Святаслаў Барановіч. Скрыншот з відэа ютуб-канала Zames
«Раней я займаўся боксам, кандыдат у майстры спорту, нават меў прапанову ехаць у Амерыку, быў гатовы кантракт ад амерыканскай прамоўтарскай кампаніі для мяне. Але тая пасадка ў 2017 годзе ўсё сапсавала, — расказаў Святаслаў «Нашай Ніве». — У гэтыя баі я трапіў праз сябра. Ён прапаноўваў, я доўгі час адмаўляўся — кулачныя баі мне не вельмі цікавыя. Але ён настойваў: давай, давай, больш шанцаў не будзе. Ну, кажу ладна, пайшлі паглядзім».
«Гэта хутчэй як хобі, я гэтым не зарабляю»
Першы бой Барановіч правёў супраць майстра спорту Анатолія Мартыненкі. І пацярпеў паразу ў ім.
«З Мартыненкам нармальны бой атрымаўся, добры. Ён майстар спорту міжнароднага класа, выступаў на Чэмпіянаце Еўропы. Мяне паставілі з ім біцца, але ў тым баі я фактычна аддаў яму перамогу. Мог бы дабіваць, але пашкадаваў. За 100 даляраў выбіваць сабе рукі, і яго пашкадаваў — навошта чалавека траўмаваць? Таму я спыніў бой, спаслаўся на стомленасць.
Пасля ўдзельнічаў яшчэ ў адным турніры — таксама прайграў, мне заламалі нос. Супернік быў слабейшы. Калі шчыра, проста часам не разлічваеш, думаеш: «Ай, выйду на расслабоне, ушатаю». А атрымліваеш сюрпрыз.
Доктар прапаноўваў пасля зрабіць аперацыю на нос, а то, кажа, «горбік будзе». Але мне тое паралельна — ва ўсіх баксёраў «горбік», тут нічога страшнага няма.
Гэта хутчэй як хобі, я гэтым не зарабляю. Там за перамогу плацяць 200 даляраў, за паразу — 100. Так што пару разоў выступіў, а там будзе бачна. Калі па боксу будуць прапановы — я з радасцю, а кулачныя баі — толькі за добрыя грошы. Бо калі траўма будзе, то элементарная аперацыя і аднаўленне пацягне дорага.
Але я працягваю займацца спортам, вось зараз іду якраз на трэніроўку. Фізпадрыхтоўка ў мяне выдатная».
«Было сорамна, што няма за што сядзець»
Акрамя трэніровак, Барановіч працягвае хадзіць на звычайную штодзённую працу.
«Працую на будоўлі. Таму таксама не хочацца «ўхандохаць» рукі ў баях — калі не выйду на працу, то не будзе чаго есці банальна, — кажа Святаслаў. — Таму трэба берагчы сябе і ведаць, за што б’ешся. Каб за баі прапаноўвалі адэкватныя грошы, то можа я б і заняўся канкрэтна гэтым. Тады не настолькі хоць шкада было б здароўя».
Пасля выхаду з калоніі Святаслаў жыве ў Мінску. Кажа, гады пад вартай прайшлі няпроста, але шкадаванняў у яго няма.
«Я сядзеў у штрафных ізалятарах пастаянна, без пасылак, без званкоў, без тэлеграм. Мяне мучылі яшчэ да суда 8 месяцаў, хацелі, каб віну прызнаў. Пераціскалі рукі кайданкамі, напрыклад. Адвакат таксама такі ж быў. Раіў: «Ну прызнайце віну, інакш яны не супакояцца!» Я пытаўся: «У чым вінаваты?»
Барановіч на судзе ў 2018 годзе. Фота Сяргея Гудзіліна
Пасля ў калоніі адміністрацыя хацела таксама, каб я прызнаў віну. Увесь тэрмін, лічы, трымалі па ШІЗА, я выходзіў нават з адзіночкі на волю. Лістоў амаль не атрымліваў і сам не пісаў — акуляры ў мяне забралі. Нават майткі забіралі, бо ў бетоннай камеры я іх падкладваў пад галаву. Там жа холадна: удзень спіш, уначы рухаешся.
Але я не шкадую, што тады ўвязаўся ў бойку. Адзінае, што было сорамна, што няма за што сядзець».





