Авіякампанія сцвярджае, што ў егіпецкай паветранай прасторы спрацавала супрацьпажарная сігналізацыя і экіпаж прыняў рашэнне папрасіць пасадкі. Пасажыры ж падкрэсліваюць, што палёт праходзіў у штатным рэжыме і надзвычайных сітуацый у яго ходзе не было.
У Егіпце відавочна ведалі, што на борце знаходзіўся Салам:
яшчэ да вылету з Хартума яго дапыталі суданскія спецслужбы, а егіпцяне пасля пасадкі самалёта мэтанакіравана заняліся грамадзянамі Егіпта, якія знаходзіліся ў самалёце.
І калі за астатнімі пасажырамі неўзабаве прыбыў новы самалёт і яны адправіліся ў Стамбул, то Салама егіпцяне адвялі і каментароў з нагоды яго лёсу не даюць.
Справа Салама вонкава вельмі нагадвае справу Рамана Пратасевіча, але ёсць нюансы. Аналітык Аляксандр Фрыдман, які пільна сочыць за сітуацыяй, з гэтай нагоды піша ў сваім тэлеграм-канале:
«Хасам Салам ці не ведаў пра справу Пратасевіча, ці не прыняў яе ўсур'ёз. Палёт над тэрыторыяй Егіпта будзе мець для яго фатальныя наступствы: партал EgyptWatch сцвярджае, што вайсковы трыбунал завочна прысудзіў Салама ў сакавіку 2020 года да пажыццёвага зняволення.
Егіпецкія праваабаронцы дзівяцца, чаму такая нязначная цікавасць сусветнай грамадскасці да падзей у Луксоры: яна сапраўды не ідзе ні ў якое параўнанне з ажыятажам вакол гісторыі з рэйсам Ryanair у Менску.
Прычыны крыюцца як у дзяржаве, якая ажыццявіла гэтую спецаперацыю, так і ў асобе Хасама Салама, а таксама і ў авіякампаніі, і ў паводзінах Турцыі.
1) Прымусовая пасадка самалёта ў Афрыцы, ды яшчэ з боку рэжыму з кепскай рэпутацыяй, не з'яўляецца для еўрапейцаў і амерыканцаў сенсацыяй.
Іншая справа — прымусовая пасадка самалёта з еўрапейскімі грамадзянамі ў цэнтры Еўропы;
2) Хасам Салам — радыкальны ісламіст, якога ў Егіпце абвінавачваюць у тэрарыстычнай дзейнасці, а рух Хасм, адным з лідэраў якога з'яўляецца егіпцянін, ЗША лічаць тэрарыстычнай арганізацыяй.
Раман Пратасевіч - зусім іншая фігура;
3) Badr Airlines — маленькая прыватная авіякампанія.
Ryanair — адна з самых вядомых авіякампаній планеты;
4) самалёт з Пратасевічам накіроўваўся ў Вільню і менавіта Літва падняла скандал вакол прымусовай пасадкі самалёта ў Менску. Суданскі самалёт ляцеў у Стамбул, але
Турцыя (па незразумелых пакуль прычынах) не праяўляе цікавасці да справы Салама».





