Заснавальніцу медыяарганізацыі Press Club Belarus Юлію Слуцкую затрымалі ў аэрапорце па прылёце ў Мінск.
Вядома, што ператрусы праводзяцца ў кватэрах у менеджараў Алы Шарко і Сяргея Альшэўскага.
Таксама сілавікі прыйшлі ў офіс арганізацыі.
Каля кватэры праграмнай дырэктаркі «Прэс-клуба» Алы Шарко, дзе адбываецца ператрус, затрымалі намесніка галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко, рэпарцэрку «Анлайнера» Таццяну Ашуркевіч і журналіста Антона Мардзіловіча. Пазней іх адпусцілі.
Адвакат Сяргей Зікрацкі адзіны, хто застаецца ля кватэры Алы Шарко.
Пасля таго, як затрымалі журналістаў, з кватэры вывелі праграмную дырэктарку «Прэс-клуба» Алу Шарко. Яе вязуць у Дэпартамент фінансавых расследаванняў на Кальварыйскую.
Прэс-Клуб — медыяарганізацыя, якая ладзіла трэнінгі, майстар-класы, праводзіла маніторынгі працы СМІ.
Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня Прэс-Клуба. У журналістыцы з 1994 года. Скончыла філасофскі факультэт БДУ, да таго, як прыйшла у медыясферу, працавала сацыёлагам. У 1995-2006 — галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды ў Беларусі». У 2007-2010 — галоўны рэдактар «Еўрапейскага радыё для Беларусі», з 2011 г. — заснавальніца і дырэктар інфармацыйнага офіса «Беларусь у фокусе».





