пагрозу з поўдня», а яшчэ і дапамогі папрасіць нейкай.

Толькі навошта гуляць так груба, па-салдафонску. Бо да пытанняў бяспекі на мяжы гэта ніякага дачынення не мае. Вось прысутнасць расійскіх войскаў на беларуска-ўкраінскай мяжы — гэта сапраўды пагроза для бяспекі, перш за ўсё Украіны, якая ўжо не першы год адбівае расійскую вайсковую агрэсію на Данбасе. Так я і сказаў калегам у МЗС Беларусі. Ну а пра «фантазіі» беларускіх карэспандэнтаў мы сёння пачуем у выпусках навін тэлеканалаў. Як жа без «інфармацыйнага прыкрыцця», — напісаў Ігар Кізім у Фэйсбуку.

Чытайце таксама:

Пасол Украіны быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Беларусі

«Чарговая правакацыя ўладаў Беларусі». МЗС Украіны адказала на прэтэнзіі беларускага боку

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0